Віктар ІВІЦКІ
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 1 лістапада 2026 года ў 19:20

Ілюстрацыя: “Позірк”
26 кастрычніка стала вядома пра адкрыты ліст еўрапейскім палітыкам, які падрыхтавала група былых беларускіх палітвязняў. Публікацыя паслання выклікала гарачыя і спрэчкі — найперш сярод саміх былых вязняў рэжыму.
Пакуль адны далучаліся да падпісантаў, іншыя крытыкавалі ліст, не саромеючыся жорсткіх фармулёвак у дачыненні як зместу, так і працэсу падрыхтоўкі.
Калі стала вядома пра падрыхтоўку ліста
23 кастрычніка Уладзімір Жыгар, публічны прадстаўнік арганізацыі BelPol, куды ўваходзяць былыя супрацоўнікі беларускіх сілавых структур, паведаміў, што “найбліжэйшым часам невялікая групка з ліку тых, хто хоча паразмаўляць з рэжымам, выступіць з адкрытым лістом, у якім звернецца да Еўрапейскага саюза з заклікам больш актыўна падключыцца да “гуманітарнага“ трэка ЗША“.
“На тое, што гандаль называецца “гуманітарным трэкам”, вы ўвагі не звяртайце. Скрыўленае разуменне рэчаіснасці — адметная рыса лабістаў”, — напісаў Жыгар.
“Галоўнай тэмай, якая хаваецца за “гуманітарным трэкам“ ЗША, будуць, вядома ж, санкцыі. Маўляў, санкцыі, як любіць казаць [намеснік міністра замежных спраў] Ігар Сякрэта на розных закрытых сустрэчах, штурхаюць “міралюбівы“ рэжым лукашэнкі ў лапы крыважэрнага Крамля, але пры гэтым настолькі “не працуюць“ і яны настолькі ні на што не ўплываюць, што лукашэнка гатовы вызваляць людзей у абмен на іх зняцце. Агулам пазіцыя зразумелая: людзі ў абмен на паслабленні для рэжыму“, — дадаў прадстаўнік BelPol Жыгар (арфаграфія пры напісанні прозвішча Аляксандра Лукашэнкі захаваная).
На ягоную думку, задача лабістаў — “прадаць лукашэнку Захаду такім, які ён ёсць. Перагарнуць старонку, забыцца на злачынствы, не звяртаць увагі на вайну”.
“І пры гэтым, неяк дзіўна (а насамрэч не) і сінхронна гучыць заява [пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна] Рыбакова, пра тое, што яны разлічваюць, што “ЗША паўплываюць на Еўрасаюз у спрыяльным для Мінска ключы“, — адзначыў Жыгар. Ён звярнуўся да патэнцыйных падпісантаў: “Калі хтосьці калі-небудзь звернецца да вас з падобнай ідэяй, ўспомніце “Хроснага бацьку”. Перафразуючы: “Той, хто прыйдзе да цябе з прапановай арганізаваць сустрэчу з Барзіні — у нашым выпадку з лукашэнкам, — той і здраднік. Памятай пра гэта”.
Каму адрасаваны і пра што ліст
Спасылку на ліст апублікавала 26 кастрычніка былы галоўны рэдактар разгромленага ўладамі партала tut.by Марына Золатава, вызваленая і вывезеная з Беларусі ў рамках дамоўленасцяў паміж Вашынгтонам і Мінскам летась у снежні.
Сам ліст датаваны 20 кастрычніка. Яго адрасаты — “кіраўнікі і прадстаўнікі інстытутаў Еўрапейскага саюза, палітычныя лідары, парламентарыі, дыпламаты і прадстаўнікі органаў улады дзяржаў — членаў ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі”.
У лісце апісваюцца цяжкія ўмовы ўтрымання палітвязняў у месцах пазбаўлення волі, падкрэсліваецца, што рэпрэсіі працягваюцца.
“Заклікаем вас прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці гэтаму канец. Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Ніякая палітычная мэта не варта здароўя і жыцця людзей”, — гаворыцца ў лісце.
Ініцыятары просяць ЕС “стаць актыўным удзельнікам працэсу вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі“.
Паводле якіх крытэраў адбіраліся падпісанты
Патлумачыла Марына Золатава: “Мы першапачаткова сталі рассылаць ліст тым, хто, як мы былі ўпэўненыя, падтрымае нашу прапанову. Гэта лагічна. Не? Навошта я буду адпраўляць ліст Ігару Лосіку або Эдуарду Пальчысу, якія яго не падпішуць, затое раскрытыкуюць публічна, не даўшы яму шанец наогул убачыць святло? Мне вядомая іх пазіцыя, я яе паважаю, але не падзяляю. Але ж я маю права на сваё меркаванне, праўда? Ці я павінна ў кагосьці спытаць дазволу? Думаю, мы як былыя палітвязні маем права выступіць з ініцыятывай, якая тычыцца не былых, а цяперашніх палітвязняў, таму што нас моцна хвалюе іх лёс. І маем права прапанаваць паставіць подпіс пад гэтай ініцыятывай іншым былым палітвязням. Хтосьці пагодзіцца, хтосьці не. <…> Гэта пазіцыя, якая адрозніваецца ад лозунгаў: “Спачатку задушым санкцыямі, а потым усе самі выйдуць“ або “Спачатку пераможам Пуціна, а потым усе выйдуць”. Сёння, з улікам усяго папярэдняга досведу, я разумею, што гэта “спачатку” можа расцягнуцца на вельмі доўгі час, якога ў людзей у турме проста няма. Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што выцягваць людзей з турмы трэба проста зараз”.
Колькі чалавек падпісалася
Першыя 10 подпісаў: Людміла Чэкіна (былы генеральны дырэктар tut.by), Марфа Рабкова (праваабаронца), Анастасія Лойка (праваабаронца), Ірына Слаўнікава (былая журналістка тэлеканала “Белсат”), Марыя Калеснікава (член перадвыбарчых штабоў Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах-2020, музыка), Марына Золатава, Ірына Злобіна (жонка і паплечніца медыяменеджара Андрэя Аляксандрава), Андрэй Аляксандраў, Таццяна Кузіна (эксперт у галіне дзяржкіравання), Міхаіл Лабань (уладальнік ювелірнай майстэрні).
На момант з’яўлення ліста ў публічнай прасторы было 73 подпісы, на вечар 31 кастрычніка — 135.
Матывы падпісання
Людміла Чэкіна: “Я не“лабіст Лукашэнкі”. Я — лабіст Ані Карніенка. Лабіст Ані Аблаб. Іры Мельхер лабіст. Калі ласка, не паўтарайце неправераныя аргументы, звярніцеся да звестак, што маюцца ў адкрытым доступе. “Арыштоўваюць яшчэ больш”? Пасля пачатку “амерыканскага трэка” ў 2025-2026 гг. колькасць затрыманняў не толькі не павялічылася, наадварот, значна знізілася. Патрабаванне не саджаць новых людзей гучыць на перамовах разам з патрабаваннем вызваліць тых, хто ўжо нямала часу правёў за кратамі. <…> Санкцыі, звязаныя з вайной — табу, “чырвоная лінія“. Пра ўсё астатняе можна размаўляць”.
Марыя Калеснікава: “Чатыры гады таму ў ШІЗА я была ўпэўненая, што паміраю. У той момант я думала толькі пра адно: я больш ніколі не ўбачу сваіх блізкіх. Паверце, сёння ў беларускіх турмах ёсць людзі, якія таксама не ведаюць, ці ўбачаць яны калі-небудзь тых, каго любяць. Я выйшла на волю. Яны — не. Менавіта таму я падпісала гэты ліст. Я нават уявіць сабе не магла, што пасля вызвалення нам давядзецца абараняць сваё права змагацца за свабоду іншых. Часам складваецца ўражанне, што не ўсе радыя таму, што мы выйшлі і зноў можам гаварыць сваім голасам. Спадзяюся, памыляюся. Можна спрачацца аб дыпламатыі, санкцыях, метадах і рашэннях. Але як можна выступаць супраць вызвалення людзей?“.
Марфа Рабкова:”Ключ да разумення ліста. <…> Я была суаўтаркай тэксту дадзенага ліста, першапачаткова пры яго напісанні пераследвалася тое, каб яго магло падпісаць шырокае кола палітвязняў, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. <…> Мы не абясцэньваем гэтым лістом усю праведзеную працу, што робіцца зараз, па вызваленні беларускіх палітвязняў, мы ўносім у гэта свой уклад, яшчэ раз узняўшы на дыпламатычным (і не толькі) узроўні важную для нас тэму. <…> Матывацыяй для гэтага ліста было адназначна нам вядомае жаданне большасці жанчын у калоніі як мага хутчэй апынуцца на свабодзе. Мы ўжо рабілі ў траўні шэраг відэаролікаў для прыцягнення ўвагі да пытання вызвалення жанчын, зараз мы вырашылі ісці далей і пашырыць парадак дня на ўсіх палітвязняў. Тэкст адназначны, не чытайце паміж радкоў і не вылучайце з яго асобна тое, што пералічана праз коску“.
Матывы тых, хто далучыўся
Юлія Чарняўская (удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера): “Мне не прапаноўвалі падпісаць ліст. Я знайшла тэкст у Інтэрнэце і падпісала, абдзеленай з гэтай нагоды сябе не адчуваю, як казала мая бабуля, “карона з мяне не звалілася“. <…> Глядзіце, першапачаткова ліст прапаноўвалі падпісаць знаёмым людзям. Хтосьці пагаджаўся, хтосьці не. Тым не менш знайшоўся чалавек (ці людзі), якія адразу ж пабеглі з гэтым лістом, напрыклад, да таго ж Жыгара. Ён, не чытаючы лісты, загадзя затаўраваў тых, хто яго напісаў, як “лабістаў“ Лукашэнкі і абсыпаў іх самымі недвухсэнсоўнымі і непахвальнымі эпітэтамі. <…> Хто не прачытаў, пачалі асуджаць і ганіць. Гэта магло моцна пашкодзіць справе. Я не пыталася аўтараў ліста, ці адыгрывала ролю асцярога зліваў і таго, што ініцыятыва будзе загубленая на корані з самага пачатку. Але думаю, што такая асцярога была і, як высветлілася, цалкам правамерная <…> Так, ёсць нязломныя змагары. Іх мала і заўсёды будзе мала. Адзінкі. Мой герой нумар адзін — Статкевіч. Але гэта быў яго выбар. Вырашаць за ўсіх нават героі не маюць права. Патрабаваць гвалтоўнага гераізму — гэта таталітарнае ў нас”.
Максім Знак: “Пэўныя каментатары кажуць, што аўтары ліста заклікаюць спачатку зняць санкцыі, а потым дачакацца нейкай літасці ад рэжыму. Дастаткова пачытаць тэкст, каб пабачыць, што нічога такога няма і блізка. Мне прапанавалі падпісаць гэты ліст яшчэ да яго публікацыі. Я сказаў, што пасыл добры, але акцэнты адрозніваюцца ад тых, якія я як юрыст стаўлю на першае месца. Пры гэтым я адзначыў, што ліст варта публікацыі і што я падтрымліваю агульную думку. Тады я палічыў, што некарэктна “працаваць над фармуліроўкамі“, бо гэта асабісты боль і асабісты тэкст найперш тых, хто яго складаў. Але зараз, калі ліст і яго апісанне абмяркоўваецца публічна і вельмі актыўна, каб не было сумневаў у маёй агульнай пазіцыі, я прашу дадаць маё імя да спісу падпісантаў”.
Аляксандр Фядута: “Калі я чытаю, што некаму не прапанавалі падпісаць той ліст, вымушаны адгукнуцца. І мне не прапаноўвалі. Прачытаў і падпісаў. Не прапаноўвалі мне, бо баяліся, напэўна, што адмоўлюся. <…> Хто і якімі матывамі падштурхоўваўся, ставячы свой подпіс, — ягоная справа. Хто і чаму подпіс не ставіць — ягоная справа. Бульбасрач з гэтага рабіць, на мой погляд, ня трэба. Тры месяцы таму я подпіс бы не паставіў. Пасля апошняга візіту сп. Коўла ў Мінск палічыў мэтазгодным паставіць”.
Адмоўныя водгукі
Мікалай Статкевіч (жыве ў Беларусі) апублікаваў пост пад назвай “Адэпты ідэалогіі асабістага выжывання“: “Група былых палітвязняў звярнулася да вольных краін Еўропы з палымяным заклікам прыняць больш актыўны ўдзел у гандлі беларускімі палітвязнямі ў якасці пакупнікоў. <…> Хоць аўтары звароту ігнаруюць важнасць ідэалогій — гэта значыць ідэалаў, каштоўнасцей або перакананняў, — яны насамрэч прапагандуюць самую старую і масавую ідэалогію — ідэалогію выжывання і прыстасаванні любым коштам. Адэпты такой ідэалогіі складаюць апору любога рэпрэсіўнага рэжыму, бо дзеля ўласнага дабрабыту і самазахавання яны гатовыя на парушэнне любых нормаў чалавечай маралі. Ці проста на пакорлівае ігнараванне такіх парушэнняў. Яшчэ аўтары звароту сцвярджаюць, што “ніякая палітычная мэта не вартая здароўя і жыцця людзей”. Пры гэтым яны, відавочна, маюць на ўвазе палітычныя мэты свабоды людзей і незалежнасці краін. Я ўпэўнены, што менавіта распаўсюджванне гэтай тэзіса з’яўляецца адной з галоўных задач сапраўдных аўтараў звароту, што не здымае адказнасці з астатніх, якія далучыліся з-за “гуманных мэтаў“ і “паважанай“ кампаніі. Абясцэніць пакуты і ахвяры змагароў за свабоду Беларусі, свабоду і незалежнасць Украіны, свабоду ўсіх паняволеных краін свету ва ўсе часы, дыскрэдытаваць гэтыя каштоўнасці, зменшыць колькасць іх прыхільнікаў — вось сапраўдная мэта сапраўдных аўтараў звароту, які абражае мяне асабіста, а таксама вялікая колькасць вельмі годных людзей. Як жывых, так і мёртвых”.
Кім Самусенка: “Добрыя словы, якія, на жаль, можна выкарыстаць з вельмі дрэннымі мэтамі — для адвакатаваньня акупацыйнага рэжыму і яго легалізацыі. Вельмі не спадабаўся маніпулятыўны загаловак, нібыта гэты зварот ад “усіх былых палітвязняў”. Я б ніколі не падпісаў такі ліст і многія іншыя мае знаёмыя былыя палітзьняволеныя таксама. Я заўсёды прама казаў, што супраць зьняцьця санкцыяў у абмен на людзей у тым выглядзе, у якім яны ёсьць цяпер. Санкцыі хутка скончацца, а новыя палітзьняволеныя будуць. Той гандаль, які вядзецца зараз, не прывядзе да спыненьня рэпрэсіяў. Яны могуць спыніцца толькі разам з рэжымам. Далучэньне эўрапейцаў да гэтага працэсу ў якасьці гандляроў прывядзе толькі да паляпшэньня ўмоў для лукі, а не да паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. З чым я згодны на 100%, дык гэта з тым, што было б добра, каб эўрапейскія краіны больш актыўна займаліся санкцыйным пытаньнем. Затрымалі чалавека — новая санкцыя. Увялі новы акупацыйны закон — новая санкцыя. Праляцеў новы дрон — новая санкцыя. Хтосьці з прапагандыстаў публічна выказаўся супраць Эўропы — новая санкцыя. Канфіскацыя маёмасьці, арышт рахункаў каго-небудзь з акупацыйных гаманцоў і г.д. <…> Я на 100% не хачу, каб у кулюарах Эўрапарляменту нехта паказваў гэты ліст і казаў, што беларускія палітвязьні “хочуць дамаўляцца”. <…> На маю думку, гэта абясцэньвае маё зьняволеньне, пакуты іншых людзей і барацьбу ўсёй беларускай нацыі супраць акупантаў“.
Уладзімір Лабковіч: “Ліст не бачыў. Нічога пра зьмест не скажу. Але тое, што невядомыя аўтары не зрабілі яго адкрытым, не прапанавалі ўсім палітвязьням падпісаць, а самі сепарырвалі палітвязьняў на сваіх і чужых — гэта чарговы падзел і маніпуляцыя, што змушае не верыць у выключна гуманітарныя мэты арганізатараў“.
Эдуард Пальчыс (звяртаючыся да Марыны Золатавай): “Ёсць суровая рэальнасць, ёсць мноства нядобрых схаваных навін з Беларусі, працягваюцца пасадкі і ціск. Ліст добры, але ёсць асцярогі, што іншыя людзі (не вы і не астатнія падпісанты), пачнуць яго выкарыстоўваць трошачкі маніпулятыўна ў еўрапейскіх кабінетах“.
Аляксандр Кабанаў: “Хто вырашаў, каму гэты “зварот” даць на подпіс, а каму не? Гэта маніпуляцыя, няхай бы звярнуліся публічна да палітзэкаў, каб далучаліся да подпісу, а не пасля. Гэта — фількіна грамата, якую зараз будуць суваць як ад “усіх палітзэкаў”.
Водгукі “так, але…“
Павел Вінаградаў: “Тэкст адкрытага ліста прыдатны. Нічога заганнага я там не ўбачыў. І я стаўлю долары супраць пончыкаў, што калі б гэты ліст далі загадзя прачытаць і падпісаць усім палітвязням, то: а) Падпісантаў было б больш. б) Не было б усяго таго, што цэнзурна можна назваць “шырокая палеміка“. Але арганізатары гэтага прынялі іншае рашэнне. Maryna Zolatava напісала ў каментах у Maria Kalesnikava, што яны не прапаноўвалі падпісваць гэты ліст тым, хто на іх думку быў бы супраць падпісання. А што, Ales Bialiatski, Павел Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Mikola Dziadok, Eduard Palchys і яшчэ хрэнава гара людзей на думку Золатавай былі б супраць вызвалення палітвязняў? Праўда? Не магу паверыць, што Золатава так думае. Значыць прычына, чаму гэтым людзям ліст не далі ні пачытаць, ні падпісаць, у іншым. Амаль ніхто не называе рэчы сваімі імёнамі. А я, вось, назаву. Мы назіраем барацьбу прыхільнікаў “нармалізацыі” стасункаў з маім пацярпелым грамадзянінам Лукашэнкам А.Р. і прыхільнікаў узмацнення ціску на крывавы рэжым. <…> А ШТО З НАГОДЫ СВАЙГО ВЫЗВАЛЕННЯ ДУМАЮЦЬ САМІ ПАЛІТВЯЗНІ? <…> На чыё меркаванне трэба насраць? На меркаванне самых стойкіх, магутных і прынцыповых, або на меркаванне большасці, якая задолбалось пыхкаць ні за пеніс і проста хоча дадому да родных? Гэта, спадарства, класічная “аксіёма Эскабара” (безальтэрнатыўны выбар з двух дрэнных варыянтаў. — “Позірк“.)“.
Аксана Харлан (Колб): “Пасля пачатку “амерыканскага трэка“ ў 2025-2026 гг. колькасць затрыманняў не толькі не павялічылася, наадварот, значна знізілася” (цытата з апублікаванага вышэй каментара Людмілы Чэкінай. — “Позірк“). А гэта як раз абясцэньванне тых, каго за гэты час адправілі за краты. І нават па афіцыйных дадзеных іх не стала значна менш. Шкада, што паважаныя для мяне людзі, замест таго, каб спачатку прааналізаваць тое, што адбывалася за гэтыя гады і ўнутры і за межамі, трапляюць пад уплыў тых, каму на самай справе няма ніякай справы да лёсаў палітвязняў… І калі сам ліст сапраўды цалкам адэкватны, то вось тое, што ідзе зараз, такое сабе… Шкада“.
Рэакцыя Еўропы
Міністэрства замежных спраў Германіі прыняло да ведама адкрыты ліст, паведаміла “Еўрарадыё”, якое накіравала ў знешнепалітычнае ведамства адпаведны запыт. “Германія асуджае ўсе формы палітычных рэпрэсій, як у Беларусі, так і за яе межамі, і далей асуджае асабліва заганную практыку распаўсюджвання суровых пакаранняў і катаванняў на тых, хто пакутуе ад інваліднасці, якія пагражаюць жыццю захворванняў або іншых сур’ёзных уразлівасцяў“, — гаворыцца ў адказе ведамства. Падкрэсліваецца, што ў МЗС востра ўсведамляюць чалавечую трагедыю, якая хаваецца за простымі лічбамі і статыстычнымі звесткамі.
Кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач заявіў “Радыё Свабода”, што Еўрасаюз павінен актывізаваць дыпламатычныя намаганні для вызвалення беларускіх палітвязняў. Адначасова ён не бачыць падстаў для змякчэння санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Мінска. “Хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць мяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я не бачу з боку Мінска такой далёкасяжнай гатоўнасці“, — сказаў Пшыдач.
Рэакцыя дэмсіл
Іх лідар Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім, хто падпісаў “ліст 73”: “Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх былых палітвязняў: і тых, хто падпісаў ліст, і тых, хто выказвае сумневы. Я і сама б яго падпісала (палітык дэмлідар не была ў зняволенні, яе прымусова выслалі з краіны амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. — “Позірк“.), бо падзяляю ваш боль і выказаныя патрабаванні: вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, каб усе маглі вярнуцца дадому. Яны справядлівыя. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб ваш голас быў пачуты”.
“Жыццё і свабода кожнага <…> — наш агульны прыярытэт. І апошнія шэсць гадоў не было ні дня, калі б мы не казалі пра палітвязняў. І ўвесь гэты час нам удаецца трымаць пытанне палітвязняў на міжнародным парадку дня: і ў Брусэлі, і ў Вашынгтоне, і ў Варшаве, і ў Вільнюсе, — падкрэсліла палітык.
Паводле яе слоў, тое, што пытанне палітвязняў стала галоўным у камунікацыі з Мінскам, што людзі выходзяць на волю, стала вынікам шматгадовых намаганняў і санкцыйнага ціску, а не таго, што “Лукашэнка раптам стаў гуманным”.
Ціханоўская паведаміла, што “літаральна пару месяцаў таму” Мінск наведалі прадстаўнікі Еўрасаюза, якія “ў чарговы раз” узнімалі пытанні палітвязняў. “Рэжым у чарговы раз адмахнуўся, як і падчас дзясяткаў іншых сустрэч на розных узроўнях. Маўляў, палітвязняў няма, яны злачынцы, давайце пагаворым лепш пра бізнэс і іншыя рэчы“, — сказала палітык.
Паводле яе слоў, і Еўрасаюз, і еўрапейскія сталіцы пытанне пра палітвязняў ставяць першым у размовах з беларускімі ўладамі.
Рэакцыя беларускіх уладаў
0.



