Беларускі палітуцякач Леў Міхееў, які 25 верасня быў высланы з Грузіі ў Арменію, праз месяц звярнуўся там па палітычны прытулак.
У інтэрв’ю “Позірку” ён распавёў падрабязнасці падачы хадайніцтва, а таксама першых тыдняў жыцця ў новай краіне.
Заяву абяцаюць разгледзець за тры месяцы
“Пайшоў ў Службу міграцыі і грамадзянства МУС Арменіі ў Ерэване са сваім адвакатам і ў спакойнай, добразычлівай абстаноўцы падаў заяву”, — адзначыў Міхееў.
У службе яму выдалі анкету, дзе ён напісаў пра сябе і прычыны звароту па абарону ў Арменіі.
“Там былі пункты: краіна паходжання і апошняя краіна знаходжання. Я пазначыў прычыны, паводле якіх вымушаны быў пакінуць Беларусь, а потым прычыны, паводле якіх я ўжо не ў Грузіі”, — паведаміў актывіст.
Міхееў адзначыў, што, у адрозненне ад Грузіі, у Арменіі ўсё адбываецца камфортна: ніхто не абшуквае на ўваходзе ў міграцыйную службу, не забіраюць асабістыя рэчы, “няма гэтага турэмнага прапускнога рэжыму” і “нейкай чаргі бясконцай, якую трэба займаць ледзь не з ночы, каб трапіць туды ўнутр”. Ён параўноўвае армянскія парадкі з грузінскімі ў 2021 годзе, калі і ў Тбілісі яму рэальна спрабавалі дапамагчы.
“Дакумент просьбіта прытулку, у адрозненне ад Грузіі, дзейны тры месяцы. Гэта, з аднаго боку, гаворыць пра тое, што яны хутка гатовыя разгледзець прашэнне. Але калі ў тэрмін не ўкладваешся, то гэты дакумент падаўжаецца”, — адзначыў суразмоўца.
Паводле яго слоў, пакуль яму сказалі, што паспрабуюць паспець за тры месяцы: “Гэта можа быць раней, можа быць трошкі пазней, але на маё адчуванне дакладна не пяць гадоў (столькі Міхееў дамагаўся прытулку ў Грузіі. — “Позірк”.)”.
“Спадзяюся, што будзе станоўчае рашэнне. Таму што, па-першае, ёсць пераслед з боку рэжыму, ёсць ясныя прычыны і доказы, не галаслоўныя”, — падкрэсліў Міхееў.
У Арменіі заяўнік мае больш правоў
Пры падачы таксама не забіраюць пашпарт. “Наступны крок — атрыманне ўнутранай карты, якая дае права карыстацца ўсімі выгодамі. Можна папрасіць матэрыяльную дапамогу, якая, дарэчы, нашмат вышэйшая, чым у Грузіі, — каля 55 долараў”, — распавёў актывіст. Пасля чакаецца выклік на інтэрв’ю, на якое ён паедзе з сертыфікаваным перакладчыкам і з адвакатам.
Паводле слоў Міхеева, ён падаўся на прытулак толькі зараз, бо спатрэбіўся час на падрыхтоўку, тым больш “месяц туды-сюды практычна не ўплывае ні на што”.
Пра агульную сітуацыю ў Арменіі ён адгукаецца з цеплынёй: “Абстаноўка мне тут вельмі падабаецца, інакш бы я не стаў рабіць Арменію цэнтрам сваіх жыццёвых інтарэсаў. Я зараз і картку хачу банкаўскую зрабіць. Гэта апошні этап, дарэчы, таму што ў мяне ўжо ёсць сацыяльная карта, натарыяльна завераны пашпарт, натарыяльна завераная дамова арэнды. Тут гэтыя дакументы важныя”.
Грузінскія паліцэйскія маглі абшукаць на вуліцы, у Дэпартаменце міграцыі “поўная дзіч”
Сярод іншых плюсаў Міхееў называе тое, што ў Арменіі “выконваюцца правы чалавека”, а ў Грузіі “зараз ужо паліцэйскіх пабойвацца пачынаеш: могуць з вобшукам падысці”, “а што там Дэпартамент міграцыі творыць — гэта ўвогуле поўная дзіч”.
“А тут правілы гульні зразумелыя, правілы сацыялізацыі, правілы жыцця. Добразычлівасць, жаданне дапамагчы, калі якая праблема. Руская мова тут амаль паўсюдна. І крамы вельмі чыстыя. І велізарны выбар практычна на любы кашалёк і на любы густ”, — дадаў уцякач.
Ён адзначыў таксама еўрапейскі вектар руху краіны, хоць і падтрымка Украіны не так праяўляецца, “але хто такі наш узурпатар лысы і хто такі Пуцін, тут разумеюць і фармулююць коратка і ясна”.
Працадаўца выклікае таксі
Міхееў пахваліў гасціннасць людзей, добрае стаўленне, арганізацыю рынку працы, дзе пры размяшчэнні на сайце вакансіі правяраюцца, спакойную і добразычлівую паліцыю, агульную ахайнасць на вуліцах. Беларус ужо знайшоў працу і асабліва адзначыў, што працадаўца яму выклікае таксі, каб ён не стамляўся.
Сярод мінусаў — горшы грамадскі транспарт, чым у Тбілісі, але аўтобусы плануюць хутка мяняць. Мапы Google не паказваюць транспарт, таму давялося паставіць расійскія “Яндэкс Карты”.
Арменія — бяспечная для беларусаў краіна, за выключэннем затрымання на мяжы
“Наконт прытулку, калі так рэзюмаваць, пакуль усё рухаецца ў нармальным кірунку. І можна падсумаваць вынік, не лічачы майго часовага затрымання на мяжы, што Арменія — бяспечная краіна для вымушанай рэлакацыі беларусаў”, — заявіў Міхееў.
Арменія дае палітычны прытулак беларусам і ў гэтым сэнсе таксама адрозніваецца ад Грузіі. “Там яны да апошняга сцвярджалі, што мяне не пераследуюць у Беларусі, што я магу спакойна вярнуцца. Як спакойна? Я ў вышуку. Я ім гэта паказваў, даказваў. Яны проста на чорнае кажуць белае”, — прыгадаў Міхееў свае размовы з грузінскімі чыноўнікамі.
Ён не выключае, што нехта яшчэ з беларусаў трапіць з Грузіі ў Арменіі тым жа шляхам. “Палохацца не варта”, — перакананы ён.
Грузія, дзе можна знаходзіцца без візы 365 дзён запар, стала адной з краін, куды пасля 2020 года эмігруюць беларусы, якія пераследуюцца альбо асцерагаюцца рэпрэсій на радзіме. У той жа час улады (кіроўная з 2012 года партыя прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі) не задаволіла ніводнага іх хадайніцтва аб наданні прытулку. Міхееў беспаспяхова дамагаўся яго пяць гадоў. Канчаткова, як вынікае з паведамлення МУС Грузіі, яму было адмоўлена сёлета 29 чэрвеня. Але беларус пра гэта не ведаў і быў затрыманы і пасля высланы ў Арменію пад час візіту ў Дэпартамент міграцыі Грузіі.
У Арменіі актывіста таксама затрымалі, бо ён знаходзіцца ў базе вышуку СНД на запыт Мінска, але неўзабаве вызвалілі: Ерэван не выдае замежнікаў, якія пераследуюцца з палітычных матываў.
29 кастрычніка Міхееў узяў удзел у акцыі памяці рэпрэсаваных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі “Ноч расстраляных паэтаў”, якая, паводле яго слоў, стала адзінай на Каўказе.
Гл. таксама:
Арменія дала статус уцекача Яраславу Новікаву, раней затрыманаму на запыт Мінска
Генпракурор Швед падняў у Арменіі пытанне выдачы беларусаў па крымінальных справах
Нягледзячы на візіт Шведа, Арменія не выдала Мінску беларуса Баландзіна
Генпракуратура Арменіі зняла абмежаванні на перамяшчэнне Дзіяны Майсеенкі