Мінск 13:29

70 гадоў Венгерскай рэвалюцыі: што яе звязвае з Беларуссю?

Спецыяльна для "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 кастрычніка 2026 года ў 12:20

Сталіца Венгрыі Будапешт
Фота: "Позірк"

Роўна 70 гадоў таму, 23 кастрычніка 1956 года, у Венгрыі пачалося паўстанне супраць камуністычнага рэжыму і савецкага ўплыву. Яно завяршылася менш чым праз два тыдні ваенным умяшаннем СССР, задушэннем пратэсту, жорсткімі рэпрэсіямі і масавым ад’ездам венграў з краіны.

Беларусь, у той час Беларуская ССР, была звязаная з гэтымі падзеямі: яе жыхары служылі ў савецкім войску ў Венгрыі, а прадстаўнікі рэспублікі ў ААН пазней удзельнічалі ў міжнароднай кампаніі па абароне дзеянняў Масквы (БССР разам з Украінскай ССР увайшла ў лік заснавальнікаў ААН у 1945 годзе, хоць абедзве не былі незалежнымі краінамі).

Праз сем дзесяцігоддзяў Венгрыя застаецца адной з нямногіх краін Еўрасаюза, якая захоўвае кантакты з Мінскам, нягледзячы на санкцыі.

Што адбылося ў Венгрыі ў 1956 годзе

Пасля Другой сусветнай вайны Венгрыя апынулася ў савецкай сферы ўплыву, а ў краіне стаў гаспадарыць камуністычны рэжым на чале з Мацьяшам Ракашы.

Пасля смерці Сталіна савецкае кіраўніцтва раскрытыкавала венгерскага лідара за занадта жорсткія метады кіравання краінай і эканамічныя правалы.

Вынікам стала патрабаванне змяніць кіраўніка ўрада. У ліпені 1953 года пост заняў Імрэ Надзь, які пачаў паступовае змякчэнне рэжыму.

23 кастрычніка 1956 года ў Будапешце пачалася масавая дэманстрацыя студэнтаў і іншых жыхароў, якія патрабавалі палітычных пераменаў і вываду савецкіх войскаў з краіны. Пратэст хутка перарос ва ўзброенае паўстанне.

У ноч на 24 кастрычніка савецкія войскі ўвайшлі ў сталіцу Венгрыі. Праз чатыры дні ўрад Надзя абвясціў аб спыненні агню і ўслед за народам запатрабаваў вываду савецкіх падраздзяленняў са сталіцы, прызнаў тое, што адбываецца, нацыянальна-дэмакратычным рухам, а не “контррэвалюцыйным мяцяжом”.

У наступныя дні пачаўся адвод войскаў. Аднак перамір’е выявілася часовым: савецкае кіраўніцтва вырашыла падавіць паўстанне сілай і прыступіла да падрыхтоўкі новай ваеннай аперацыі.

1 лістапада было абвешчана аб нейтралітэце Венгрыі і намеры выйсці з Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Праз тры дні, 4 лістапада, савецкая армія распачала другую маштабную спробу падавіць паўстанне. Яна была паспяховай.

Пасля паразы паўстанцаў да ўлады прыйшоў урад Янаша Кадара, які абапіраўся на падтрымку Масквы. Імрэ Надзь быў пакараны смерцю 16 чэрвеня 1958 года разам з некалькімі паплечнікамі. Кадар у выніку апынуўся палітычным доўгажыхаром і кіраваў краінай да 1989 года.

Пасля падаўлення паўстання з краіны збегла каля 200 тыс. чалавек. Прыкладна 180 тыс. накіраваліся ў Аўстрыю, яшчэ каля 20 тыс. — у Югаславію.

З кастрычніка 1956-га па студзень 1957 года ў Венгрыі загінула каля 5,5 тыс. чалавек, савецкія страты забітымі, памерлымі ад ран і зніклымі без вестак склалі 720 вайскоўцаў.

Хто з беларусаў загінуў у Венгрыі

У апублікаваных спісах савецкіх страт захаваліся імёны вайскоўцаў, якія нарадзіліся ў БССР і загінулі падчас падаўлення пратэсту. “Позірк“ адшукаў біяграфічныя звесткі пра трох загінулых беларусаў, але ёсць падставы меркаваць, што насамрэч іх было больш.

Фларыян Валянцінавіч Наіба нарадзіўся ў 1934 годзе ў Міры Гродзенскай вобласці, служыў малодшым сяржантам, камандзірам стралковага аддзялення 381-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка.

Ён загінуў 6 лістапада 1956 года. Паводле апублікаванага спісу, пахаваны ў брацкай магіле ля помніка савецкаму парламентару капітану Івану Астапенку ў Будапешце.

Фёдар Паўлавіч Цурко нарадзіўся таксама ў 1934 годзе ў вёсцы Вялікія Літвінавічы Гомельскай вобласці, служыў радавым-кулямётчыкам таго ж палка. Памёр ад ран 5 лістапада 1956 года; у спісе месцам яго пахавання пазначаны Львоў.

Міхаіл Адамавіч Маркаўцоў нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Шарпілаўка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Аўтаматчык 381-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка, загінуў 7 лістапада 1956 года.

Як БССР абараняла Маскву ў ААН

Венгерскі крызіс абмяркоўваўся на надзвычайнай спецыяльнайсесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая пачалася 4 лістапада 1956 года. БССР прадстаўляў Анатоль Гурыновіч, намеснік загадчыка палітычнага аддзела МЗС рэспублікі.

Савецкая дэлегацыя дамагалася таго, каб венгерскае пытанне не абмяркоўвалася, а пасля пачатку абмеркавання ўяўляла падзеі як “спробу Захаду ўмяшацца ва ўнутраныя справы сацыялістычнай краіны”.

20 лістапада міністр замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў выступіў супраць уключэння венгерскага пытання ў парадак дня чарговай сесіі Генасамблеі. Ён спасылаўся на “прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў” і сцвярджаў, што “венгерскі народ ужо вырашыў гэтае пытанне самастойна”.

У снежні 1956 года беларуская дэлегацыя тройчы выступіла на пленарных пасяджэннях у абарону палітыкі СССР і ўрада Кадара. У 1957 годзе прадстаўнікі БССР працягвалі аспрэчваць міжнародныя даклады і рэзалюцыі, якія крытыкавалі савецкае ўварванне.

Венгерская пытанне працягвала абмяркоўвацца ў ААН у наступныя гады. БССР актыўна ўдзельнічала ў пасяджэннях 1957 і 1958 гадоў, у тым ліку ў дыскусіях вакол пакарання смерцю Імрэ Надзя і адмовы СССР і Венгрыі супрацоўнічаць са спецыяльным камітэтам ААН.

Беларускія прадстаўнікі нязменна называлі высновы дакладчыкаў “паклёпніцкімі” і “ілжывымі”.

Зрэшты, мала што змянілася і ў сучаснасці: аналагічная лінія паводзін выяўляецца ў галасаваннях Беларусі па Украіне. Мінск у гэтым пытанні нязменна салідарны з агрэсарам Масквой.

Што знайшлі адзін у адным Венгрыя Орбана і Беларусь Лукашэнкі

Венгрыя і Беларусь устанавілі дыпламатычныя стасункі 12 лютага 1992 года. У наступныя гады краіны падпісалі шэраг пагадненняў аб эканамічным, навукова-тэхнічным, сельскагаспадарчым і іншых напрамках супрацоўніцтва.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і рэпрэсій супраць удзельнікаў масавых акцый пратэсту стасункі Мінска з Еўрасаюзам, куды ўваходзіць Венгрыя, пагоршыліся.

ЕС увёў санкцыі супраць беларускіх службовых асобаў і арганізацый, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пашырыў абмежаванні ў сувязі з падтрымкай Беларуссю дзеянняў Крамля.

Аднак Венгрыя, якой з 2010 года на працягу 16 гадоў кіраваў прэм’ер-міністр Віктар Орбан, стаяла асобна, імкнучыся падтрымліваць кантакты з рэжымам у Мінску (зразумела, што і з Масквой). Падзеі 1956 года не сталі прызмай, праз якую Будапешт глядзеў б на Мінск як частку былога СССР. Беларускія ўлады тым больш не ўспамінаюць пра іх. У адрозненне, дарэчы, ад Грузіі, якая, як і Беларусь, на нажах з ЕС, але сябруе асобна з Венгрыяй. У Дзень памяці Венгерскага паўстання тбіліская тэлевежа афарбоўваецца ў колеры венгерскага сцяга.

Тбіліская тэлевежа ў колерах венгерскага сцяга ўвечары 23 кастрычніка 2026 года
Фота: "Позірк"

Беларускую сталіцу рэгулярна наведваў міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петар Сіярта: 13 лютага і 26 кастрычніка 2023 года, 29 траўня і 31 кастрычніка 2024 года, 10 верасня і 28 кастрычніка 2025 года. Кастрычніцкія візіты былі звязаны з удзелам у Мінскай міжнароднай канферэнцыяй па еўразійскай бяспецы.

Падчас візіту ў траўні 2024-га Венгрыя і Беларусь дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы ядзернай энергетыкі. Будапешт разлічваў выкарыстаць беларускі досвед будаўніцтва і эксплуатацыі атамных электрастанцый паводле расійскага праекта. Краіны падпісалі адпаведную “дарожную карту”.

Віктар Орбан (злева) і Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня 2020 года ў Мінску
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Перамовы былі звязаныя з пашырэннем АЭС “Пакш” у Венгрыі, дзе праект рэалізуецца пры ўдзеле расійскай дзяржаўнай карпарацыі “Расатам”.

Венгерскія ўлады выступалі за захаванне эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферах, якія не падпадаюць пад еўрапейскія абмежаванні, і крытыкавалі пашырэнне асобных санкцыйных мер.

У адрозненне ад многіх іншых дыппрадстаўніцтваў краін ЕС, у Мінску паўнавартасна працавала і выдавала шэнгенскія візы амбасада Венгрыі, чым карысталіся многія беларусы.

Сам Орбан быў у Мінску і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам аднойчы — 5 чэрвеня 2020 года, у разгар эпідэміі кавіду.

Якія стасункі былі ў Орбана з беларускімі дэмсіламі

Нягледзячы на добразычлівасць да Лукашэнкі, Орбан сустракаўся і са Святланай Ціханоўскай. Гэта адбылося 18 ліпеня 2024 года на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі.

Раней, 1 кастрычніка 2021 года, у Грэцыі, кіраўнік МЗС Сіярта і Ціханоўская разам бралі ўдзел у дыскусіі на Афінскім форуме дэмакратыі. Венгерскі міністр заявіў тады, што ягоная краіна падтрымала ўсе санкцыі ЕС, і запрасіў Ціханоўскую наведаць Будапешт з афіцыйным візітам.

Святлана Ціханоўская і Віктар Орбан 18 ліпеня 2024 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Візіт не адбыўся, а стасункі рэжымаў Орбана і Лукашэнкі сталі толькі цяснейшымі.

У красавіку 2026 года намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка заявіў, што Венгрыя сістэматычна блакавала ўвядзенне санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і эканамічных рэстрыкцый.

Паводле сцвярджэння Латушкі, амбасада Венгрыі ў Мінску выдавала шэнгенскія візы “найвышэйшым і высокім службовым асобам рэжыму“, “супрацоўнікам спецслужбаў Беларусі і службы бяспекі Лукашэнкі“.

Кіраўнік НАУ назваў Будапешт “крыніцай інсайдаў з Еўракамісіі” для афіцыйнага Мінска аб рашэннях, якія прымаюцца ў дачыненні да беларускіх і расійскіх уладаў.

Што адбываецца ў стасунках з Мінскам пасля змены ўлады ў Венгрыі

Латушка выступіў з гэтай заявай пасля парламенцкіх выбараў, на якіх партыя Орбана “Фідэс” пацярпела разгромную паразу.

Ад новага ўрада Венгрыі Латушка чакаў дыялогу з беларускімі дэмсіламі, пашырэння іх падтрымкі, узмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, закрыцця “нелегальнага візавага калідора“ для прадстаўнікоў уладаў і адклікання з Мінска амбасадара Зіты Ілоны Бенчык.

“Мы будзем прапаноўваць Венгрыі ўстрымацца ад прызначэння новага амбасадара — датуль, пакуль у Беларусі не адбудуцца дэмакратычныя змены“, — дадаў палітык.

У сваю чаргу Ціханоўская, віншуючы лідара партыі “Ціса”, якая перамагла, будучага прэм’ер-міністра Петара Мадзьяра, заявіла, што з нецярпеннем чакае “сумеснай працы па ўмацаванні свабоднай, мірнай і адзінай Еўропы, пабудаванай на дэмакратыі, вяршэнстве права і волі народа”.

Лукашэнка таксама павіншаваў Мадзьяра — з надзеяй на працяг “традыцый сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, якія склаліся за многія гады”.

У жніўні ў пасланні Андрашу Баке з нагоды абрання на пасаду прэзідэнта Венгрыі (мае абмежаваныя паўнамоцтвы) Лукашэнка выказаў надзею на “адкрытае і ўзважанае ўзаемадзеянне“ краіны “ў тым ліку з Беларуссю, якая, як і Венгрыя, займае асаблівае месца ў цэнтры Еўропы — на скрыжаванні культур і цывілізацый”.

Аднак пакуль бачных змен у стасунках Будапешта і Мінска не адбылося. У Беларусь новыя кіраўнікі Венгрыі не ездзяць, але і дэмаршаў не робяць.

Падзяліцца: