Мінск 11:23

“Вялікае княства Сула” пазбавілі алкагольнай вытворчасці

Аглядальнік "Позірку"
Фота: parksula.by

Знакаміты парк інтэрактыўнай сярэднявечнай гісторыі “Вялікае княства Сула“ ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці не ўключаны ў новы спіс 28 юрыдычных асоб, якія маюць права вырабляць “Арыгінальныя алкагольныя напоі”. Пры гэтым сам пералік павялічаны на адну пазіцыю.

Адпаведная пастанова Савета міністраў ад 14 жніўня 2026 года № 414 “Аб пераліку юрыдычных асобаў, якія ажыццяўляюць вытворчасць арыгінальных алкагольных напояў“, апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.

Пачаткоўцы ў калодзе “алкагольных карт“

У новым спісе больш няма, напрыклад, бабруйскага “Водаканала“, “Трэста і К“ і СЗАТ “ЭНЕРГА-ОІЛ”.

З першапачатковых васьмі юрыдычных асоб, якім было дадзена права вырабляць свой арыгінальны алкаголь, засталіся ўсе, акрамя УП “Магілёўаблводаканал”. Гэта — “Белавежская пушча“, “Дукорскі маёнтак“, “Лясная сядзіба“, “Жамчужына Паазер’я“ / “Чырвоны Бор“, “Дудуткі“, “Рудмянская гаспадарка“ і “Сервісны цэнтр Веста”.

У спіс увайшлі новыя ўдзельнікі: Старадарожскі вопытны лясгас, Бярэзінскі біясферны запаведнік, “Аква-Мінск“, КФХ “Краіна Скарбаў“, ТАА “Адрас лета“, ТАА “ЛІГМОД“, ТАА “МІСТЭНС“, ТАА “Сёмкава клаб“, ТАА “Будаўнічая кампанія “Праметэй“, УП “Наносы Адпачынак“.

Закуліссе спісу

Апошняя юрыдычная асоба не новы аб’ект у спісе. У этнакультурнага комплексу “Наносы-Наваселле“ пасля гібелі ў аўтааварыі яго заснавальніка Яўгена Навасялецкага ў 2019 годзе змяніўся ўладальнік, а сам аб’ект атрымаў назву“Наносы адпачынак”. У старым пераліку ён фігураваў як “Наносы-Наваселле“, а ў новым спісе 2026 года — ужо як УП “Наносы Адпачынак”.

Аб’ект “Чырвоны Бор“ у новым пераліку прадстаўляе не ТАА “Жамчужына Паазер’я“, як было раней, а ТАА “Мінерал Гудс Трэйд”.

Турыстычным комплексам “Чырвоны Бор” раней кіравала кампанія “Інтэрсервіс”, звязаная з бізнесменам Мікалаем Вараб’ём, якога называюць кашальком Лукашэнкі. Верабей знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года і ЗША са жніўня 2021 года.

Паводле звестак расследовальніцкага цэнтра “Бюро“, пасля ўвядзення санкцый “Чырвоны Бор“ і звязаныя з ім аб’екты перайшлі да створанага ў снежні 2022 года ТАА “Мінерал Гудс Трэйд”, фармальным уладальнікам якога з’яўляецца Кірыл Бяляеў, а кіраўніком — Андрэй Шышко, які раней працаваў у структурах Вераб’я.

Пры гэтым “Бюро” звязвае новую кампанію з Вераб’ём і разглядае яе як адну з фірмаў, праз якія працягвае працаваць ягоны бізнэс пасля ўвядзення санкцый.

Агулам, калі раней права на вытворчасць арыгінальных алкагольных напояў было дадзена аб’ектам, дзе паказвалі традыцыйную культуру і вытворчасць, то цяпер сярод 28 пазіцый спісу больш лясгасаў, запаведнікаў, турыстычных комплексаў, баз адпачынку і камерцыйных аб’ектаў.

Найноўшая гісторыя Сулы: ад прапагандыстаў да пажару

Парк “Сула” знаходзіўся ў спісе з 2017 года. Як адзначаецца на сайце парку, тут ёсць свой бровар, дзе “паводле рэцэптаў XVI стагоддзя сульскія майстры з прарослага збожжа вырабляюць найчысцейшы алкаголь бурштынавага колеру, які ўвабраў у сябе старадаўнія традыцыі і водар беларускіх траў і носіць назву “Старка Запольская“. Для вырабу напою выкарыстоўвалі адзіны на тэрыторыі Беларусі медны перагонны апарат канца XIX стагоддзя.

У 2023 годзе праўладныя СМІ здзейснілі некалькі нападак на парк “Сула“. Так, прапагандыст Грыгорый Азаронак разам з кіраўніком праўладнай партыі “Белая Русь” Алегам Раманавым ставілі грубыя, правакацыйныя пытанні наведвальнікам парку і яго адміністрацыі з акцэнтам на абясцэньванне гісторыі беларускай шляхты.

Пасля гэтага да кампаніі дыскрэдытацыі парку далучылася прапагандысцкае выданне “Мінская праўда”, якая называла Сулы апорай літвінізму, абвінавачвала яго кіраўніцтва ў аднабокай падачы гісторыі з упорам на ВКЛ, нанясенні шкоды прасавецкаму і ўсходнеславянскаму кантэксту.

Стваральнікаў музея папракалі ў праслаўленні ордэна езуітаў, чыю дзейнасць расцэньвалі як гвалтоўнае акаталічванне і прыгнёт мясцовых жыхароў.

Выказвалася незадаволенасць наяўнасцю ў комплексе такіх аб’ектаў, як Дом масонаў, якія называлі штучнымі наваротамі пад патрэбы турызму. Прапагандысты патрабавалі кардынальна скарэктаваць экспазіцыю і прыцягнуць да яе перагляду дзяржаўных гісторыкаў накшталт Ігара Марзалюка і Вадзіма Гігіна.

11 кастрычніка 2025 года ў парку здарыўся пажар, які пашкодзіў будынак склада.

Трохі гісторыі

Парк інтэрактыўнай сярэднявечнай гісторыі “Вялікае княства Сула” знаходзіцца за 49 км на паўднёвы захад ад Мінска, на беразе возера Сула.

Мястэчка Сула згадваецца ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя як уладанне роду Радзівілаў. Пазней ім валодаў род Ленскіх, чый маёнтак (другая палова XVIII стагоддзя — 1939 год, да экспрапрыяцыі савецкай уладай) у новы час быў адноўлены і стаў часткай парку. Захавалася пахавальня Ленскіх.

На тэрыторыі парку створаны інтэрактыўныя пляцоўкі: стаянка старажытнага чалавека, месца культу для дахрысціянскіх вераванняў, сярэднявечны Гатычны квартал і майстэрні, прыстань варагаў з дракарам, бровар, галерэя гербаў шляхты і інш.

* * *

Папярэдні раз Савет міністраў пашыраў спіс юрыдычных асобаў, якія маюць права вырабляць “арыгінальныя алкагольныя напоі”, 18 кастрычніка 2024 года.

У пералік юрыдычных асоб, якія “ажыццяўляюць вытворчасць арыгінальных алкагольных напояў у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках, іншых аб’ектах у мэтах аднаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый”, тады ўключылі 27 суб’ектаў гаспадарання.

Вытворчасць алкагольнай прадукцыі ў Беларусі падпадае пад закон “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту”. Вырабляць алкаголь дазволена толькі юрыдычным асобам.

Падзяліцца: