Мінск 17:57

Віцэ-мэр Страсбурга: Мы маглі б больш эфектыўна супрацоўнічаць з беларускай дыяспарай — непрыкметнай, але салідарнай

Віцэ-мэр Страсбурга Веранік Бяртоль
Архіўнае фота на старонцы суразмоўніцы ў "Фэйсбуку"

Пасля падзей 2020 года, калі ў Беларусі распачаліся небывалыя паводле маштабу рэпрэсіі, сотні тысяч грамадзян былі вымушаныя пакінуць радзіму. Некаторыя беларусы апынуліся ў Францыі. Пра іх і Беларусь у цэлым “Позірк” паразмаўляў з віцэ-мэрам Страсбурга Веранік Бяртоль.

Размова з палітыкам, якая ў мэрыі адказвае за трансгранічныя, еўрапейскія і міжнародныя стасункі, а таксама за сувязі з еўрапейскімі інстытутамі, адбылася 29 кастрычніка на палях Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў. У рамках гэтай асамблеі ў складзе Савета Еўропы, трэцяй асноўнай інстытуцыі разам з Камітэтам міністраў і ПАСЕ, Бяртоль займае пазіцыю спікера па пытаннях моладзі.

Як шмат вы ведаеце пра беларускую дыяспару, якая жыве тут, у Францыі, і, у прыватнасці, у Страсбургу?

— Трохі ведаю. Дакладна не скажу, колькі [членаў беларускай дыяспары], таму што яны, трэба прызнаць, даволі незаўважныя. Але яны вельмі салідарныя. Беларуская дыяспара, якая жыве ў Страсбургу, актыўна падтрымлівае рухі супраціву ў Грузіі і Украіне. Так што, калі ў нас праходзяць дэманстрацыі на вуліцах ці публічныя мерапрыемствы, вось тады яны з’яўляюцца. У астатні час яны, як правіла, вельмі-вельмі сціплыя і незаўважныя.

Летась на пленарнай сесіі Кангрэса я распавядала пра выпадак, які тычыцца сацыёлага, даследчыка, выкладчыка Страсбургскага ўніверсітэта. Магчыма, лепш я не буду называць яго імя, але ён мае французскае і беларускае грамадзянства. Яго завочна прыгаварылі ў Беларусі, палічыўшы “пагрозай для дзяржавы” — праз яго працу і змест яго даследаванняў. Ён займаўся даследаваннем рок-музыкі як формы выказвання супраціву. Думаю, гэта ўжо само па сабе лічыцца вельмі небяспечным.

Чаму я тады выступіла — таму што гэта быў першы выпадак, калі вырак вынеслі французскаму грамадзяніну. Раней так рабілі толькі ў дачыненні да беларускіх грамадзян, а тады ўпершыню вырашыліся пайсці на такі крок у дачыненні да француза. На мой погляд, яго выпадак зрабілі паказальным, каб нагадаць — нават калі ты за мяжой, ты не мусіш адчуваць сябе ў бяспецы.

У выніку справа набыла дыпламатычны характар, Міністэрства замежных спраў Францыі паставілася да яе сур’ёзна. Рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] спрабуе шырэй распаўсюджваць сваю стратэгію ўплыву, страху і пагроз. Мне падаецца, гэта менавіта так — яны пераносяць яе за межы Беларусі і імкнуцца дабрацца да беларускай дыяспары ў іншых краінах.

Гаворка пра чалавека з падвойным грамадзянствам. Аднак многія за мяжой фактычна пазбаўляюцца адзінага грамадзянства — беларускага — праз “пашпартны ўказ”, які забараняе консульствам падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў або выдаваць новыя дакументы беларусам. Ці дапамагаюць мясцовыя ўлады неяк легалізавацца такім беларусам?

— На жаль, пытанні грамадзянства і дакументаў не ўваходзяць у кампетэнцыю мясцовых уладаў. Гэта не на нашым узроўні — узроўні мэраў або мясцовых саветаў, гэта кампетэнцыя дзяржавы, за якую адказвае Міністэрства ўнутраных спраў.

Усё, што мы можам зрабіць, — гэта прыцягнуць увагу да сітуацыі: паведаміць, што чалавек знаходзіцца на нашай тэрыторыі, што ў яго скончыўся тэрмін дзеяння дакументаў або што ён іх зусім не мае, або што ён знаходзіцца ў працэсе падачы заявы на атрыманне статусу ўцекача. Мы можам удакладняць, колькі часу зойме працэдура і як мага яе паскорыць. Але, на жаль, [вырашэнне ўсёй праблемы цалкам] не ў нашай уладзе.

А як Страсбург агулам дапамагае замежнікам жыць тут, адаптавацца?

— Гэта частка нашай міжнароднай стратэгіі, нашай палітыкі — быць гасцінным горадам для людзей, якім у краіне іх паходжання пагражае небяспека праз іх дзейнасць; для людзей, чыя свабода выказвання пад пагрозай.

У нас ужо склалася традыцыя — быць адкрытым горадам для мастакоў, журналістаў, пісьменнікаў, якія знаходзяцца ў небяспецы. Мы з’яўляемся часткай сеткі гарадоў ICORN (Міжнародная сетка гарадоў-прытулкаў. — “Позірк”.). У рамках гэтай праграмы мы даем жытло і месца для працы на тэрмін да 2 гадоў — менавіта столькі звычайна патрабуецца, каб атрымаць статус уцекача. Цяпер у нас жыве журналістка з Лівана. Гэта жанчына, якую пераследвала “Хезбала”, цяпер мы прымаем яе ў сябе.

Вядома, калі вы спытаеце мяне, то я адкажу, што мы робім недастаткова, бо маем абмежаваны бюджэт. У спісе чакання вельмі шмат людзей, якім патрэбны прытулак і абарона. Таму мы стараемся працаваць з іншымі гарадамі Францыі, бо прыняць усіх мы проста не можам.

Ці маеце вы нейкае пасланне для беларускай дыяспары ў Страсбургу? Што б вы хацелі бачыць — больш актыўнасці альбо, можа быць, большай прыкметнасці для мясцовых уладаў?

— Не, я разумею, чаму яны імкнуцца быць незаўважнымі, і цалкам гэта паважаю. Я цудоўна разумею, што ў большасці з іх сваякі ў Беларусі. Таму я цалкам разумею іх жаданне не прыцягваць увагі. Галоўнае, каб яны проста звязваліся са мной, каб мы маглі пазнаёміцца ​​і зразумець, што можна зрабіць разам, не штурхаючы на рызыку іх саміх ці іх блізкіх. Думаю, мы маглі б супрацоўнічаць значна больш эфектыўна.

Калі крыху аддаліцца і паглядзець шырэй: Беларусь і Францыя маюць вельмі даўнія сувязі. Згадаць, напрыклад, Марка Шагала, які нарадзіўся ў Віцебску, пераехаў у Францыю. Ці можна сказаць, што цяперашняя хваля эміграцыі можа стаць новай старонкай беларуска-французскіх стасункаў?

— Калі шчыра, то сярэднестатыстычны француз, простыя людзі ў Францыі насамрэч мала што ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Яны не ведаюць, што існуе рух супраціву, не ведаюць, што ёсць беларуская дыяспара. Гэтай тэмы проста няма ў СМІ. Вядома, пра Беларусь шмат казалі ў 2020–2021 гадах, калі праходзілі масавыя пратэсты, — гэта тады было ў навінах. Але за апошнія чатыры гады, калі мы і чуем пра Беларусь, дык толькі ў кантэксце Расіі і Украіны.

Мы тут, у Страсбургу, стараемся данесці да людзей вобраз іншай Беларусі — не той Беларусі Лукашэнкі, а сапраўднай краіны, стараемся паказаць, якое жыццё там насамрэч. Мы арганізуем культурныя мерапрыемствы, напрыклад, быў канцэрт беларускага “Вольнага хору”. Мы імкнемся падвышаць дасведчанасць пра рэчаіснасць. Але, зноў жа, мне б хацелася, каб мы маглі рабіць больш. Для гэтага мне трэба больш зваротнай сувязі. Баланс знайсці вельмі цяжка, але я ўпэўненая, што мы можам зрабіць больш.

Падзяліцца: