Як у БССР рэпрэсавалi тэхнароў — нават за інавацыі. Важны тэкст
Ахвярамі рэпрэсіўнай машыны СССР сталі сотні тысяч беларусаў, у тым ліку — тысячы навукоўцаў тэхнічных спецыяльнасцей. Таленавітыя інжынеры і вынаходнікі, чые работы праз прагрэсіўнасць і неадпаведнасць асноўнай лініі партыі называлі «шкодніцкімі». Іх распрацоўкі — ананімныя. Іх імёны схаваныя пад тоўшчамі архіўнага пылу і як след не вывучаныя нават спецыялістамі.
Мы пагутарылі з даследчыкам рэпрэсій савецкага часу, кандыдатам гістарычных навук Ігарам Кузняцовым, каб дазнацца больш пра лёсы прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі, што сталіся ахвярамі сталінскага рэжыму.
Падаецца, пры жыцці тэхнічнай інтэлігенцыі часам шанцавала больш, чым паэтам. Але памяць пра рэпрэсаваных «тэхнароў» сціралася яшчэ больш старанна.
Спадзяемся, што гэты матэрыял стане пачаткам вялікай супольнай працы па вяртанні з небыцця імёнаў тых, каго сённяшнія беларускія тэхнары, айцішнікі могуць лічыць сваімі папярэднікамі.
«Зачыстка з вялікай перспектывай»
Пяць хваляў рэпрэсій у СССР: падрабязна
Фактычна з самага пачатку існавання савецкай дзяржавы яе кіраўніцтва планамерна знішчала ўсіх, хто хоць неяк выказваўся супраць новых парадкаў.
- Першая хваля рэпрэсій пачалася яшчэ ў часе чырвонага тэрору — гэта былі 1918-19 гады.
- Знакамітыя падзеі 1920-21 гадоў, калі на загад Леніна з Расіі — у тым ліку і з тэрыторыі сучаснай Беларусі — на так званых «філасофскіх параходах» за мяжу высылалі навукоўцаў, нязручных для ўладаў.
- На мяжы 1930-31 гадоў, з таго часу вядомыя справы Саюза вызвалення Беларусі, Беларускага нацыянальнага цэнтра, Беларускага філіяла прампартыі.
- Потым — новы этап рэпрэсій, што пачаліся пасля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе.
- Самая масавая хваля — перыяд вялікага тэрору ў СССР 1937-38 гадоў.
Штуршком для масавага знішчэння «ворагаў» стаў лютаўска-сакавіцкі пленум ЦК ВКПБ 1937 года, які абвясціў вядомы сталінскі лозунг пра тое, што па меры будаўніцтва сацыялізму супраціўленне класавых ворагаў будзе таксама расці.
Пачатковай кропкай рэпрэсій таго часу мы лічым «знакаміты» загад нумар 00447 наркама НКУС Мікалая Яжова ад 30 ліпеня 1937 года.
Гэты дакумент дакладна вызначаў план змагання з ворагамі: колькі людзей мусяць быць пакараныя ў розных катэгорыях: 1-я — расстрэл, 2-я — ад 5 да 10 гадоў лагераў. Загад вызначаў дакладны план дзеянняў катаў — як тэрытарыяльна (колькі людзей з якой рэспублікі мусяць быць пакараныя), так і часава. Паводле плана штомесяц вызначалася таксама і класавая прыналежнасць меркаваных ахвяраў: сяляне, рабочыя, інтэлігенцыя, святары.
На аснове загада нумар 00447 наркама НКУС Мікалая Яжова ад 30 ліпеня 1937 года на месцах было разгорнута сацспаборніцтва, і тыя, хто перавыконваў план па арыштах, высылцы і расстрэлах, атрымлівалі прэміі, ордэны і медалі. Ім давалі кватэры, якія раней належалі рэпрэсаваным. Так улады стымулявалі працэс, які ў пэўны момант выйшаў з-пад кантролю.
«Прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі маглi караць не так жорстка»
Інжынеры, вынаходнікі таксама траплялі пад агульны каток. Але прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі часам каралі не так жорстка.
1931 год можна лічыць знакавым з пункту гледжання рэпрэсій тэхнічнай інтэлігенцыі.
У той час трывала сфабрыкаваная справа Беларускага філіяла прампартыі — «контррэвалюцыйнай шкодніцкай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі».
Асноўны працэс прампартыі праходзіў у Расіі. Яе беларускі філіял «распрацоўвалі» і ў нас.
Гэта быў гучны судовы працэс над тэхнічнай інтэлігенцыяй, што працавала ў кіраўніцтве прамысловасцю БССР. Тады праз суд праходзіла каля 30 чалавек. Сярод іх — вядомыя асобы. Напрыклад, загадчык прамысловай секцыі Газплана Каплан, намеснік старшыні камітэта па хімізацыі народнай гаспадаркі Данцоў, загадчык планавага аддзела Белторфа Рагацкі.
«Больш за палову навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук прайшлі праз рэпрэсіі»
Варта звярнуць увагу на лёсы супрацоўнікаў ключавой навуковай установы краіны — Акадэміі навук.
Тут я згадаю вядомага навукоўца Яўгена Успенскага. Гэта знаны фізік свайго часу, прафесар, які нарадзіўся ў Вільні ў 1891 годзе, скончыў фізмат Маскоўскага ўніверсітэта, стаў дацэнтам кафедры фізікі педфака БДУ, у 1930-я гады стаў навуковым супрацоўнікам фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук, з 1936 года быў загадчыкам кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. У 1937 годзе арыштаваны, 28 кастрычніка асуджаны на расстрэл, расстраляны ў Мінску 29 кастрычніка 1937 года. Гэта адбылося ў тую знакамітую ноч, калі ў Мінскай унутранай турме НКУС было забіта 112 чалавек, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі.
Калі звернемся да запіскі наркама НКУС Наседкіна 1938 года «пра шкодніцтва ў Акадэміі навук», то ён піша, што ў 1937-38 гадах у Акадэміі навук было арыштавана 57 агентаў замежных разведак, 22 падазраваліся ў гэтай дзейнасці, 80 іх блізкіх сваякоў былі пад падазрэннем, а 40 навуковых супрацоўнікаў траплялі пад пiльную ўвагу, бо былі «ўраджэнцамі замежных буржуазных краін».
У 1937-38 гадах да расстрэлу былі прыгавораныя 13 акадэмікаў і 7 член-карэспандэнтаў Акадэміі навук. Гэта, напрыклад, дырэктар Інстытута глебазнаўства Якаў Афанасьеў, дырэктар інстытута педагогікі Павел Панкевіч, дырэктар Інстытута гісторыі Васіль Шчарбакоў.
Больш як 50% навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук прайшлі праз рэпрэсіі. Атрымліваецца так, што савецкая ўлада спачатку знішчыла самых значных навукоўцаў, якія паспелі заявіць пра сябе, у 1918 годзе, а ў 37-38 гады завяршыла гэты працэс і знішчыла нават тых, што за гэтыя 20 гадоў паспеў выйсці з народа і хоць неяк развівацца ў навуковым рэчышчы. Якая логіка?
«Вынаходніцтвы даходзілі да канвеера ананімна, альбо іх распрацоўшчыкі знішчаліся»
За савецкім часам навуковец не меў свабоды. З аднаго боку, яго вынаходніцтвы ананімна выкарыстоўваліся для абароны краіны, гэтая галіна добра фінансавалася і сапраўды давала працу найлепшым спецыялістам. Але і тут маглі быць ідэалагічныя перашкоды для высокіх на той час тэхналогій.
У найлепшых выпадках вынаходніцтвы даходзілі да канвеера ананімна, а ў найгоршых — іх распрацоўшчыкі знішчаліся.
Больш за тое, цяпер можна натрапіць на судовыя справы, дзе вынаходніцтвы для паляпшэння працэсу вытворчасці ўспрымаліся як шкодніцтва. І такі інжынер-эксперыментатар мог атрымаць 10 гадоў лагераў.
Мы сёння не можам нават уявіць патэнцыял, які быў знішчаны фізічна, не кажучы пра тое, якія вынікі і прадукты працы гэтых людзей мы страцілі.
«Нам варта вярнуць забытыя імёны навукоўцаў з небыцця»
На пачатку 1990-х ішла работа па планамерным вывучэнні архіваў і вяртанні імёнаў. Акадэмія навук вывучала спадчыну сваіх папярэднікаў, тады паспелі выпусціць брашуру, дзе згадваліся лёсы 143 рэпрэсаваных навукоўцаў.
Таксама ў той жа час пачаў працаваць вядомы даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў, за гады сваёй парцы ён паспеў выдаць чатырохтомны бібліяграфічны даведнік рэпрэсаваных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, дзе сабрана каля 20 тысяч прозвішчаў.
Сёння звесткі пра рэпрэсаваных навукоўцаў ёсць, але не папулярызуюцца. Нават тыя імёны, якія мы ўжо ведаем, застаюцца толькі ў кнігах. База імёнаў 180 тысяч рэпрэсаваных, перададзеная ў Нацыянальны архіў Беларусі, тры гады таму атрымала грыф службовага карыстання і закрытая ў тым ліку для навукоўцаў.
Толькі адзінкі выкладчыкаў расказваюць пра гэты аспект нашай мінуўшчыны на занятках, называюць імёны рэпрэсаваных навукоўцаў. Нават спецыялісты — хімікі, фізікі — не ведаюць пра сваіх рэпрэсаваных папярэднікаў.
Нам варта працаваць над тым, каб вярнуць забытыя імёны навукоўцаў з небыцця.
Але гэтай справай трэба займацца планамерна і мэтанакіравана, а сёння нават на ўзроўні Акадэміі навук няма супрацоўніка, які б даследаваў рэпрэсіі. Такія навукоўцы як Леанід Маракоў, Таццяна Процька, Ніна Васілеўская тэмай займаюцца на ўзроўні прыватнай ініцыятывы.
З 1994 года ў Беларусі не абароненая ніводная дысертацыя пра рэпрэсіі.
Маладыя навукоўцы нават не разглядаюць гэты кірунак як перспектыўны, тэма выведзеная з ліку значных і ўвогуле з кола магчымых. Падаецца, даследаваць ёсць што, ёсць нагоды паразважаць пра тыя навуковыя ідэі, задумкі, што так і не былі рэалізаваныя.
Згадаю толькі той факт, што ў перадваенныя гады з сямі рэктараў БДУ былі рэпрэсаваныя шасцёра — Уладзімір Пічэта, Язэп Каранеўскі, Іван Ермакоў, Ананій Дзякаў, Уладзімір Бабраўніцкі, Нічыпар Бладыка. Пра іх не пішуць нават дыпломных работ і магістарскіх дысертацый, бо цэтлік «рэпрэсаваны» нават сёння можа папсаваць рэпутацыю.
Тры лёсы выбітных навукоўцаў
Перапісваўся з Эйнштэйнам, кіраваў праектаваннем першай электрастанцыі ў Беларусі, вучыўся ў сусветнага лідара матэматыкаў свайго часу.
Цэлясцін Бурстын
Матэматык, доктар філасофіі. Нарадзіўся ў 1888 годзе ў Цярнопалі (на той час — тэрыторыя Аўстра-Венгрыі). Скончыў Венскі ўніверсітэт, быў сябрам Камуністычнай партыі Аўстрыі. Праз камуністычныя погляды мусіў пераехаць у Мінск.
Арыштаваны 11 снежня 1937 года, асуджаны за «шпіёнскую дзейнасць на карысць Аўстрыі і Польшчы». Загінуў у мінскай турме НКУС 2 кастрычніка 1938 года. Яго сэрца літаральна не вытрывала катаванняў.
Абрам Каплан
Беларускі інжынер, эканаміст. Нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску ў сям’і купца. Меў вышэйшую адукацыю, быў дырэктарам Трэста харчовай прамысловасці ў Мінску, пазней — старшыня прамысловай секцыі (аддзела) Дзяржплана. Кіраваў праектаваннем першай электрастанцыі ў Беларусі (каля Арэхаўска, Аршанскі раён Віцебскай вобласці).
Ён быў адным з тых, хто распрацоўваў парадыгму будаўніцтва заводаў і фабрык. Браў пад увагу найперш эканамічны фактар, звязаны з рэнтабельнасцю. Прынцып, распрацаваны Капланам, улічваў сыравінныя рэсурсы, блізкасць прадпрыемстваў да мэтавай тэрыторыі, наяўнасць кваліфікаванай працоўнай сілы і транспартнай інфраструктуры.
Арыштаваны 12 снежня 1930 г. у Мінску, асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены датэрмінова, але паўторна арыштаваны ў 1937-м. Этапаваны ва Ухта-Іжэмскі канцлагер НКУС Комі АССР.
Вызвалены ў 1939 годзе. У 1944 годзе вярнуўся ў Мінск, кіраваў вытворча-тэхнічным аддзелам Беларускага металічнага трэста, пазней — дацэнт кафедры тэхналогіі металаў Беларускага політэхнічнага інстытута. Памёр 16 красавіка 1971 года. Рэабілітаваны праз 18 гадоў пасля смерці — у 1989-м.
Уладзімір Дыдырка
Беларускі матэматык, прафесар. Нарадзіўся ў 1877 годзе пад Чаркасамі. Паходзіў са шляхоцкай сям’і. Выпускнік Кіеўскага і Маскоўскага ўніверсітэтаў. Выкладаў у Мінскай мужчынскай гімназіі, Мінскім інстытуце народнай адукацыі, у БДУ.
Арыштаваны 31 кастрычніка 1937 года. Асуджаны на смерць адмысловай нарадай пры НКУС як «агент германскай разведкі». Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1965 годзе.
Тэкст: Марына Весялуха
Фотаздымкі прадастаўленыя Ігарам Кузняцовым
Читать на dev.by