Што адбываецца з даходамі абслуговых IT-кампаній з беларускімі каранямі. Пiша CEO

CEO Flatlogic i сябра BICC Філіп Дайнека напiсаў пост па вынiках апытанкi некалькiх дзясяткаў кiраўнiкоў IТ-кампанiй пра дынамiку ix даходаў за апошні год. Перадрукоўваем з дазволу аўтара.

30 комментариев

Я сябра групы BICC INTERNATIONAL. BICC — гэта клуб кіраўнікоў айці-кампаній, якія ў асноўным аказваюць паслугі распрацоўкі праграмнага забеспячэння. То-бок у нас там амаль няма прадуктовых кампаній, ёсць толькі абслуговыя, або змешаныя, як «Флэтлоджык», таму гаворка пойдзе пра іх :)

У эканоміцы існуе індэкс PMI, які замярае, ці змяніўся попыт на штосьці ў параўнанні з папярэднім перыядам. Ён замяраецца даволі проста. Вас апытваюць: «У параўнанні з папярэднім месяцам як змяніліся вашыя продажы?» І тры варыянты адказу: выраслі, на тым жа ўзроўні, пагоршыліся. Усё. Нуй гэты індэкс даволі часта выкарыстоўваецца для прагназавання ВУП і, наогул, лічыцца важным паказчыкам эканамічнай актыўнасці.

Трохі больш за год таму ў мяне ўзнікла ідэя зладзіць апытанне ў нашай суполцы сярод кіраўнікоў кампаній, каб бачыць, як мы маемся, і разумець, ці сапраўды на рынку спад, ці гэта проста размовы. Ідэю падтрымала кіраўніцтва BICC, таму, з іх дазволу, публікую вынікі ананімнага апытання.

Атрымалася, што на рынку сапраўды спад, і даволі моцны, як відаць з ніжэйшага графіка.

BICC Index

Як чытаць: чым большае за 50 значэнне, тым большы рост быў у выбарцы кампаній за перыяд у параўнанні з папярэднім. Калі значэнне роўнае або амаль роўнае 50 — значыць, у выбарцы кампаній даход амаль такі ж, як і ў папярэдні перыяд. Чым меншае за 50 значэнне, тым большы спад быў за перыяд у параўнанні з папярэднім.

Што адбываецца?

Як бачна з графіку, выручка амаль на працягу ўсяго года падала. Усе значэнні, ніжэйшыя за 50, значаць, што ў большасці кампаній за гэты перыяд даход знізіўся. Толькі 4 месяцы з 13 не маюць падзення. Аніводны месяц з 13 не мае істотнага росту. То-бок за гэты час абслуговыя ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі, якія ўдзельнічалі ў нашым апытанні, перажылі неспакойны час з перыядамі стагнацый і падзенняў. У цэлым кампаніі не дасягнулі ні стабільнага росту, ні нават проста вяртання да стабільнага стану бізнэсу.

Я маю спадзяванні на будучыню праз кастрычнік 2023, бо там значэнне 50, таму, магчыма, у лістападзе 2023 будзе рост. Але, магчыма, гэта проста сезоннасць.

Чаму такі спад? Маё меркаванне

Я бы вызначыў 4 чыннікі, якія моцна паўплывалі на стан абслуговых IT-кампаній з беларускімі каранямі.

1. Кавід і аддаленая праца

Мне здаецца, гэта адзін з асноўных чыннікаў, які паўплываў на спад попыту на паслугі распрацоўкі. Кавід адчыніў «скрыню Пандоры» з дазволам на аддаленую працу. Усе бізнэсы нечакана даведаліся, што супрацоўнікі могуць працаваць з дому і ўсё норм. Вядома, такая праца трохі горшая за прысутнасць у офісе, але ў асноўным нармальна. Таму з пункта гледжання бізнэсу з’яўляецца пытанне: калі я магу наймаць людзей аддалена, чаму б мне не наймаць людзей з аддаленых лакацый без пасярэднікаў? Навошта мне працаваць праз пасярэдніка, калі я проста магу наняць супрацоўніка з той жа ўсходняй Еўропы напрамкі? Таму гэты чыннік, на мой погляд, вельмі адмоўна ўплывае ў першую чаргу на попыт на аўтстаф-паслугі глабальна, дзе бізнэсу прадаецца чалавека-гадзіна, а не рашэнне.

2. Высокая працэнтная стаўка

Другі істотны чыннік — гэта высокая дзейная працэнтная стаўка. Калі пачаўся кавід, цэнтрабанкі пачалі друкаваць грошы пад нізкі працэнт, каб стымуляваць эканоміку. Вялікая колькасць гэтых грошай у тым ліку пайшла ў распрацоўку праграмнага забеспячэння, бо тэхналагічны сектар лічыцца рызыкоўным — туды ўкладаюць, калі ўжо ва ўсё астатняе ўкладзена :) Танныя грошы і перагрэў эканомікі праз пэўны час выклікалі вялікую інфляцыю як у ЗША, так і ў Еўропе. Таму цэнтрабанкі былі вымушаныя стаўку падняць, каб спыніць інфляцыю. А калі стаўка высокая, грошы дарагія і ўкладаць у высокатэхналагічны сектар робіцца не вельмі цікава.

Але, што важна, высокая стаўка — гэта цыклічны фактар, звязаны з бізнэс-цыкламі ў эканоміцы. То-бок цяпер фаза рэцэсіі, якая мае змяніцца фазай росту, аднаўлення, і, як вынік, ростам попыту на паслугі распрацоўкі.

3. AI & No-code

Распаўсюд прылад штучнага інтэлекту (AI), а таксама no-code прылад, мне здаецца, ёсць чыннікам, які не вельмі істотна ўплывае цяпер (ды ўжо заўважна), але які ўрэшце ці то заб’е, ці то значна трансфармуе галіну IT-паслуг. Гэта доўгатэрміновы нецыклічны фактар, які будзе пастаянна дзейнічаць і дзеянне якога будзе павялічвацца з цягам часу. Мне здаецца, яшчэ пару гадоў — і ў асноўным увесь софт будзе стварацца AI, у той час як чалавеку застанецца браць удзел толькі ва ўсялякіх складаных выпадках, якія патрабуюць асаблівай увагі, а таксама падтрымліваць існы софт.

4. Беларускі і рэгіянальны фактар

Апошняе — гэта нашая краіна і рэгіён. У той час як папярэднія чыннікі ўплываюць глабальна, гэты ўплывае толькі на нас. Мы, напрыклад, з такім не сутыкаліся, але шмат якія кампаніі згубілі кліентаў, або не набылі новых праз тое, што маюць беларускі офіс, карані, або проста знаходзяцца ў нашым рэгіёне. Гэты чыннік уплывае хутчэй як разавы моцны вонкавы шок, як разавае пагаршэнне, якое мае ўрэшце выправіцца ці то рэлакацыяй бізнэсу, ці то зменамі ў стаўленні кліентаў (каго гэта тычыцца), ці то пераарыентацыяй бізнэсу на рынкі, дзе афіліяванасць з Беларуссю не мае значэння.

Абмежаванні

Цяжка казаць пра 100% рэпрэзентатыўнасці даследавання, бо памер выбаркі ў сярэднім — 63 кампаніі, у той час як усяго абслуговых IT-кампаній з беларускімі каранямі больш за 1000. Гэта трэба таксама ўлічваць, экстрапалюючы высновы.

Вынік

Як відаць, ад 2022 года мы атрымалі «флэш раяль»: вайна, рэцэсія, рэлакацыя, пандэмія і штучны інтэлект. Проста вельмі складана ўявіць, што нешта можа быць горшым за гэтую камбінацыю для абслуговага IT-бізнэсу :)

Калі сур’ёзна, дык, мне здаецца, да ўсяго можна адаптавацца. Напрыклад, у адказ на зніжэнне попыту на аўтстаф-паслугі праз магчымасць наймаць аддалена можна рэагаваць прапановай паўнавартасных рашэнняў. Высокая стаўка — наогул цыклічны фактар, які праз пэўны час мае змяніцца ў бок росту. Да AI і No-code можна і трэба адаптавацца, інтрэгруючы AI і No-code як у працэсы кампаніі, так і ў прапановы для кліентаў. Наконт рэгіянальнага фактару, мне здаецца, і так усё зразумела — рэлакацыя фізічнай прысутнасці ў бяспечныя краіны. Але, на мой погляд, можна і варта казаць пра свае беларускія карані — маўляў, калісьці былі паспяховай беларускай кампаніяй, а цяпер рэлакаваліся.

Карацей, атрымліваецца, што час сапраўды складаны і проста спадзявацца і працягваць рабіць як раней не выйдзе — трэба адаптавацца.

P. S. Пакідайце, калі ласка, вашыя каментары і меркаванні! Вельмі цікава паслухаць, ці ўплывае гэта на вашую кампанію. Дзякуй!


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Как выживает ИТ-бизнес в Беларуси? Поговорили с топ-менеджментом
По теме
Как выживает ИТ-бизнес в Беларуси? Поговорили с топ-менеджментом
Минэкономики: ИТ восстанавливается уже четвёртый месяц. Это так?
По теме
Минэкономики: ИТ восстанавливается уже четвёртый месяц. Это так?

Читать на dev.by