«Захоўвала ў доларах і пашкадавала». Што беларусы робяць з валютай, якую перавезлі ў Польшчу

Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic у рамках праекта #нашасправа распытаў беларусаў, што яны робяць з гатоўкай доларамі, прывезенымі ў Польшчу з Беларусі. Ва ўмовах, калі за іх перавод на рахунак (наяўнымі) у мінулым годзе ўвялі камісіі.

21 каментарый

«$15К у РКО з камісіяй 0,5%»

— Мінулым летам перавозіла праз мяжу блізу $15К гатоўкай пасля продажу машыны. Ехалі з сяброўкай, таму нічога не дэкларавала. Адразу па прыездзе паклала грошы на рахунак у PKO з камісіяй каля 0,5%. Але гэта ўсё роўна было выгадней, чым канвертаваць у еўра і адпраўляць праз свіфт (долары свіфтом ужо не адпраўляліся).

Я захоўвала ўсё ў доларах і потым моцна пашкадавала: курс з таго моманту ўпаў з 4,4 да 3,9 злотых і я «страціла» 4-6 тысяч злотых. А нядаўна, калі курс падняўся да 4 злотых, я адразу ж перавяла ўсё ў злотыя — цяпер яны ляжаць на звычайным ашчадным рахунку са стаўкай у 1%». 

«$115К без камісій у Santander»

— Перавозіў грошы часткамі ад сакавіка 2023 года, спачатку $25К, потым $90К. Усё дэклараваў, дакументы аб іх паходжанні былі пры мне, перакладзеныя на польскую і завераныя натарыяльна. На беларускім баку ўсё пералічвалі і правяралі больш за гадзіну. 

У Польшчы атрымалася адразу ў РКО пакласці $20К, потым пачалі адмаўляць — і раз на месяц я мог пакласці не больш за $5К. Паводле маіх назіранняў, усё залежыць ад касіра: тыповая полька гадоў 55 абавязкова прачытае лекцыю пра тое, што я невядома адкуль гэтыя брудныя грошы прывёз і цяпер хачу ўсунуць іх у ахайную банкаўскую сістэму Польшчы.

Мяне адпраўлялі не менш за 12 разоў за рознымі даведкамі і дакументамі (прычым натарыяльныя пераклады, зробленыя ў Беларусі, тут не маюць сілы). У выніку, калі я сабраў тэчку дакументаў усіх відаў, мне ўсё роўна адмовілі.

Вырашыў не мець больш спраў з РКО і паклаў усё ў Santander: там пасля праверкі дакументаў і невялікага сумоўя пагадзіліся прыняць суму да $100К без камісій. Патлумачылі, што інакш у іх на праграмным узроўні аўтаматычна блакуецца рахунак, а потым ідзе доўгае расследаванне службы бяспекі.

У мяне яшчэ тады спыталі: «Вы прыехалі 3 месяцы таму, а што рабілі вашыя грошы ўвесь гэты час?». Сказаў, што адпачывалі ў шафе, пакуль мне дурылі галаву ў РКО.

«Частку праелі, частка пад матрацам»

— Мы прыехалі пры канцы 2021 года, з сабой везлі $10К накапленняў, астатнія $12К прывезлі сваякі і сябры за пару разоў. За час, пакуль уладкоўвалі жыццё, праелі каля $6K заначкі — увесь гэты час яна проста ляжала пад матрацам.

Спакойна пажылі ў Польшчы мы толькі месяц, потым пачалася вайна і санкцыі для беларусаў. Карацей, вырашылі не класці грошы ў банк: раптам заблакуюць або заўтра і з Польшчы прыйдзецца з’язджаць.

Нават калі курс долара быў 5 злотых, мы нічога з грашыма не рабілі — проста не разумелі, чаго чакаць далей ад злотага. А як вырашылі, што ўсё ж бяспечней будзе ў банку захоўваць гэтую валюту, так Польшча ўвяла камісіі. Карацей, захоўваем грошы і далей пад матрацам: больш іх не становіцца, а на першы ўнёсак за кватэру не хапае.

«$8К у скрыначцы, бо няма даверу да банкаўскай сістэмы»

— У мяне на чорны дзень (вайну, хваробу, раптоўнае звальненне) ёсць каля $8К гатоўкай. Калі з’язджала з Беларусі ў Грузію ў 2021 годзе, узяла іх з сабой. Трымала ў скрыначцы, нават калі адкрыла банкаўскі рахунак у банку Грузіі. Багата чула пра раптоўнае закрыццё рахункаў замежнікам.

Потым паехала ў Беларусь аформіць візу РВН і ўзяла баксы з сабой: назад у Грузію могуць не пусціць (бывала такое), так што вазіла з сабой усе свае рэчы. Памятаю, на выхадзе з мінскага аэрапорта мне насустрач выскачыў памежнік: «Колькі грошай з сабой везяце? Не ведаеце дакладна? Зараз палічым!». І рэальна да апошняй паперкі ўсё палічыў і нават знерваваўся, што я прайшла па зялёным калідоры з сумай меншай за $10К.

Потым паехала ў Польшчу ўсё з тымі ж грашыма, затым з імі ж у Грузію, завяршыць свае справы там. Потым назад у Польшчу. І ніхто нічога не пытаўся.

Цяпер грошы па-ранейшаму ляжаць у скрыначцы, бо час неспакойны.

«Паклалі ў банк, а потым купілі кватэру па выгадным курсе»

— Летась мы з дзяўчынай прывезлі $80К ад продажу кватэры, дэкларавалі ў абодвух пагранпунктах. Потым усё паклалі на рахунак у РКО без камісіі. Што праўда, на параду кансультанткі клалі па $10К у розных аддзяленнях банка — яна сказала, што работнікі баяцца браць больш. У адным з аддзяленняў далі падпісаць анкету, дзе трэба было пазначыць, адкуль грошы (напісаў, што ад продажу нерухомасці). У мяне была куча дакументаў, у тым ліку з прысяжнымі перакладамі, але іх не пыталі.

На гэтыя грошы купілі амаль адразу кватэру 50 квадратаў у Познані. Тады колькасць угод падала, а курс долара быў каля 4,5 — мы абмянялі ўсё ў інтэрнэт-банкінгу. Кватэра абышлася нам у 325 тысяч злотых, хоць праз год яна каштавала ўжо 520 тысяч злотых. 

Потым мы яшчэ двойчы ездзілі ў Мінск, каб прадаць аўто і тэхніку, і атрыманыя $8,5 везлі ўжо без дэкларацыі. Дарэчы, усе грошы і кватэра — мае, з дзяўчынай мы не ў шлюбе.

«Свядомы эмігрант 2016». +1 гісторыя з парадамі пра Польшчу
Па тэме
«Свядомы эмігрант 2016». +1 гісторыя з парадамі пра Польшчу
Аднаму вярнулі $7000, другому прыйшлося даплаціць $7000+. Экстрэмальныя кейсы з падаткамі ў Польшчы
Па тэме
Аднаму вярнулі $7000, другому прыйшлося даплаціць $7000+. Экстрэмальныя кейсы з падаткамі ў Польшчы
Як айцішнікі выводзілі/вывозілі больш за $10К у 2023
Па тэме
Як айцішнікі выводзілі/вывозілі больш за $10К у 2023
«Некуда бежать с детьми». Жена айтишника рассказывает про трудности миграции
По теме
«Некуда бежать с детьми». Жена айтишника рассказывает про трудности миграции

Читать на dev.by