«Без апавяшчэнняў». Карыстальнікі Revolut пра блакаванне карт у Беларусі

На мінулым тыдні банк Revolut, зарэгістраваны ў Літве, спыніў працу плацежных карт у Беларусі.

Беларускія карыстальнікі расказалі devby.io пра свой досвед выкарыстання сэрвісу. 

21 каментарый

«Больш не збіраюся карыстацца Revolut»

— Рахунак у Revolut адкрыў летась у маі. Пазней у Польшчы поштай атрымаў карту, калі прыехаў туды па гуманітарнай візе. Але ў кастрычніку 2022 года Revolut заблакаваў плацяжы па карце ў Беларусі, хоць у некаторых знаёмых плацяжы працягвалі праходзіць. Я ж мог толькі разлічвацца картай за мяжой.  

Прычын блакавання ў службе падтрымкі не назвалі. З досведу скажу, што Revolut у прынцыпе ні пра што не паведамляе, нават толкам на пытанні не адказвае. Толькі абстрактныя фразы і спасылкі на палітыку банка аб невыдаванні інфармацыі.

Напрыклад, пытаюся, ці спыніў банк магчымасць аплаты картай у Беларусі. Адказваюць, што не могуць гэтага сказаць у адпаведнасці з унутранымі правіламі.

Сёлета ў маі года Revolut закрыў і магчымасць паступлення грошай на рахунак, бо ў мяне скончыўся тэрмін дзеяння візы. Без новай візы гэтую функцыю нельга аднавіць. Я мог толькі здымаць гатоўку ў банкаматах, іншых опцый не засталося.

Гатоўку можна было здымаць без камісій у банкаматах некалькіх банкаў. Калі я правільна памятаю, то ў банкаматах Беларусбанка, БТА, МТБанка без камісій можна было зняць суму ў эквіваленце да 8 тысяч злотых. Звыш гэтага ліміту камісія за зняцце была дзесьці 1, 75% ад сумы.

Карыстаўся магчымасцю здымаць наяўныя да мінулага тыдня, калі банк цалкам спыніў абслугоўванне карт у Беларусі. Але пра гэта не было ніякіх апавяшчэнняў. 

Тэрмін дзеяння маёй карты Revolut скончыцца праз некалькі гадоў, але ўжо цяпер яна стала бескарыснай. Перавесці грошы на рахунак не магу, зняць гатоўку ў банкамаце таксама. Рэшту сродкаў перавёў са свайго рахунку на рахунак Revolut, які ёсць у сябра (ён жыве за мяжой). Сума невялікая, забяру грошы, калі будзе магчымасць выехаць з Беларусі.

Пасля ўсёй гісторыі з Revolut і досведам зносін з тэхпадтрымкай больш не збіраюся карыстацца гэтым банкам. У якасці альтэрнатывы разглядаю Payoneer. Але патрэбны рахунак у польскім банку, якога ў мяне няма. Мабыць, прыйдзецца ехаць і адкрываць.

«Банк закрыў рахунак не з маёй ініцыятывы»

— Адкрыў рахунак у Revolut яшчэ ўлетку 2020 года. У мяне была польская нацыянальная віза па Карце паляка, рахунак адкрываў як рэзідэнт Польшчы. Таксама ў Польшчы атрымаў карту банка.

Яшчэ з восені мінулага года Revolut заблакаваў анлайн і афлайн плацяжы па картах на тэрыторыі Беларусі, пакінуў толькі магчымасць здымаць гатоўку ў банкаматах. А сёлета ў жніўні Revolut закрыў мой рахунак не з маёй ініцыятывы.

Гэта здарылася пасля падачы розных выпісак для пацверджання крыніцы паступлення сродкаў на рахунак. Я выводзіў грошы з крыптабіржы праз p2p, былі розныя адпраўнікі. Думаю, гэта банку не спадабалася, і мяне апавясцілі аб закрыцці рахунку.

Да гэтага, яшчэ ў чэрвені 2023, па польскай візе адкрыў рахунак на Wise. Усе плацяжы праходзілі на тэрыторыі Беларусі. Але праз месяц прыйшло паведамленне ад банка аб тым, што з 25 ліпеня Wise цалкам блакуе ўсе плацяжы ў Беларусі, у тым ліку зняцце наяўных у банкаматах.

У Еўропе цяпер я працягваю спакойна карыстацца Wise для розных плацяжоў. Таксама хачу адкрыць рахунак у zen.com. Гэта еўрапейскі фінтэх-сэрвіс, аналаг Revolut.

Revolut у Беларусі

Улетку 2021 года Revolut паведаміў пра запуск грашовых пераказаў у Беларусь у 30+ валютах, уключаючы долары і еўра. Ужо ў сакавіку 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, фінтэх-сэрвіс прыпыніў пераказы ў Беларусь і Расію. З лета гэтага года банк пачаў блакаваць рахункі карыстальнікаў у Беларусі і Расіі, калі яны не маглі паказаць еўрапейскі дазвол на жыхарства або працоўную візу. На мінулым тыдні Revolut спыніў разлікі плацежнымі картамі ў Беларусі.

Хто яшчэ заблакаваў абслугоўванне карт у Беларусі

У апошнія паўтара месяца абслугоўваць карты ў Беларусі акрамя Revolut перасталі больш за пяць замежных банкаў.

Банкаўская група Swedbank заблакавала магчымасць разлікаў картамі ў Беларусі на пачатку верасня, «улічваючы маштабы санкцый і звязаныя з імі рызыкі». Абмежаванні закранулі аплату за тавары і паслугі ў гандлёвых і сэрвісных пунктах, а таксама зняцце наяўных у банкаматах на тэрыторыі Беларусі. 

Эстонскі Coop Pank 11 верасня заблакаваў разлікі па картах у Беларусі, а з 16 верасня — зняцце гатоўкі ў банкаматах. 

Шведскі SEB Bank 15 верасня апавясціў кліентаў, што праз санкцыі «не можа забяспечыць магчымасць выкарыстання карт банка ў Беларусі (як у крамах і месцах абслугоўвання кліентаў, так і банкаматах). SEB спыніў адпраўку і атрыманне плацяжоў у Беларусь / з Беларусі ў любой валюце, а таксама адпраўку карт банка ў Беларусь.

Балтыйскі Luminor Bank перастаў абслугоўваць плацежныя карты на тэрыторыі Беларусі 25 верасня. Заблакаваныя анлайн- і афлайн-плацяжы і магчымасць здымаць грошы ў банкаматах.

Латвійскі банк Citadele заблакаваў працу банкаўскіх карт у Беларусі на пачатку кастрычніка. Абмежаванні закранулі ўсе плацяжы і зняцце наяўных. «Кліентам, якія вырашылі паехаць у Беларусь, рэкамендуем загадзя паклапаціцца аб наяўных грошах перад уездам у краіну», — папярэдзіў банк сваіх карыстальнікаў. 

На мінулым тыдні абслугоўваць свае карты ў Беларусі перастаў літоўскі банк Šiaulių bankas. Пры гэтым у банку адзначылі, што «абмежаванні не маюць аказаць істотнага ўплыву на нашых кліентаў, паколькі ў Беларусі ажыццяўляецца вельмі мала разлікаў».


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Беларусы не заметили ужесточения в Revolut. И даже знают, как обойтись без ВНЖ
По теме
Беларусы не заметили ужесточения в Revolut. И даже знают, как обойтись без ВНЖ
Revolut стаў патрабаваць еўрапейскі дазвол на жыхарства або працоўную візу з беларускіх і расійскіх карыстальнікаў — інакш блакуе рахункі
Па тэме
Revolut стаў патрабаваць еўрапейскі дазвол на жыхарства або працоўную візу з беларускіх і расійскіх карыстальнікаў — інакш блакуе рахункі

Читать на dev.by