«Колькі зарабляеш?». Што правяраюць на мяжы і ў аэрапорце летам

Кейсы на мяжы з Літвой, Польшчай, у мінскім аэрапорце.

45 каментарыяў

Папрасілі чытачоў падзяліцца новымі кейсамі дадатковых праверак пры перасячэнні мяжы з Беларуссю.

«Дзе працуеш, колькі зарабляеш?»

Быў «народны» артыкул, але па ім ужо ў 2021 знаёмых «шманалі» ў аэрапорце, а мяне тады абмінула — напаткала толькі ў 2023-м.

Праходзіў допыт абодва разы, як перасякаў мяжу — польскую аўтобусам у маі і літоўскую на машыне ў ліпені. Адбывалася гэта так: у памежнікаў нешта «завісала», і канваір адводзіў да чалавека ў цывільным. Працягласць кожнага была хвілін 10-20: адзін раз тэлефона не глядзелі, другі глядзелі. Ноўта не глядзелі. Было шмат асабістых пытанняў: як мне здаецца, спрабавалі разварушыць эмацыйна. 

Пытанні такія: дзе працуеш, колькі зарабляеш, ці не бачыў вайсковай тэхнікі, ці ходзіш «на падзеі» там.  У тэлефоне шукалі дэструктыўныя матэрыялы. Гартаючы мініяцюры, знайшлі здымак з ЛГБТ-маршу, і на ім у кутку сцяг. Паўшчувалі: «Што ж вы сказалі, што дэструктыўнага нічога няма».

Яшчэ цікавіліся штампамі ўезду-выезду і візамі: маўляў, да каго і навошта лятаў. Асабліва цікавіліся амерыканскай візай: чулі, грамадзянам Беларусі вельмі складана атрымаць амерыканскую візу… (Паўза). Што ты зрабіў [каб яе атрымаць]?» Адказаў, што прыйшоў у амбасаду і атрымаў.

«Памежніца ўдакладніла, колькі я не была ў РБ»

Лятала ў Беларусь з Грузіі на пачатку ліпеня. Памежніца ўдакладніла, колькі часу мяне не было ў Беларусі — менш за год ці больш? Адказала, што прыкладна год. Пасля гэтага мой пашпарт забралі, а мяне адвялі ў абгароджаную стужкамі зону з лавачкамі і сказалі чакаць. За 15-20 хвілін з двух рэйсаў туды прывялі яшчэ чалавек 15 і па чарзе сталі выклікаць. Калі дайшла мая чарга, мяне адвялі на асобную лавачку, і чалавек, які не назваўся, пачаў задаваць пытанні і правяраць мабільны тэлефон. 

З пытанняў: 

— Удзел у мітынгах 2020 года; 

— Ці данаціла я куды-небудзь, у тым ліку УСУ;

— Ці звязваліся са мной спецслужбы Грузіі або УСУ / Ці прасілі аб дапамозе;

— Прычына наведвання радзімы і дзе я планую спыніцца;

— Агульныя пытанні наконт таго, што я наогул раблю за мяжой (сказала, што па працы перавялі ў грузінскі офіс).

Не ўпэўненая, што менавіта правяралі ў маім тэлефоне, экрана я не бачыла. Але пытанняў па змесціве не было. 

Пасля гэтага пашпарт аддалі і мяне прапусцілі. Усё доўжылася хвілін 20. Але, можа, і менш: у такія моманты час цячэ значна павольней, на выхадзе ў мяне трэсліся рукі. Іншых падстаў для гутаркі, акрамя часу адсутнасці, у мяне не было. Я так зразумела, што найлепшая стратэгія ў такіх сітуацыях — не скандаліць, не качаць правоў і не паказваць, што ты пра гэта думаеш.

У адной жанчыны з маёй чаргі канфіскавалі пашпарт і сказалі забраць праз два тыдні па месцы прапіскі. На яе пытанне «чаму» чалавек у форме не адказаў, пра прычыны можна толькі здагадвацца. Быў яшчэ мужчына, які спрабаваў лаяцца — яго адвялі, і больш я яго ў чарзе не бачыла.

З прыкольнага: здаецца, у прыбіральню з чаргі (з ахоўнікам) адпускаюць толькі тых, у каго грамадзянства РБ. Пару жанчын пры мне не пусцілі. А ў мяне пасля пытання пра прыбіральню спыталі грамадзянства.

«Мне не паверылі адразу, што я з турыстычнай мэтай»

У чэрвені ў «Каменным Логу» перасякаў мяжу на машыне. Дзесьці ў іх птушка за 2020 стаіць, але гэта першы раз, калі яна дала пра сябе ведаць, — датуль выязджаў у ЕС без праблем.

Людзі ў цывільным спыталі, ці бачыў я вайсковую тэхніку ў ЕС, ці ўступалі са мной у кантакт якія-небудзь падазроныя людзі, ці не перадавалі мне чаго-небудзь.

У Беларусі я не быў усяго тры тыдні, але ў размове мне не паверылі адразу, што я паехаў з турыстычнай мэтай, быццам ужо ўсе на ПМЖ з’ехалі. Падумалі, што працую ў ЕС і, магчыма, у мяне другі пашпарт або дазвол на жыхарства.

— Дзе працуеце?

— У Мінску.

— Не, вы не зразумелі. У Еўропе дзе працуеце?

Яшчэ ў тэлефоне нешта паглядзелі і нагадалі, што няможна быць падпісаным на забароненыя каналы.

На ўсё сышло хвілін 10. Пры выхадзе з будынка да пункта пропуску памежнік спытаў: «Адпусцілі?»

«Чаму ляцелі праз Маскву?»

Я дызайнер, прылятаў у аэрапорт Мінска з Турцыі. Там жыў год.

На пашпартам кантролі, акрамя памежніка, была яшчэ дзяўчына, якая задала мне, пэўна, пытанняў 20. Дзе былі, чым там займаліся? Дзе былі ў 2020 годзе, чаму ляцелі ў Турцыю не праз Беларусь, а праз Маскву? І г. д.

Пасля гэтага чарга дзялілася яшчэ на тры, кожную сустракалі яшчэ два чалавекі — адзін у форме і яшчэ адзін у цывільным. Таксама задавалі пытанні, частку такіх жа, але ў цэлым менш.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

На мяжы просяць адмовіцца ад карты паляка? Спыталіся ва ўладальнікаў D18
Па тэме
На мяжы просяць адмовіцца ад карты паляка? Спыталіся ва ўладальнікаў D18
«Правяралі Telegram, Instagram, фота». Як абшукваюць людзей на мяжы РБ 
Па тэме
«Правяралі Telegram, Instagram, фота». Як абшукваюць людзей на мяжы РБ

Читать на dev.by