«У кожную новую кампанію йшла на ніжэйшы тайтл». Як распрацоўшчыца пракрочыла шлях ад EPAM да Netflix
28-гадовая Юлія Максімчык трапіла ў EPAM на трэцім курсе Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. Ад тых часоў яна паспела папрацаваць у буйной аўтсорс кампаніі Godel Technologies, амерыканскім Lyft, рэлакавацца ў Варшаву і стаць senior frontend распрацоўшчыцай у Netflix.
Яна расказала devby.io пра свой кар’ерны шлях, асаблівасці сумоўяў у аўтсорс і прадуктовыя кампаніі, выгаранне і чаму заўсёды ставіць магчымасць атрымаць новы досвед вышэй за свой камфорт.
Ляхавічы — Брэст — EPAM
Я нарадзілася ў маленькім горадзе Брэсцкай вобласці, раённым цэнтры Ляхавічах. Школу скончыла тамсама. Пасля 11 класа, У 2011 годзе, пераехала ў Брэст, паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна на фізіка-матэматычны факультэт.
Хацелася б расказаць прыгожую гісторыю, што я яшчэ тады ведала, што буду працаваць распрацоўшчыцай, што гэта маё прызначэнне, але не.
У мяне матэматычны склад розуму, таму мяне хваляй прыбіла туды, куды трэба. Гэта таксама быў шанец проста выбрацца са свайго горада, паглядзець нешта, першы досвед самастойнага жыцця без нейкай дапамогі асаблівай.
Усё закруцілася на трэцім курсе. Ва ўніверсітэце ў нас выкладаў Мікалай Стралец — распрацоўшчык з EPAM. Мы рабілі вэб-праграмы на PHP на ягоных гэтых занятках. Ён сказаў, што ў мяне добра атрымліваецца і параіў пайсці на вочныя курсы ад EPAM, якія яны праводзілі ці то раз на год, ці то раз на паўгода. Прайшла тэст невялікі, пэўна, рэкамендацыя выкладчыка таксама адыграла сваю ролю. Гэта быў 2015 год.
У групе было 12 чалавек, заняткі праходзілі ва ўніверсітэце вечарамі. Вывучалі .NET — тады франтэнд не вельмі папулярны быў, гэта не было масавай з’явай. Курсы добра скончыла, і летам EPAM прапанавалі пайсці да іх у лабу, дзе ўжо перакваліфікавалася ў франтэндара.
Сумяшчаць з універсітэтам было быццам бы нармальна. Выкладчыкі, можна сказаць, зычліва ставіліся да тых, хто ўжо працаваў. На патрэбныя лекцыі, на патрэбныя лабы я прыходзіла, на якіясьці не, дзесьці на працу пазней прыходзіла. На працы ўжо набыла нейкі досвед праграмавання, таму лабы хутчэй рабіліся. Сесіі здавала з сярэднім поспехам. Яшчэ іншыя сферы жыцця таксама бурапенілі, таму не ведаю, як жыла. Але выжыла і атрымала дыплом.
EPAM — Godel
У EPAM я прапрацавала амаль чатыры гады, увесь час літаральна на адным праекце. Праект быў з Нідэрландаў у сферы трэвел-бізнэсу, яны рабілі вэб-сайты па продажы авіябілетаў. Мая каманда працавала над CMS для іх мультыдаменных сайтаў. Там, думаю, я англійскую мову сваю і прапампавала — была цесная камунікацыя са стэйкхолдарамі. І боязь браць нейкую адказнасць на сябе [таксама пераадолела].
Сышла з кампаніі восенню 2018.
Дык вось у EPAM асабліва пасылаў сыходзіць у мяне не было. Мне падабаўся і праект, і можна было далей развівацца, але паклікалі на сумоўе ў Godel, прапанавалі больш грошай. У іх якраз тады офіс у Брэсце стартаваў, было шмат перспектыўных праектаў.
Я чалавек цікаўны, заўсёды за штосьці новае. Там таксама быў такі доўгатрывалы праект на чатыры гады з брытанскім стартапам, які афіцыйна партнёр з Godel. Гэта стартап у сферы ground transportation, у іх было некалькі правайдараў-перавозчыкаў. Па сутнасці гэта быў такі вялікі маркетплэйс з рознымі таксістамі. Чалавек мог параўнаць цэны і выбраць тое, што яму больш спадабалася, забраніраваць праз наш сайт і паехаць на гэтым таксі.
Там было наогул класна. Я ездзіла ў камандзіроўкі ў Лондан, навучылася многаму, завяла новых сяброў. Усе так з’ядналіся, што дагэтуль камунікуем. Яшчэ я выйграла прэмію Software Engineer of the Year 2019 Woman in IT, пакуль у Godel працавала.
З аўтсорсу ў прадукт
З Godel я сышла восенню 2021. Рэч у тым, што я не толькі на праекце працавала, яшчэ была рэсурсным менеджарам, выконвала кучу актыўнасцяў.
І вось мяне клічуць на сумоўе ў Lyft па рэферальнай праграме ад сябра, які ўжо там працаваў. У Амерыцы Lyft — гэта таксі, канкурэнт Uber. Там свае кіроўцы, машыны, цэнтры абслугоўвання аўто. Прама сур’ёзны стартап. Гэта ўжо прадуктовая распрацоўка, гэта свой прадукт, гэта вялікая гульня. Тут іншае мысленне мае быць.
І працэс наймання ў аўтсорсе і прадуктовай кампаніі — гэта два розныя светы. У аўтсорсе нейкія тэарэтычныя пытанні, невялікае заданне на аркушы або камп’ютары давалі павырашаць, але на практыку ўхілу не было. Вельмі пераймалася перад сумоўем, бо многія тэарэтычныя пытанні ўжо забылася. Ніколі ў жыцці мне не было патрэбным прывядзенне тыпу ў JavaScript, напрыклад.
Інтэрв’ю было дастаткова стрэсавае ў тым ліку і таму, што яшчэ на цябе розныя людзі глядзяць. Звычайна ціхенька можаш нешта падгледзець, трошкі, а тут сядзяць людзі, з якімі трэба камунікаваць, расказваць. Вырашаеш задачу і прама адразу атрымліваеш фідбэк. Мінус яшчэ ў тым, што сумоўі ўвечары (у асноўным з табой размаўляюць амерыканскія менеджары).
Прычым на кожным этапе сумоўя былі розныя людзі. І потым, калі ўжо сама праводзіла сумоўі ў іх, праводзіла толькі адзін этап. У іх такая сістэма, каб не было biased decisions, каб адзін чалавек не вырашаў, ці наймаюць супрацоўніка, ці не. Бывае, што людзі ўмомант, за тры секунды вырашаюць нешта пра чалавека. А тут калі адзін этап дрэнна прайшоў, а астатнія добра, цябе наймуць.
Рэлакейт
Усе сумоўі я прайшла і ўладкавалася ў беларускі офіс Lyft. Але пасля пачатку вайны кампанія прапанавала пераехаць у Польшчу.
Датуль я хацела жыць у Беларусі і падарожнічаць. Напрыклад, папрацавала месяц з Беларусі, паехала ў горы, там папрацавала, вярнулася. Купіла жытло ў Брэсце. І карта паляка дазваляла атрымаць візу досыць лёгка. У мяне ўсё ідэальна складвалася. Але здарылася тое, што здарылася.
Пачала рыхтавацца да пераезду: з’ехала са здымнай кватэры, сабрала дакументы, сабаку ў парадак прывяла, усё прышчэпкі зрабіла, знайшла кватэру ў Варшаве і спакойным тэмпам пераехала ў лістападзе 2022. Я ў сваім жытле ў Брэсце і не пажыла, што крыўдна. Улетку толькі на тыдзень з’ездзіла, на матрацы паспала і вярнулася ў Польшчу.
Кампанія дапамагла і з пераездам, і нейкія грошы давала. Іх хапіла на рыэлтара, першы месяц жыцця, плюс заробак таксама індэксаваўся па польскім рынку. Так, адкладаць я магу менш тут, ніж у Беларусі, але не занадта ўзровень жыцця ўпаў, досыць камфортна. Гэта вялікая заслуга кампаніі. І ў гэтым таксама адрозненне прадукту ад аўтсорсу, дзе пераязджаеш, а заробак праз курс або падаткі становіцца меншым.
Дарэчы, яшчэ да гэтага ўсяго, раз на год Lyft вывучалі заробкі на рынку ў падобных кампаніях і падымалі заробак, нават калі не было прамоўшану, каб супрацоўнікі не сыходзілі дзеля грошай кудысьці.
Lyft — Netflix
Сышла з Lyft ў ліпені 2023. З таксі я працавала на той момант ужо досыць доўга: праект у Godel, Lyft. Я вельмі класныя рэчы рабіла, у Lyft па тэхналогіях — космас, але ground transportation ужо ў пячонках сядзеў.
А тут я прыехала, абжылася, і Netflix сам выйшаў на мяне — заханціў рэкруцёр на LinkedIn. Яны прапанавалі пайсці туды пасумовіцца, я такая: «Ну Netflix, гляджу, люблю, чаму б не паспрабаваць». Падумала, што адным вочкам пагляджу, што там, і застануся ў Lyft. Але паглядзела, спадабалася. Таксама адкрываецца офіс, вельмі добрыя перспектывы, шмат людзей наймаюць. Усе выдатныя спецыялісты — толькі ад пяці гадоў досведу і больш.
Па заробку я выйграла, але не так шмат, як у папярэднія разы. Трэба расці ўнутры кампаніі.
Паралельна з Netflix хадзіла на сумоўі і ў іншыя кампаніі, дзе прапаноўвалі рэлакейт у Амстэрдам. Заўважыла, што гутаркі ўсюды былі прыкладна аднолькавымі, усе настроеныя на практыку. Нідзе не было тэарэтычных сумоўяў. У Netflix была тэхнічная частка з анлайн-кодзінгам, але сумоўяў з менеджарамі было больш, ніж тэхнічнай часткі. І таксама былі розныя людзі на розных этапах. І больш было не пытанне-адказ, а размова. Трэба было расказаць пра нейкі выпадак з працы: як паступіла ў той сітуацыі, як мелася паступіць, чаму навучылася. Людзі слухалі і на аснове гэтага кудысьці далей рухалася размова.
Выбрала нешта новае, а не камфорт у Lyft, бо я не сяджу ў камфортнай зоне. Мне падабаецца вырашаць задачы, рухацца, гэта частка мяне ў тым ліку і ў працы.
Плюс калі й звальненне або скарачэнне, то ў прадуктовых кампаніях гэта лепей, ніж у аўтсорсе: даюць тры ці больш заробкаў, а далей ідзеш шукаць працу. Ды і ў мяне думкі такой не было, што нешта будзе не так [праз крызіс у ІТ]. Ну калі звольняць з Netflix, то звольняць. Ёсць дакладнае ўсведамленне сваіх скілоў, і я ўпэўненая, што знайду працу пры любым рынку.
Чым займаюцца распрацоўшчыкі ў Netflix?
Усё тое ж самае, што і ў любой іншай кампаніі. Проста гэта адбываецца на глабальнейшых праектах, ужо відаць маштаб.
Калі ў EPAM працавала, там, напрыклад, 100 000 карыстальнікаў [карысталіся прадуктам]. У Netflix, хоць і працую над унутранымі туламі, усё роўна большы маштаб — больш тых, хто гэта бачыць, каму гэта трэба, каму гэта дапаможа. У прынцыпе з тэхналагічнага пункту гледжання там усё вельмі падобна, але маштабы, куды рухаецца кампанія, іншыя. Цікава паглядзець, як я раблюся часткаю гэтага.
Што пасля Netflix?
Прыдумала нядаўна, чаго хачу дасягнуць у жыцці. У мяне было вельмі дрэнна з картамі — я ўвесь час гублялася, нават па гугл-навігатары. Потым (шмат гадоў таму) з’явілася функцыя: на экране каля пункту, у якім ты знаходзішся, ёсць кірунак, які паказвае, у які бок ты глядзіш. І я так вызначаю, куды ісці. Гэта ж так жыццё спрашчае.
Яшчэ я імкнуся натхняць пабольш жанчын, каб яны ішлі працаваць у ІТ і не баяліся нічога.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by