Як плаціць падаткі блогерам. Пытанні з адказамі і без
Сабралі каментары падатковай і зрабілі сякія-такія высновы.
Як блогерам, якія атрымліваюць прыбытак ад сваёй дзейнасці, плаціць падаткі ў Беларусі? Пытанне складанейшае, чым можа падацца. Мы пагутарылі з блогерамі і даведаліся пра нюансы, якія могуць збіць з панталыку падатковага кансультанта, адправілі пытанні ў МПЗ (даўно, але без адказу), прачыталі старыя каментары падаткавікоў і выслухалі новыя (у якіх часткова атрымалі адказы на пытанні). Дзелімся тым, што даведаліся дакладна і ў чым сумняваемся.
У блогера ў канале адрас для данатаў. Як плаціць падаткі?
Як з падарункаў. Кожны год падаткавікі ў Беларусі ўстанаўліваюць лімітавую сукупную суму грашовых падарункаў (грошы ад блізкіх сваякоў у яе не ўваходзяць), якая вызваляецца ад выплаты падаткаў. У 2023 годзе яна складала 9338 BYN, у 2024 — 10 431 BYN. Калі падарылі больш, грошы трэба задэклараваць і з сумы перавышэння выплаціць падаходны падатак — 13%.
Тут ніякіх выключэнняў?
Ёсць адное. Падарункам лічыцца толькі бязвыплатная дапамога. Калі за данаты блогер дае нейкія прэферэнцыі (напрыклад, ранні доступ або доступ да закрытага кантэнту), гэта ўжо не падарунак, і значыць вылік не патрэбны.
Добра, а што з рэкламай? Напрыклад, кантэкстнай на Youtube. Або прамой: блогер сам рэкламуе тавар/паслугу.
Яшчэ нядаўна падатковая на гэтае пытанне адказвала так: калі рэкламны даход паступае ад адной крыніцы, то ён абкладаецца падаходным падаткам (13% па выніках падатковага года). А вось калі рэклама размяшчаецца пастаянна і даход паступае больш як з адной крыніцы, то такая дзейнасць можа быць прызнаная прадпрымальніцкай з усімі вынікамі.
Што, усяго дзве крыніцы рэкламнага даходу — і ўжо прадпрымальнік? То-бок адзін чалавек не можа атрымліваць даходы і ад Google, і ад Telegram? Або ад кантэкстнай рэкламы і адначасова ад прамой?
Відаць, раней у строгім сэнсе такія кейсы падпадалі пад абмежаванні. Але спакойна, са з’яўленнем ППД ад 1 студзеня 2023 года ўсё стала прасцей.
Дакладна, ППД! Гэта ж аказанне паслуг у інтэрнэце, артыкул 7. Так можна плаціць не 13%, а 10%?
Так. Блогерам можна ў ППД. Тлумачэнні ёсць на сайце МПЗ у рубрыцы «Пытанне-адказ», гэта ж тлумачыць (15:15) начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Андрэй Кавалеўскі:
— І сапраўды, ад 2023 года тыя, хто пачаў ужываць ППД, ужо мелі права рэкламаваць тавары (і не толькі тавары. — dev.by), выплачваючы ППД па стаўцы 10%.
І што, на ППД можна мець больш за адную крыніцу рэкламнага даходу?
Так. Блогер на ППД можа аказваць рэкламныя паслугі некалькім заказчыкам, застаючыся ў легальным полі і плацячы 10% падатку.
А калі ў дадатку «ППД» блогер так і не зарэгістраваўся, а рэкламныя даходы за мінулы год былі?
Трэба запоўніць дэкларацыю і выплаціць 13% падаходнага падатку. І спадзявацца, што вашую дзейнасць не прызнаюць прадпрымальніцкай. Так, адзін наш знаёмы блогер нядаўна схадзіў у падатковую на кансультацыю і прыкладна на ўсе пытанні атрымаў адзін адказ: плаціце 13%.
Пачакайце, У мяне Youtube-канал, які дае даход і ў выглядзе данатаў, і ў выглядзе спонсарскай падпіскі, і за рэкламу. У аналітыцы відаць, што колькі прынесла. Але на акаўнт грошы прыходзяць разам: Youtube проста пералічвае іх па дасягненні парога выплаты ў 100 у. е. І як гэта падзяліць?
Мы не ведаем, што думаюць пра гэта ў МПЗ. А вось знаёмы падатковы кансультант адказала так: «Ніяк не падзяліць. Кажам, што ўсё гэта рэклама». Відавочна, «падарункавы» вылік у 9338 BYN да данатаў у гэтым выпадку не ўжывеш (дарэчы, а як наогул даказаць, што гэта быў данат?), а вось абысціся выплатай ППД, відаць, можна. Але наогул у гэтым месцы відавочна не хапае каментара падаткавікоў.
Атрымліваецца, плаціць 13% падаходнага па выніках года або 10% ППД рэгулярна — гэта выбар блогера?
Увогуле, так. Але калі плаціце 13% і крыніц больш за адную, асцерагайцеся прызнання вас прадпрымальнікам. Ці можна адразу адкрываць прадпрыемства і плаціць 20%.
Дарэчы, калі вы маюць намер прадаваць свой мерч, то рэгістраваць бізнэс прыйдзецца.
Ну, здаецца, выбар на карысць ППД відавочны. Дык значыць, усё проста: развівай блог, атрымлівай грошы і плаці 10%?
Калі б. Праз чатыры месяцы, 12 ліпеня 2024 года, уступаюць у сілу змены ў Закон пра рэкламу. Як тлумачыць МАРГ, яны ўводзяць забарону на аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы ў інтэрнэце юрасобамі і ІП, не ўключанымі ў рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў.
Так, блогер на ППД фармальна не ІП і не юрыдычная асоба, тым не менш медыя актыўна пішуць пра тое, што ўсім блогерам дарога ў рэестр.
А што кажуць пра гэта падаткавікі?
Яны з гэтай нагоды тлумачэнняў не даюць і накіроўваюць у МАРГ.
— Падатковае заканадаўства як бы выконваецца, але каб не было парушэння іншага заканадаўства, пра рэкламу, трэба звязвацца з МАРГ або яго тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі і ўдакладняць, ці будуць мець права фізічныя асобы ажыццяўляць рэкламную дзейнасць, — папярэджвае Андрэй Кавалеўскі. — Але гэта ўжо не пытанне падатковага заканадаўства.
Читать на dev.by