Вярнуць бізнэс-экспатаў, урокі як на Netflix, каноплі замест паліва. Якія ідэі для Беларусі прыдумалі людзі да 30-і

Вынікі конкурсу для маладых беларусаў Belarus Future Leadership Award.
19 каментарыя

Вясной каманда беларускіх прафесіяналаў з розных краін, стартапераў і супрацоўнікаў буйных міжнародных кампаній, клікала моладзь да 30-і гадоў падзяліцца ідэямі для Беларусі ў рамках конкурсу BFLA. Найлепшым абяцалі ментарства і грашовы прыз. Прыйшлі 88 чалавек, у фінал трапілі 20. Што яны прапанавалі?

Шмат усякага. Ад антыфрод-рашэння праз ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і дынамічны пароль да барацьбы з глабальнай праблемай адзіноты праз стварэнне «трэціх месцаў» — нязмушаных грамадскіх зон, дзе людзі могуць збірацца і ўзаемадзейнічаць.

Яшчэ стартап для персаналізаванага падыходу ў лячэнні хваробы Паркінсана, інтэрактыўную адукацыю як на Netflix, камерцыялізацыю спадарожнікавых даных Беларускага касмічнага апарата, стварэнне корпуса беларускай мовы, чат-бот для юрыдычнай дапамогі.

Частка ідэй была прыземленай і прадметнай, як, напрыклад, вытворчасць паліўных брыкетаў з ападкаў сцёкавых вод або вермікампасціраванне, то-бок паскораная перапрацоўка харчовых адходаў з дапамогай чарвякоў. Другая сыходзіла ў сюррэалістычны адрыў, прапаноўваючы склеіць змрочную рэальнасць са светлай будучыняй.

Так, адная канкурсантка пераймаецца, што краіна апусцела, і прапаноўвае «як мага раней спрасціць правілы легалізацыі замежнікаў у нашай краіне і разгарнуць рэкламную кампанію ў замежных медыя пра тое, што мы гэта зрабілі». 

Другая ўдзельніца прапаноўвае тры крокі для вяртання бізнэс-экспатаў у Беларусь. Не, не тыя, што вы падумалі. Гэта стварэнне прывабнага бізнэс-асяроддзя (падаткі ды іншае), выхаванне прагрэсіўных дзяржслужачых і іх палітычная воля + стварэнне структур і праграм для «мяккай пасадкі» (гэта не каламбур, а пераклад з англійскай soft landing) бізнэсменаў, якія вяртаюцца. 

Яшчэ ёсць ідэі на стыку тэхналогій і рамантыкі, напрыклад, «як захаваць беларускую мову для будучыні незалежна ад колькасці носьбітаў або любых намаганняў па лінгвацыдзе». Вось з якіх пунктаў складаецца план выратавання:

  1. [Ствараем] корпус існых даных на беларускай мове;
  2. Дэцэнтралізаванае peer-to-peer сховішча;
  3. Носьбіты папаўняюць яго сваімі тэкстамі;
  4. Адаптуем існыя інструменты працы з мовай.

— Самае цікавае — гэта магчымасці, якія адкрываюцца са стварэннем такой сістэмы, — кажа аўтар ідэі на імя Рамі. — Напрыклад, нават невялікая колькасць якасных даных дазволіць выкарыстоўваць магчымасці перадавых вялікіх моўных мадэляў з беларускай мовай. Гэта знізіць парог уваходу для любых ініцыятыў, звязаных з нашай роднай мовай! Напрыклад, калі хтосьці вырашыць перакласці круты новы медыцынскі артыкул на беларускую, гэта будзе зрабіць нашмат прасцей. Або стварыць беларускую AI-няню. Або разабрацца ў свежазнойдзеных напаўспарахнелых тэкстах на старабеларускай. Чым меншы парог уваходу ў любыя кейсы прымянення мовы, тым больш іх будзе. Чым больш кейсаў, тым больш у нас даных, з якімі інструменты становяцца яшчэ круцейшымі.

А ёсць ідэі, накіраваныя на гуманізацыю і аздараўленне грамадства. Так, адзін канкурсант прапаноўвае спосаб спрасціць аказанне псіхалагічнай дапамогі насельніцтву, ствараючы міні-цэнтры ментальнага здароўя.

— Цяпер пра рэалізацыю, — пiша Дзянiс. — Асноўная праблема ў гэтым сэнсе — гэта адсутнасць дастатковага фінансавання, якую можна вырашыць выдзяленнем большай колькасці грошаў з бюджэту. Улічваючы маштаб праблемы — кожны 20-ы ў Беларусі мае дэпрэсію — гэта апраўданыя траты. Пасля гэтага трэба прыступаць да структуры.

Цэнтры сямейнай дапамогі можна фармаваць на базе штату існых псіхалагічных кабінетаў у паліклініках, але з пашырэннем колькасці гэтых людзей. Вельмі важна, каб такія цэнтры знаходзіліся ў месцах, адасобленых ад паліклінік. Варта зрабіць такія цэнтры ў самім горадзе, каб была магчымасць атрымліваць падобную дапамогу без наведвання паліклінікі: шмат каму можа быць некамфортна асацыяваць дрэнны ментальны стан з хваробай. Таксама вельмі важна, каб у такіх цэнтрах можна было перыядычна праводзіць групавыя заняткі і сеансы, як тэрапеўтычныя, так і адукацыйныя, каб у людзей была магчымасць даведацца пра тое, як працуе наш мозг і развіць здаровыя рэакцыі ў групе.

Або вось яшчэ карысная ідэя, як дапамагчы людзям, у якіх няма доступу да прафесійных юрыстаў і якія не могуць праз гэта вырашыць жыццёвыя пытанні. AI-бот, які растлумачыць алгарытм дзеянняў, падкажа расклад патрэбнага спецыяліста, складзе дакумент.

— Мне падаецца, што ў працяг існай сістэмы аднаго акна ў Беларусі мусіць існаваць дзяржаўны механізм дапамогі грамадзянам у складанні формаў адміністрацыйных дакументаў і правільнага іх накіравання, — лiчыць Мiкiта. — Мяркую, што наўрад ці існуе сёння больш зручны, танны і заўсёды дасяжны механізм, чым чат-бот на падставе штучнага інтэлекту (AI). 

Гэта інструмент, які быў бы ў стане разабрацца з сутнасцю праблемы, скласці тэкст дакумента і растлумачыць, куды і калі накіраваць ліст або звярнуцца персанальна. Дадаткова, ён мог бы даць рады з неабходнымі паперамі, якія трэба падрыхтаваць і ўзяць з сабой. Сэрвіс падкажа гадзіны працы спецыяліста архітэктурнага кірунку, раскажа, куды звярнуцца па даведку, і як правільна запоўніць за грамадзяніна ліст пазову ў суд. Гэта можа паказацца нязначным, але галоўная прычына таго, што суд пакідае пазоў без руху сёння — гэта няправільна ўпісаныя даныя пазоўніка альбо адказчыка.

А перамаглі ідэі «індустрыяльных канопляў» і інтэрактыўнага анлайн-падручніка «як на Netflix». Каноплі маюць вызваліць беларусаў ад энергетычнай залежнасці ад РФ (а яшчэ іх можна вырошчваць на заражаных радыяцыяй землях). А падручнік зробіць даступнай для беларусаў першакласную адукацыю з любога пункта свету.

— Уявіце сабе інтэрактыўны анлайн-падручнік «Школьныя хронікі: урокі як Netflix», — прапаноўвае Паліна. — Даступны з любога пункта свету, натхнёны фарматам серыяла, які не ставіць перад сабой мэту прывесці цябе да аднаго-адзінага выніку.

Узяць найлепшае ад Netflix (нам усім вельмі падабаецца занурацца ў чужыя гісторыі, пражываць і сачыць за галоўным героем), ад упадабаных сацыяльных сетак (быць часткай адукацыйнай супольнасці ўнутры сэрвісу, прыўносіць унёсак у стварэнне тых самых калектыўных ведаў і абменьвацца досведам, знаходзячыся ў любым пункце свету), ад доказных інструментаў матывацыйнага дызайну навучэнцаў (усім нам падабаецца ў Duolingo вяртацца, каб, не дай божа, day-strike не страціць). Дадаць да гэтага самы ітэраваны фармат кантэнту — тэкст. І атрымаць тое самае пераасэнсаванне адукацыйнага працэсу!

Па канонах Netflix: 30 хвілін на чытанне інтэрактыўнага лангрыду з блізкім і зацягвальным старытэлінгам пра лёс аднаго Вані або Машы, якім даводзіцца гэтак жа няпроста, 15 хвілін — на квіз і задачы для адпрацоўкі пройдзенага матэрыялу. Кожны дзень — сістэма скорынгу і вяртання на платформу за балы. Софтскіл-трэк, які дапамагае зразумець, што такое мэта, хто такая дэкампазіцыя, навошта нам патрэбныя навыкі самарэфлексіі і што наогул такое «ўменне вучыцца». Штодзённы «ліст з Хогвартса» з гісторыяй пра новы прадмет і новы выклік, каб мякка і беражліва пашыраць кругагляд і ўлюбляць. Ніякага шэйпінгу на экзамены і структуру адной сістэмы адукацыі. Толькі найлепшыя адукацыйныя практыкі розных краін, каб падручнік мог быць рэлевантным і цікавым для працягу адукацыі ў любым пункце свету, бо свет і рэальнасць цяпер менавіта такія, межаў практычна няма. Толькі самы падмурак ведаў, такі, на які пасля можна напластаваць спецыфікацыі любых экзаменаў пры неабходнасці. Поўны нэтварк для таго, каб мець магчымасць знайсці сабе student buddy, знайсці аднадумца, карыстаючыся random coffee, з кім можна пабалбатаць пра вучобу і проста пра важнае, і ўсё роўна, у якім ён рэгіёне, а яшчэ расказаць пра свой досвед тым, каму гэта можа быць карысным, падзяліцца сваімі прыёмамі і лайфхакамі. Даступная, якая ўлюбляе, натхняе і, што самае галоўнае, чалавекацэнтрычная адукацыйная прастора. 

Пагадзіцеся, прыгожа.

За лучшую идею для Беларуси предлагают приз и менторство. Поделитесь своей до 15 апреля
По теме
За лучшую идею для Беларуси предлагают приз и менторство. Поделитесь своей до 15 апреля

Читать на dev.by