«Калі гэта паўторыцца, адключым наогул». Лукашэнка расказаў пра адключэнне інтэрнэту ў 2020 і паразважаў пра прыроду AI
Аляксандр Лукашэнка прыгразіў поўным адключэннем інтэрнэту ў Беларусі ў выпадку паўтарэння падзей 2020 года. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са студэнтамі ў МДЛУ, піша Белта.
— Скажу шчыра, што гэта (адключэнне інтэрнэту) практычна заўсёды было з майго дазволу. Калі ў цябе дзве праблемы, ты пачынаеш узважваць. На гэтых шалях была краіна, — заявіў Лукашэнка, кранаючыся падзей жніўня 2020 года. — Калі гэта паўторыцца, адключым наогул.
Лукашэнка сцвярджае, што «калі б тады краіну не ўтрымалі, то гэта магло прывесці ў тым ліку да вайны», і абвінаваціў замежныя спецслужбы ў каардынаванні пратэстаў.
— І я разумеў, адкуль усё ідзе. Праз інтэрнэт гэта ўсё ішло, з Польшчы перш за ўсё… Я бачыў, што актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт для гэтага — каб паказаць маршруты, што біць, ламаць. Я думаю: перавернуць краіну! І праз інтэрнэт ідзе гэтая бадзяга… Я разумеў, да чаго мы можам прыйсці. У нас была б вайна большая, чым ва Украіне. У нас бы гэта было, было б больш жорстка.
І што вы думаеце, я буду глядзець і маліцца на тое, што вы камусьці паведамлення не адправілі, калі краіны заўтра не будзе?! У моманце вы гэтага не разумееце… Я ж мушу гэта разумець… І я вось узважваю і думаю: каб краіну захаваць, мы на дзве гадзіны або на гадзіну інтэрнэт адключым, каб адтуль спецслужбы не кіравалі нашым грамадствам. Вось для чаго гэта рабілася. Я выбіраў найлепшае з найгоршага.
Акрамя таго, Лукашэнка паразважаў аб развіцці штучнага інтэлекту.
У прыватнасці, ён успомніў, як на адной з сустрэч у Кітаі яму расказалі пра будучыню гэтых тэхналогій і прадэманстравалі іх магчымасці.
— Я ў іх пытаюся: хлопцы, вы расказалі, што будзе, як будзе, а ці не заменіць гэты штучны інтэлект чалавека, не атрымаецца, што мы проста не патрэбныя будзем у гэтым жыцці? Яны кажуць: не ведаем, магчыма. І гэта мяне вельмі моцна насцярожыла, — цытуе Лукашэнку Белта.
Паводле яго слоў, на перамовах з замежнымі калегамі яму дапамагаюць прафесійныя перакладчыкі, тэхналогіямі штучнага інтэлекту для перакладу ён не карыстаецца.
— Я вельмі паважаю таленавітых людзей. Рэч не ў штучным інтэлекце. Я цаню чалавека. Любы штучны інтэлект сёння — гэта спараджэнне чалавека. Гэта мы яго ствараем. І ўпэўнены, што, калі гэты штучны інтэлект, нейрасеткі авалодаюць нашымі розумамі на практыцы, усё роўна чалавек будзе ў цэнтры.
Читать на dev.by