Арцыбіскуп Ёзіч пакідае пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі

28 чэрвеня, Позірк. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч пакідае пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі, вынікае з паведамлення Зала друку Святога Пасада.
Папа рымскі Францішак прызначыў іерарха нунцыем у Грузіі і Арменіі.
Згодна з інфармацыяй апостальскай нунцыятуры, распаўсюджанай парталам Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, Ёзіч працягне дыпламатычнае служэнне ў Мінску “прыблізна да канца верасня 2024 года”.
“За час сваёй амаль чатырохгадовай місіі ў нашай краіне прадстаўнік папы Францішка зрабіў значны ўнёсак у развіццё каталіцкага касцёла на беларускай зямлі, спрыяючы паглыбленню і ўмацаванню адносін Святога Пасада з дзяржаўнымі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”, — адзначыў партал.
Падкрэслена, што “ватыканскі дыпламат прычыніўся да мірнага ўрэгулявання грамадска-палітычнага крызісу ў краіне, паспрыяўшы вяртанню на радзіму тагачаснага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча”.
“Ён таксама курыраваў працэс прызначэння на пасаду новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, ініцыяваў і ажыццявіў пераклад на беларускую мову і выданне Кодэксу кананічнага права, завяршыў афармленне пабудаванага яго папярэднікамі будынку апостальскай нунцыятуры ў Мінску”, — гаворыцца ў паведамленні.
Нунцый “курыраваў працэс утварэння” апостальскай адміністратуры для беларускіх грэка-католікаў, прызначэнне каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, “якому пазней удзяліў біскупскае пасвячэнне”.
Ураджэнец Харватыі Ёзіч быў прызначаны апостальскім нунцыем у Беларусі 21 траўня 2020 года, працаваў у Мінску з 11 кастрычніка таго ж года. На гэтай пасадзе ён змяніў венгерскага іерарха Габара Пінтара, які цяпер служыць нунцыем у Гандурасе.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты па палітычных матывах, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Цяпер мінскую кафедру і Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі ачольвае арцыбіскуп Станеўскі, які ў стасунках з уладамі паводзіцца стрымана. У сваю чаргу рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна прыцягвае іерарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў. Разам з тым у краіне працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да каталіцкіх святароў.
Аляксандр Лукашэнка наведваў Ватыкан у 2009 і 2016 гадах. Ён неаднаразова прапаноўваў свае паслугі для арганізацыі ў Беларусі сустрэчы папы рымскага і кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы, але беспаспяхова. Сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася на Кубе ў 2016 годзе.
Каталіцызм — другая па колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-католікаў.
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.


- Палітыка
- ЭканомікаПагалоўе свіней за год зменшылася на 8,6% — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКіраўнік дэлегацыі дэмсіл у ПАCЕ заклікала мясцовыя ўлады краін знаходжання беларусаў супрацоўнічаць з арганізацыямі дыяспарыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаРэсурс па рэалізацыі "Люксембургскіх рашэнняў" у дачыненні да беларусаў у выгнанні можа запрацаваць у 2026 годзеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЧлен КР Халопіца: Мы сталі бліжэй да таго, каб на палітычным узроўні вырашаліся праблемы легалізацыі беларусаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПераслед рэжымам Лукашэнкі беларусаў за мяжой з'яўляецца праблемай і дэмакратычных краін — член КР ХалопіцаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

