Польскі суддзя, які ўцёк у Беларусь, разлічвае, што “вельмі паважаны” Лукашэнка абароніць яго сям’ю

7 траўня, Позірк. Польскі суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь, пакуль не ведае, ці зможа з ім сустрэцца “вельмі паважаны чалавек” Аляксандр Лукашэнка, але спадзяецца на яго абарону.
Пра гэта Шмыт заявіў расійскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, дадаўшы, што просьбу аб прадастаўленні прытулку ў Беларусі яшчэ не падаваў.
“У Польшчы ў мяне засталася былая жонка — мы ўжо даўно ў разводзе — і дзве дачкі. Я перакананы, што калі буду пад абаронай прэзідэнта Лукашэнкі, то абарона будзе распаўсюджвацца і на маю сям’ю. Ніхто не адважыцца да іх дакрануцца”, — сказаў суддзя.
На яго думку, Польшча будзе дамагацца яго экстрадыцыі ў сувязі з праведзенымі ў дачыненні да яго праверкамі, у тым ліку падазрэннямі ў шпіянажы. “Такія дзеянні, такія спробы ўжо былі раней, каб мяне асудзіць, каб проста мяне зачыніць у турму. Я адчуваў, што гэта ўжо апошні момант, каб мне з’ехаць з Польшчы”, — адзначыў Шмыт.
Ён паведаміў, што ў Польшчы яму даводзілася разглядаць справы, звязаныя з доступам да закрытай інфармацыі, з дзейнасцю паліцыі, арміі, разведкі, контрразведкі, аховай персанальных дадзеных, і яго рашэннямі па гэтых справах нібыта былі незадаволеныя польскія ўлады.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спецслужбы Беларусі даўно працавалі са збеглым суддзёй Шмытам, яго стасункі з беларусамі “маюць даўнюю гісторыю”, гэта не справа “апошніх месяцаў”.
Інфармацыя пра тое, што суддзя 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт “пакуль неафіцыйна” папрасіў “статус палітычнага ўцекача” ў Беларусі, з’явілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным трыма днямі раней ад яго імя на польскай і рускай мовах.
Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў”. Ён нібыта “зведваў пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю”. Цяпер знаходзіцца ў Беларусі.
“Я хацеў бы дазволіць сабе звярнуцца непасрэдна да <…> Аляксандра Лукашэнкі, — заявіў Шмыт на прэс-канферэнцыі, арганізаванай дзяржінфармагенцтвам БелТА ў Мінску 6 траўня. — Я вельмі прашу прабачэння за маю смеласць, але дазволю сабе папрасіць апеку, ахову прэзідэнта і ў цэлым Беларусі”.
Падчас прэс-канферэнцыі Шмыт падпісаў “заяву аб адстаўцы з пасады суддзі Ваяводскага адміністрацыйнага суда”.
У 2019 годзе польскія СМІ паведамлялі, што пад кіраўніцтвам тагачаснага намесніка міністра юстыцыі Лукаша Пебяка існавала група, якая дыскрэдытуе суддзяў, якія выступалі супраць зменаў у судовай сістэме, уведзеных кіруючай на той момант партыяй “Закон і справядлівасць” (PiS).
Эмілія Шмыт, на той момант жонка суддзі, апублікавала ў сацыяльных сетках і перадала шэрагу польскіх СМІ фатаграфіі асабістых спраў і канфідэнцыйную інфармацыю аб некаторых суддзях, не згодных з судовай рэформай PiS, якая пацягнула іх дыскрэдытацыю і выклікала “хейтэрскі скандал” у дачыненні да іх.
У 2022 годзе ў інтэрв’ю uwaga.tvn.pl жанчына заявіла, што Шмыт пасвяціў яе ў дэталі акцыі, у якой браў удзел”, а яна перадавала інфармацыю, таму што яе мужу “была патрэбная яе дзейнасць, каб прасунуцца вышэй”.
28 жніўня 2019 года тагачасны старшыня Нацыянальнага савета юстыцыі Лешэк Мазур заявіў, што падпісаў дакумент аб звальненні суддзі Шмыта з пасады дырэктара юрыдычнага дэпартамента Нацыянальнага савета судовай улады.
26 верасня 2019 года паводле рашэння Вышэйшага адміністрацыйнага суда Шмыт быў адноўлены на пасадзе ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе Варшавы.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа чатыры тыдні лістапада Польшча спыніла 400 спроб незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПа справе "Беларускага Гаюна" асуджаны гомельскі прапаведнік царквы хрысціян-адвентыстаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаУ беларускім дэмакратычным асяроддзі няма сацыяльных ліфтаў для моладзі — Ворыхава (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца па зніжэнні афіцыйнага курсу долара за 11 месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва спыніла рэкордную для лістапада сутачную колькасць спробаў нелегальна перайсці мяжу з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка


