УНС зацвердзіў Ваенную дактрыну, ядзерная зброя вызначана як адказ на “агрэсіўную палітыку” Захаду

25 красавіка, Позірк. Усебеларускі народны сход (УНС) на пасяджэнні 25 красавіка зацвердзіў Ваенную дактрыну Беларусі.
Абноўлены дакумент прадставіў міністр абароны Віктар Хрэнін.
“Дактрына стала насіць адрасны характар. У ёй выразна названыя крыніцы пагроз для Рэспублікі Беларусь. Мы ўпершыню адкрыта звяртаем увагу міжнароднай супольнасці на рэгіянальныя амбіцыі кіраўніцтва Польшчы, якое можа паспрабаваць рэалізаваць іх ваеннай сілай. Важнай навінай дакумента з’яўляецца ўключэнне ў пералік ваенных небяспек магчымасці прымянення апанентамі ваеннай сілы супраць Рэспублікі Беларусь у мірны час”, — сказаў міністр.
У Ваенную дактрыну ўключаныя пытанні падрыхтоўкі дзяржаўных органаў да абароны, мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомікі і насельніцтва Беларусі, аператыўнага абсталявання яе тэрыторыі.
Нягледзячы на перапрацоўку змястоўнай часткі, адзначыў Хрэнін, дакумент захаваў “міралюбныя памкненні беларускага народа”, імкненне Беларусі “садзейнічаць умацаванню міжнароднага міру і бяспекі”.
У дактрыне пазначана стаўленне да расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ), размешчанай на тэрыторыі Беларусі, сказаў кіраўнік вайсковага ведамства. Паводле слоў Хрэніна, размяшчэнне ядзернай зброі — гэта “дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных дзяржаў”. ТЯЗ названа “часткай прэвентыўнага стрымлівання патэнцыйнага праціўніка”.
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на УНС, дадаў, што па яго прапанове ў Беларусі размешчаныя “некалькі дзясяткаў сучасных ядзерных боепрыпасаў”. Тлумачачы, навошта гэта трэба Беларусі, ён сказаў: “Як ваяваць з імі? Як іх стрымліваць? Ядзерная зброя”.
Адзначыўшы, што “ў лоб страляць адзін у аднаго немагчыма”, а мабілізацыю ён праводзіць не плануе, Лукашэнка заявіў: краінам Захаду варта разумець, што “іх сталіцы знаходзяцца зусім побач” з мяжой Беларусі.
“Калі яны ўступяць на нашу тэрыторыю, яны атрымаюць імгненны адказ ад нас усімі відамі зброі, у тым ліку ад Расійскай Федэрацыі. Мы поўныя рашучасці стоадсоткава супрацьстаяць любому агрэсару і нанесці яму непрымальную шкоду”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Беларусі маецца супрацьпаветраная абарона, “артылерыі і танкаў дастаткова”, ёсць аўтаматы, кулямёты пісталеты гранатамёты, каля 2 млн ствалоў стралковай зброі.
“У патрэбны момант узяў і ваюй”, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што ні з кім ваяваць не хоча і ўпэўнены, што не будзе.
Рашэнне аб распрацоўцы новага праекта Ваеннай дактрыны было прынята пасля адабрэння новай рэдакцыі Канцэпцыі нацбяспекі ў лютым 2023 года.
Заяўлялася, што ў дакуменце раскрыты змест ваеннай палітыкі краіны. У прыватнасці, сцвярджаецца, што “Беларусь — міралюбная краіна, нікому не пагражае, але спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымянення ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаннем усяго патэнцыялу дзяржавы”.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль. З беларускай тэрыторыі расійская армія ажыццявіла наўпроставы напад на суседнюю краіну, затым цягам некалькіх месяцаў праводзіліся ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Таксама расійскія вайскоўцы карысталіся беларускай вайсковай інфраструктурай.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень заявы Туска пра гатоўнасць адкрыць яшчэ два памежныя пераходы зафіксаваная рэкордная за тыдзень актыўнасць нелегалаў на польскай мяжы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛукашэнка захапіў уладу толькі дзякуючы жорсткасці, рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПасля паслаблення амерыканскіх санкцый "Белавія" будзе прасцей працаваць з доларам — гендырэктар перавозчыкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: У дэмакратыі ёсць інструменты, каб спыніць дыктатараў і войны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка


