Мінск 04:44

Спецслужбы Беларусі і РФ будуць сумесна займацца “выкрыццём варожых планаў Захаду ў дачыненні да дзвюх краін”

Будынак КДБ у Мінску
Крыніца: sputnik.by

2 красавіка, Позірк. На расійскія і беларускія спецслужбы ўскладаецца “падвышаная адказнасць за своечасовае выкрыццё варожых планаў Захаду ў дачыненні да дзвюх краін”, гаворыцца ў заяве на сайце Службы замежнай выведкі РФ (СЗВ) паводле вынікаў сумеснай калегіі з Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі.

Калегія ведамстваў прайшла 2 красавіка ў Маскве.

Заяўлена таксама аб каардынацыі дзеянняў спецслужбаў, накіраваных на “абарону і ўмацаванне абароннага, прамысловага і тэхналагічнага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы”.

“У ходзе мерапрыемства былі разгледжаныя вынікі сумеснай працы па розных напрамках разведвальнай дзейнасці, абмеркаваныя задачы і прыярытэты двухбаковага ўзаемадзеяння на бліжэйшую перспектыву”, — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што ў рамках калегіі адбылася сустрэча дырэктара СЗВ Сяргея Нарышкіна і старшыні КДБ Івана Церцеля, падчас якой “выказана ўзаемнае меркаванне аб тым, што ва ўмовах актывізацыі падрыўной дзейнасці заходніх спецслужбаў у дачыненні да Саюзнай дзяржавы, узрослай агрэсіўнасці і намаганняў ЗША і іх саюзнікаў перашкодзіць станаўленню шматпалярнай светабудовы ўзрастае важнасць далейшага падтрымання цеснага супрацоўніцтва і своечасовай адаптацыі механізму сумеснага процідзеяння актуальным выклікам і пагрозам для Расіі і Беларусі”.

Паведамляецца, што “ў цяперашняй абстаноўцы адной з галоўных задач выведкі з’яўляецца своечасовае выяўленне і спыненне падрыўных акцый, якія арганізуюцца за мяжой, у тым ліку з выкарыстаннем замежнымі спецслужбамі несістэмнай апазіцыі, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага становішча на тэрыторыі Расіі і Беларусі, прычыненне шкоды эканоміцы і абароне, жыццю і здароўю грамадзян абедзвюх краін”.

“Для вырашэння гэтай задачы неабходна ўдасканальваць міжведамаснае ўзаемадзеянне, творча ўжываць назапашаны аператыўны вопыт і сучасныя выведвальныя інавацыі”, — паведамілі ў СЗВ РФ.

Улады Беларусі і Расіі не раз паведамлялі аб узаемадзеянні пры вырашэнні задач. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца па розных напрамках — пераслед палітычных апанентаў, вядзенне вайны супраць Украіны і інш.

Падзяліцца: