Мінск 22:02

Ціханоўская абмеркавала са спікерам парламента Малдовы дапамогу ў рэфармаванні заканадаўства

21 кастрычніка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы са спікерам парламента Малдовы Ігарам Гросу 20 кастрычніка ў Кішынёве абмеркавала магчымую дапамогу малдаўскага боку ў рэфармаванні заканадаўства, паведаміў “Позірку” яе дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

“У перыходны перыяд Малдова гатова дзяліцца сваёй экспертызай, у тым ліку ў антыкарупцыйным заканадаўстве”, — дадаў ён.

Таксама гаворка ішла аб арганізацыі сумеснай канферэнцыі па пытанні нейтралітэта. “Дамовіліся паразмаўляць, як можам процістаяць разам расійскай прапагандзе. Абмяркоўвалі вайну з Украінай, стаўленне беларускага народа. Спікер сказаў, што яны бачаць, што беларускі народ на баку Украіны”, — адзначыў Кучынскі.

Таксама Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі групы “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце Малдовы. Яны зладзілі супольную акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Абмяркоўвалася арганізацыя вулічнай акцыі 12 лістапада каля амбасады Беларусі ў Кішынёве з партрэтамі палітвязняволеных.

Беларускі палітык наведвае Кішынёў на запрашэнне прэзідэнта Маі Санду. Яна ўпершыню ажыццяўляе візіт у краіну, якая з’яўляецца членам Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Сёлета Малдова пачала выхад з СНД.

Ціханоўская двойчы сустракалася з Санду ў рамках міжнародных мерапрыемстваў: сёлета ў студзені — у Давосе (Швейцарыя), летась у траўні — у Ратэрдаме (Нідэрланды).

Падзяліцца: