Мінск 14:02

Лукашэнка звольніў амбасадараў ва Украіне і Эстоніі

19 кастрычніка, Позірк. Двух амбасадараў звольніў Аляксандр Лукашэнка ўказамі ад 19 кастрычніка.

Ігар Сокал вызвалены ад пасады амбасадара ва Украіне, Вячаслаў Качанаў — ад пасады амбасадара ў Эстоніі.

Першы быў прызначаны 13 чэрвеня 2016 года, другі — 21 чэрвеня 2018-га.

Абодва ўжо больш за год не працавалі ў краінах знаходжання. Сокал пакінуў Украіну 18 сакавіка 2022 года, менш чым праз месяц пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў гэтую краіну, якое актыўна падтрымалі беларускія ўлады. Качанаў быў адкліканы з Таліна “для кансультацый” 1 кастрычніка 2022 года.

Як заявіў беларускаму дзяржтэлебачанню Сокал, на ўкраінскай мяжы яго машына была “цалкам дагледжана, распакавана, нават унутраныя элементы ашалёўкі здымаліся, асабістыя рэчы многія былі дагледжаны”. “Мы заехалі 18 сакавіка а 13.30 на пункт пропуску. Я выехаў у 20.00, а апошні наш супрацоўнік выехаў у 9.00 сёння [19 сакавіка]. На кожнага супрацоўніка па 2-3 гадзіны”, — сказаў Сокал. Ён заявіў, што рашэнне аб эвакуацыі было прынятае кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў.

Украінскі памежнік па даручэнні кіраўніка профільнай службы паспрабаваў уручыць Сокалу мяшочак з сімвалічнымі 30 срэбранікамі за здраду Украіны. Той адмовіўся прыняць манеты.

Афіцыйны Талін не прызнае Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам Беларусі. Будучы часткай Еўрапейскага саюза, Эстонія праводзіць адзіную для ЕС санкцыйную палітыку ў дачыненні да Мінска.

Падзяліцца: