Першы міністр Шатландыі Юсаф стаў сімвалічным хросным палітзняволенага Галавача — вакаліста Tor Band

24 студзеня, Позірк. Першы міністр Шатландыі Хамза Юсаф стаў сімвалічным хросным палітзняволенага Дзмітрыя Галавача — вакаліста і гітарыста рагачоўскага гурта Tor Band (Гомельская вобласць), прыгаворанага да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пра гэта чыноўнік паведаміў 24 студзеня ў тэлефоннай размове з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, адзначае яе прэс-служба. Ён стаў 400-м палітыкам, які далучыўся да адпаведнай кампаніі швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі Libereco па падтрымцы беларускіх палітвязняў.
Як паведамляецца, Юсаф у размове з Ціханоўскай выказаў падтрымку усім беларусам, якія працягваюць выступаць за дэмакратычныя перамены, а таксама сем’ям рэпрэсаваных.
У сваю чаргу беларускі дэмлідар распавяла яму пра апошнюю хвалю арыштаў і вобшукаў у Беларусі, затрыманне Марыны Адамовіч — жонкі прызнанага палітвязнем апазіцыйнага лідара Мікалая Статкевіча, які асуджаны на 14 гадоў заключэння ва ўмовах асаблівага рэжыму.
Бакі абмеркавалі “шляхі садзейнічання ініцыятывам падтрымкі сем’яў рэпрэсаваных і рэабілітацыі былых палітвязняў”. Ціханоўская папрасіла суразмоўцу прыняць беларусаў на стажыроўкі ў дзяржаўныя ўстановы і парламент Шатландыі. Яна адзначыла важнасць умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці Беларусі, звярнуўшы ўвагу на досвед Шатландыі ў адраджэнні сваёй мовы і культуры.
Юсаф запрасіў беларускага палітыка наведаць Глазга “ў любы зручны час”.
У кампетэнцыю ўрада Шатландыі ўваходзяць пытанні эканомікі, адукацыі, аховы здароўя, правасуддзя, сельскай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя, надання роўных магчымасцяў, абароны і кансультавання спажыўцоў, транспарту і падаткаабкладання.
Пытанні іміграцыі, дзяржаўнага ладу, знешняй палітыкі і абароны шатландскі ўрад самастойна не вырашае, гэта прэрагатыва кабінета міністраў Злучанага Каралеўства, у якое апрача Шатландыі ўваходзяць Англія, Уэльс і Паўночная Ірландыя.
- Палітыка
- ПалітыкаУ метадычках да 3 ліпеня ідэолагі назвалі Лукашэнку “найбольш дзейсным, найбольш паслядоўным і найбольш паспяховым абаронцам незалежнасці" (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларускія экспарцёры ў Азіі надаюць недастаткова ўвагі мясцовым культурным традыцыям, лічаць навукоўцы БДЭУ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка