Мінск 20:59

БСДП (Грамада) паведаміла пра канчатковую ліквідацыю

Лідар БСДП (Грамада) Ігар Барысаў
Фота: dw.com

22 студзеня, Позірк. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 8 студзеня выключана з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта 22 студзеня партыя паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

“Гэта азначае, што ў гэты дзень скончыўся працэс ліквідацыі партыі. Аднак гісторыя партыі не завяршылася. Сябры БСДП, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, працягваюць несці сцяг беларускай сацыял-дэмакратыі і прадстаўляць яе інтарэсы на міжнароднай арэне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Вярхоўны суд 20 верасня 2023 года задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Пра гэта паведаміў Позірку старшыня партыі Ігар Барысаў.

5 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу БСДП (Грамада) на адмову Мінюста перарэгістраваць партыю.

Праз два дні, 7 верасня, Цэнтральны камітэт партыі вызначыў сваіх прадстаўнікоў на папярэднім слуханні па пазове аб ліквідацыі (адбылося 11 верасня). Акрамя таго, было вырашана правесці 16 снежня 2023 года XXII з’езд партыі.

Летам і ў пачатку восені мінулага года былі скасаваныя дзесяць апазіцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структур: Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя.

4 верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі.

У канцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністр юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі паменшыцца да “трох-чатырох”.

Падзяліцца: