Мінск 08:17

Ціханоўская у парламенце Вялікабрытанii: Патрэбны моцныя і рашучыя крокі ў супрацьстаянні тыраніі Пуціна і Лукашэнкі

17 кастрычніка, Позірк. “Хачу, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага парламента, цяперашняга і будучага ўрада Вялікабрытаніі. Патрабуйце ад вашага кіраўніцтва рашучых крокаў у супрацьстаянні з тыраніяй Пуціна і Лукашэнкі”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас выступу перад членамі брытанскага парламента, прадстаўнікамі дыпламатычнай супольнасці і іншымі важнымі асобамі з “Вестмінстэрскай лекцыяй”.

Паводле прэс-службы дэмлідара, Ціханоўская адзначыла, што “змаганне за вольную Беларусь — частка глабальнага змагання за дэмакратыю”. 

Палітык заклікала патрабаваць “неадкладнага вываду расійскіх войск і зброі з Беларусі”, увесці санкцыі супраць Расіі за падрыў суверэнітэту Беларусі. 

“Існыя санкцыі не працуюць у поўнай меры з-за шчылін. І Вялікабрытанія магла б паказаць прыклад таго, як трэба дужацца з абыходам санкцый”, — адзначыла дэмлідар, заклікаўшы прысутных “далучыцца да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і суверэннай Беларусі”. 

Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць адначасова з узмацненнем санкцый супраць рэжыму павялічваць дапамогу дэмакратычным сілам, грамадзянскаі супольнасці, незалежным СМІ, праваабаронцам.

“Дапамажыце нам аднавіць справядлівасць. Патрабуйце трыбунала не толькі над Пуціным, але і над Лукашэнкам. Ён таксама заслужыў свой ордэр на арышт. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Дэмлідар таксама правяла сустрэчу з экс-міністрам Вялікабрытаніі па Еўропе Вэндзі Мортан, якая зараз з’яўляецца дэпутаткам брытанскага парламента. Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі неабходнасць скаардынаванай стратэгіі Захаду па Беларусі, у першую чаргу — дзеля вызвалення палітвязняў, пра неабходнасць падтрымкі незалежных медыя і прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы працягваюць барацьбу і не спыняцца, пакуль не пройдуць сапраўдныя свабодныя выбары.

Візіт Ціханоўскай у Вялікабрытанію адбываецца 16–18 кастрычніка.

Падзяліцца: