Мінск 15:13

Прадстаўнік АПК правёў першую сустрэчу ў АЭСР

Эмблема АЭСР
Фота: industriall-union.org

30 лістапада, Позірк. Францыя валодае значным патэнцыялам, каб дапамагчы беларусам у памкненнях да Беларусі еўрапейскай, дэмакратычнай, незалежнай і вольнай ад расійскага кантролю, адзначыў падчас візіту ў Парыж прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі. 

Як паведамляе прэс-служба АПК, Кавалеўскі правёў перамовы ў Міністэрстве замежных спраў, Міністэрстве абароны і адміністрацыі прэзідэнта Эманюэля Макрона. 

Былі абмеркаваныя дзеянні Францыі для дапамогі Беларусі ў захаванні незалежнасці ў кантэксце вайны ва Украіне, аднаўленне дэмакратыі і падтрымка праекта новага нацыянальнага пашпарта, а таксама пытанні ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне і палітычныя кантакты на найвышэйшым узроўні.

Адбылася сустрэча Кавалеўскага з кіраўніком групы “За дэмакратычную Беларусь” у Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрыкам Пеці, падчас якой абмяркоўваліся выбары ў Каардынацыйную раду і палітыка Францыі на беларускім накірунку.

Акрамя таго, дыпламат правёў першую сустрэчу ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), якая была створаная пасля другой сусветнай вайны для рэалізацыі плана Маршала — праграмы дапамогі ЗША Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. АЭСР аб’ядноўвае найбольш эканамічна паспяховыя краіны свету. Былі абмеркаваныя магчымасці спрыяння АЭСР інтэграцыі Беларусі ў Еўрасаюз, адзначаецца ў рэлізе прэс-службы АПК.

Падзяліцца: