Мінск 16:20

Кавалеўскі: Злучаныя Штаты вывелі дыялог з дэмакратычным рухам Беларусі на якасна новы ўзровень

30 лістапада, Позірк. Правядзенне стратэгічнага дыялогу паміж Беларуссю і ЗША важна, паколькі гаворка ідзе пра новы ўзровень адносін, заявіў “Позірку” намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК), прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі.

“Злучаныя Штаты вывелі дыялог з дэмакратычным рухам Беларусі на якасна новы ўзровень, і мы павінны аддаваць належнае таму, што гэты дыялог праходзіць у абсалютна новым фармаце”, — адзначыў суразмоўца.

Кавалеўскі падкрэсліў, што сітуацыя ўнікальная і для саміх Злучаных Штатаў: такія стратэгічныя дыялогі звычайна пачынаюцца менавіта з дзяржавамі. “Таму шануем менавіта гэтую магчымасць абмяркоўваць тое, што адбываецца ў Беларусі, на такім узроўні”, — адзначыў прадстаўнік АПК.

Паводле інфармацыі Кавалеўскага, 4 снежня ў ЗША выпраўляецца прадстаўнічая дэлегацыя ад дэмакратычных сіл, якая будзе ўключаць у сябе палітычныя структуры — “гэта і кабінет, і Офіс Святланы Ціханоўскай, і Каардынацыйная рада”, а таксама “прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці па розных сектарах, дыяспары”.

Стратэгічны дыялог адбудзецца 6-7 снежня ў Вашынгтоне. Плануецца, што ён будзе праходзіць штогод, але, падкрэсліў суразмоўца, праца па канкрэтных накірунках будзе весціся на пастаяннай аснове.

“Тэмы першай сустрэчы: палітычныя адносіны і суверэнітэт Беларусі, пагроза яму з боку Расіі, пытанні правоў чалавека, праблема палітычных зняволеных, што можна і трэба рабіць для іх вызвалення. Таксама механізмы прававой адказнасці рэжыму за злачынствы. Развіццё прыватнага сектара Беларусі, пытанні медыя і супрацьдзеяння прапагандзе. Культура, ідэнтычнасць, пытанні, якія тычацца дыяспары ў Злучаных Штатах. Яшчэ цэлы пакет пытанняў па міграцыйнай праблематыцы для беларусаў, якія зараз пражываюць у ЗША, візавая палітыка Злучаных Штатаў для беларусаў”, — пералічыў Кавалеўскі.

На яго думку, стратэгічны дыялог сведчыць аб “асэнсаванай важнасці” Беларусі ў вачах Злучаных Штатаў, ролі краіны ў рэгіянальнай бяспецы. “Тое, што адбываецца ў пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі, таксама на сённяшні дзень мае адгалоскі па ўсім свеце, таму дзеля таго, каб дапамагчы прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў іншых краінах, важна таксама вырашаць крызіс у Беларусі”, — адзначыў прадстаўнік АПК.

Паводле яго слоў, фокус стратэгічнага дыялогу будзе на дасягненні практычных вынікаў. “Таксама трэба ўпэўніцца ў тым, што гэтая праца будзе весціся на сталай аснове”, — сказаў Кавалеўскі.

Ён паведаміў, што для Святланы Ціханоўскай распрацоўваецца праграма ў дадатак да стратэгічнага дыялогу. Рыхтуюцца перамовы ў кангрэсе. У падкамітэце па Еўропе камітэта па міжнародных адносінах палаты прадстаўнікоў кангрэса адбудуцца слуханні “Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі”. Плануюцца сустрэчы з аналітычнай супольнасцю Вашынгтона, беларускай дыяспарай, інтэрв’ю шматлікім СМІ, паведаміў Кавалеўскі.

4 снежня Ціханоўская выступіць у Ельскім універсітэце разам з вядомым амерыканскім прафесарам гісторыі Цімаці Снайдэрам, які там працуе.

Гл. таксама па тэме:

6 снежня распачнецца стратэгічны дыялог паміж ЗША і беларускімі дэмсіламі

Падзяліцца: