Мінск 15:05

Ціханоўская папрасіла Чэхію вывесці пэўныя катэгорыі беларусаў з-пад візавых абмежаванняў

Ян Ліпаўскі і Святлана Ціханоўская
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 лістапада, Позірк. З просьбай вывесці пэўныя катэгорыі беларусаў з-пад візавых абмежаванняў звярнулася дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская да міністра замежных спраў Чэхіі Яна Ліпаўскага на сустрэчы 9 лістапада ў Вільнюсе.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, гаворка ідзе пра тое, каб выключыць з закона пра візавыя абмежаванні ўсіх беларускіх студэнтаў, а таксама “блізкіх сваякоў тых, хто не можа паехаць у Беларусь, каб яны маглі сустрэцца найбліжэйшым часам у Чэхіі”.

Ціханоўская падзякавала міністру за візавую праграму МЗС “Грамадзянская супольнасць”, якая “дапамагае актыўным беларусам і беларускам, а таксама тым, каго ў Беларусі пераследуюць за іх пазіцыю”, атрымліваць “доўгатэрміновыя візы і дазволы на пражыванне ў Чэхіі”.

Палітык папрасіла Ліпаўскага “аўтаматызаваць працэс выдачы праязных дакументаў і пашпартоў замежнікаў” для тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, а таксама “падрыхтаваць адмысловую інструкцыю з чэшскага боку, якая дапамагла б беларусам Чэхіі ў вырашэнні падобных сітуацый”.

Ціханоўская падзякавала Празе за шчыльную супрацу паміж чэшскім урадам і структурамі дэмсіл Беларусі. Асобна яна падзякавала МЗС за выдзяленне пяці былым палітзняволеным урадавых стыпендый і дадзеную ім магчымасць атрымаць міжнародную абарону. Ліпаўскі пацвердзіў, што “на 2024/2025 навучальны год выдзелена яшчэ пяць урадавых стыпендый для навучання ў дактарантуры і магістратуры”.

У той жа дзень Ціханоўская сустрэлася ў Вільнюсе з дзяржаўным міністрам Ірландыі па еўрапейскіх справах Пітарам Бёркам. Бакі адмеркавалі падтрымку праграм рэабілітацыі палітвязняў і сем’яў рэпрэсаваных, прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці праз міжнародныя суды, легалізацыю беларусаў у Ірландыі.

Паводле слоў дзяржміністра, Ірландыя “далучыцца да міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю, які пройдзе 12 лістапада, працягне падтрымку незалежных медыя, культурніцкіх праектаў у супрацы з прадстаўніцай [Аб’яднанага пераходнага кабінета] па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык”. 

Падзяліцца: