Мінск 08:44

Шведскі ПЭН-клуб у сувязі з затрыманнем бацькі пісьменніка Філіпенкі запатрабаваў спыніць захоп закладнікаў

Фота: svenskapen.se

9 лістапада, Позірк. “Неадкладна спыніць агідную практыку захопу закладнікаў” запатрабаваў Шведскі ПЭН-клуб ад беларускіх уладаў пасля затрымання бацькі пісьменніка Сашы Філіпенкі.

“Саша Філіпенка — адзін з пісьменнікаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь і цяпер працуюць у эміграцыі. З 2020 года з-за рэпрэсій краіну пакінула, паводле розных ацэнак, да 500 тыс. чалавек”, — адзначылі аўтары заявы.

Яны нагадалі, што зараз у Беларусі 1.460 палітвязняў, прызнаных міжнародным заканадаўствам, 32 з іх — пісьменнікі, перакладчыкі, навукоўцы. Сярод асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца і пісьменнік Алесь Бяляцкі, а сярод тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну, яшчэ адзін нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

“Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршалася з кожным годам пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе, а рэпрэсіі рэжыму супраць іншадумства ў краіне паступова ўзмацняліся. Такі ціск у выглядзе арыштаў з мэтай вымагальніцтва, які цяпер ўжываецца да Сашы Філіпенкі, раней аказваўся на журналістаў і палітыкаў, але гэта першы відавочны выпадак з пісьменнікам”, — падкрэсліў Шведскі ПЭН-клуб.

Гэта, паводле меркавання аўтараў заявы, “трывожнае развіццё і без таго трывожнай сітуацыі”.

Шведскі ПЭН-клуб таксама запатрабаваў вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і незаконна асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

Сярод падпісантаў заявы — прэзідэнт Шведскага ПЭН-клуба Керстын Альмегорд, сябра праўлення, ураджэнец Беларусі Дзмітрый Плакс, а таксама Ула Валін і Мікаэль Нідаль, адпаведна выдавец і перакладчык твораў Філіпенкі.

Пра ператрус у кватэры бацькоў Філіпенка паведаміў раніцай 9 лістапада. Былі канфіскаваныя тэлефоны і тэхніка. Сыходзячы, сілавікі сказалі ягонай маці: “Скажыце дзякуй сыну”. Бацька пісьменніка быў затрыманы. Паводле слоў пісьменніка, месца яго знаходжання дагэтуль невядомае.

Падзяліцца: