НАУ перадало суду ў Гаазе новыя матэрыялы пра датычнасць Лукашэнкі да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

7 лістапада, Позірк. Прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) на чале з яго кіраўніком Паўлам Латушкам 7 лістапада правялі сустрэчу ў Офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе і перадалі дадатковыя матэрыялы пра датычнасць “дыктатара [Аляксандра] Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да ваеннага злачынства — перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей”.
На сайце НАУ паведамляецца, што новыя матэрыялы дапаўняюць інфармацыю, перададзеную структурай у МКС сёлета 27 чэрвеня.
“Каманда НАУ вызначыла іерархію адносін “начальнік-падпарадкаваны” паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі, — гаворыцца ў паведамленні. — На вяршыні гэтай іерархіі знаходзіцца самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, а таксама з’яўляецца старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”.
Каманда НАУ адзначыла, што ў дзень перадачы першага пакета матэрыялаў Лукашэнка выступіў з заявай, у якой “фактычна прызнаў сваю ролю ў гэтых злачынствах”. На цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў 27 чэрвеня ён пацвердзіў, што арганізацыяй “аздараўлення і рэабілітацыі ў Беларусі дзяцей Данбаса займаецца грамадскі дзеяч Аляксей Талай”. “Туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне. Да мяне дзесяць разоў звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць. Аздаравілі — яны з’ехалі. З’язджаць не хочуць”, — сказаў Лукашэнка.
“Пазней, 11 жніўня, ён яшчэ раз публічна паўтарыў заявы пра сваё асабістае рашэнне аказаць усебаковую падтрымку фонду Талая ў арганізацыі вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь для г.зв. рэабілітацыі, — падкрэсліла каманда НАУ. — Лукашэнка асабліва адзначыў, што выдзяленне сродкаў на гэтую дзейнасць з бюджэту г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было яго асабістай ініцыятывай”.
Палітычная структура паведаміла, што суду ў Гаазе таксама перададзеныя “доказы і раней невядомыя факты датычнасці <…> да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь” “цэлага шэрагу беларускіх і расійскіх арганізацый”, у тым ліку БРСМ, “а таксама іх кіраўнікоў і шэрагу членаў”.
Перададзеныя “падрабязныя сведчанні аб праграме перавыхавання” ўкраінскіх дзяцей “пад выглядам г.зв. рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры “Дубрава” ў Беларусі, які знаходзіцца ва ўпраўленні дзяржаўнай кампаніі “Беларуськалій”.
“У дадатковых матэрыялах прыведзеныя доказы таго, што дзеці не былі дастаўленыя ў лагер для лячэння ці медыцынскай рэабілітацыі, — сцвярджае НАУ. — Замест гэтага дзеці ўдзельнічалі ў насычанай праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымлівала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання. Сюды ўваходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Рускай праваслаўнай царквы, мотаклубаў “Начныя валькірыі” і “Начныя ваўкі”, прадстаўнікамі г.зв. Саюзнай дзяржавы, <…> рэжыму Лукашэнкі, <…> моладзевай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прапагандыстамі, <…> артыстамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, антыўкраінскую і прарасійскую ідэалогію”.
У матэрыялах утрымліваюцца “асабістыя звесткі 37 ўкраінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны”. Усяго, згодна з інфармацыяй НАУ, у Беларусь было вывезена “больш як 3 тыс. украінскіх дзяцей”, з якіх не менш за 2,1 тыс. — “з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права”.
НАУ дамагаецца спынення злачынстваў у дачыненні да дзяцей, іх вяртання ва Украіну, выдачы ордара на арышт Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму, прыцягнення іх да адказнасці за ваенныя злачынствы, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў дачыненні да беларускага народа з траўня 2020 года.
За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый МКС выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай.
13 верасня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаЗа 11 месяцаў 2025 года найбольш падаражэлі какава-парашок, кава і курсы аўтакіравання (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа палову снежня 2025 года Польшча зафіксавала ў 2,5 раза менш спробаў парушэння мяжы з Беларусі, чым за той жа перыяд 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаРост рознічнага тавараабароту запаволіўся да 7,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаПа выніках студзеня — лістапада прамвытворчасць скарацілася на 1,7%, год таму быў рост на 5,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
