be
Arrow
Мінск 20:56

Міністр абароны Хрэнін пахваліў кітайскую армію і назваў вайсковае супрацоўніцтва з Пекінам прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі

28 ліпеня, BPN. “Супрацоўніцтва з Кітаем у цэлым, як і яго вайсковы складальнік у прыватнасці, з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам” знешняй палітыкі Беларусі, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 28 ліпеня ў Мінску на ўрачыстым прыёме з нагоды 96-годдзя ўтварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК; афіцыйна у КНР адзначаецца 1 жніўня).

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ваеннага ведамства, армія Кітая з’яўляецца “надзейным гарантам міру і працвітання дзяржавы”, яна “з гонарам вытрымала ўсе цяжкасці і нягоды, якія выпалі на долю кітайскага народа”.

“Сёння ў НВАК працягваецца маштабнае рэфармаванне. Пры гэтым упор робіцца на распрацоўку новых відаў узбраенняў і вайсковай тэхнікі, шырокае ўкараненне лічбавых і інтэрнэт-тэхналогій, усебаковае навучанне і падрыхтоўку ваеннаслужачых да вядзення баявых дзеянняў з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў”, — заявіў Хрэнін.

Улады ў Мінску часта называюць Кітай адным з найважнейшых партнёраў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка наведваў КНР сёлета 28 лютага — 2 сакавіка. У рамках візіту адбыліся яго перамовы з кіраўніком гэтай краіны Сі Цзіньпінам.

Падзяліцца: