+4 кейсы пра тое, як беларусам анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве

Акрамя службы ў войску па кантракце і вайсковай адукацыі могуць быць іншыя прычыны.

78 каментарыяў

Мінулага тыдня стала вядома пра тое, што некаторым супрацоўнікам літоўскага офіса Wargaming анулявалі дазволы на жыхарства. Верагодна, праз кантрактную службу ў войску РБ. Потым выявілася, што гэта не адзіная магчымая прычына такіх непрыемнасцяў.

На заклік dev.by расказаць пра аналагічныя кейсы адгукнуліся адразу некалькі чалавек. Ніводзін з іх не айцішнік, усе чатыры кейсы — пра кіроўцаў. Але яны здаліся нам цікавымі: выглядае, такая гісторыя можа адбыцца з чалавекам любой прафесіі.

«Працаваў тры гады ў папраўчай калоніі»

— Майму знаёмаму пасля трох гадоў пражывання ў Літве анулявалі дазвол. У Беларусі ён тры гады працаваў у папраўчай калоніі. У Літве ўладкаваўся кіроўцам, у красавіку гэтага года ён пайшоў у міграцыйку падаўжаць дазвол, і яму адмовілі. І так, забарона на ўезд у Літву на 5 гадоў. Што стала прычынай, незразумела. У яго не было штрафаў у Літве, ён абсалютна законапаслухмяны. І, паводле ягоных слоў, пра працу ў папраўчай калоніі ў анкеце ён нічога не пазначаў.

Цяпер ён возіць грузы з РБ у РФ. 

«Хацеў адвезці замежнікаў у Германію»

— Мне таксама анулявалі дазвол, але з іншай прычыны. Я працаваў у Літве таксістам. У верасні 2022 года да мяне селі людзі, якія папрасілі адвезці іх у Германію.

Я пагадзіўся, але на мяжы Літвы і Польшчы была праверка дакументаў, выявілася, што мае пасажыры маюць права перамяшчацца толькі ў межах Літвы. Пасажыраў — на волю, а я замест Германіі заехаў на пяць месяцаў у турму ў Коўне.

(чытач паказаў нам дакументы з суда — сапраўды, яго судзілі за замах на незаконную перавозку нелегалаў праз дзяржмяжу, гаворка пра просьбітаў прытулку з Ірака, Нігерыі, Камеруна).

Суддзя хацеў, каб я прызнаўся, быццам ведаў, што яны нелегалы. Але я не ведаў і віны не прызнаў, за гэта яны канфіскавалі ў мяне аўто, далі судзімасць, пазбавілі дазволу на жыхарства і цяпер хочуць забараніць уезд на 5 гадоў.

Я наймаў платнага адваката, мы падавалі апеляцыю, каб мяне апраўдалі, але не.

Умовы ў турме былі проста жудасныя, усё гэта я перажыў з цяжкасцю. У мяне быў часовы дазвол на жыхарства, які скончыўся ў снежні. Я хацеў яго падоўжыць, але мне адмовілі: сказалі, што гэта сур’ёзны артыкул.

Цяпер я яшчэ ў Літве, да пачатку жніўня ў мяне ёсць дазвол на часовае знаходжанне.  Спрабую хоць штосьці зарабіць, бо я пазбавіўся амаль усяго. Далей мне пагражае дэпартацыя.  Але, пакуль не з злавілі, спрабую зарабіць, каб забяспечыць сям’ю ў Беларусі.

«Служыў у Дэпартаменце аховы»

— У 2014–2019 гадах я праходзіў службу ў Дэпартаменце аховы на пасадзе «міліцыянт». У разгонах і рэпрэсіях удзелу не прымаў. З 2020 года працаваў у Літве на фуры. На гэтым тыдні мне анулявалі дазвол і забаранілі ўезд у Літву на пяць гадоў.

Проста на электронную пошту прыйшло паведамленне, што дакумент ануляваны. Пераправерыў статус у асабістым кабінеце, апавясціў працадаўцу. Потым звярнуўся ў міграцыю з просьбай перагледзець пастанову, у прашэнні ўсё падрабязна распісаў і прымацаваў даведку з МУС пра тое, што я звольніўся пасля заканчэння тэрміну кантракта. Цяпер чакаю адказ.

Пра службу ў Дэпартаменце аховы я сам напісаў у анкеце — іншых месцаў працы ў мяне не было. 

Англамоўная версія паведамлення

«Замест тэрміновай службы выбраў кантрактную»

— У 2018 годзе я паступіў на службу ў 62-ы цэнтральны вузел сувязі: я быў ваеннаабавязаным і замест тэрміновай службы абраў кантрактную, бо яна выгаднейшая ў матэрыяльным плане. 

У 2020-м, пасля закрыцця абавязковай службы, я звольніўся на пасадзе «старэйшы кіроўца» і ў званні яфрэйтар. Потым два гады працаваў кіроўцам грузавога аўто ў прыватнай фірме. А потым сябар паклікаў мяне працаваць у Літву, у прыватную фірму да Валдаса.

Я пачаў збіраць дакументы, зрабіў візу і ў кастрычніку 2022 года падаўся ў Літве на дазвол на жыхарства. У працэсе разгляду ў мяне паўторна запытвалі некаторыя дакументы, я ўсё перадаў, праз два месяцы атрымаў дазвол на часовае пражыванне.

Цяпер я мог выходзіць на працу, але выявілася, што фірма Валдаса закрываецца. І мы з усімі кіроўцамі гэтай кампаніі паехалі падаваць дакументы на змену працадаўцы.

Мы ўсе падалі дакументы ў адзін дзень у лютым 2023-га, я запоўніў тую ж анкету, што і ў першы раз. І вось на пачатку чэрвеня мне прыйшла адмова.

Мой дазвол ануляваны, я атрымаў дэпартацыю і забарону на ўезд у Літву на 5 гадоў.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

У некаторых супрацоўнікаў Wargaming (і не толькі) могуць ануляваць літоўскія дазволы на жыхарства
Па тэме
У некаторых супрацоўнікаў Wargaming (і не толькі) могуць ануляваць літоўскія дазволы на жыхарства
Дазволу на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць не толькі за службу па кантракце. Новыя дэталі
Па тэме
Дазволу на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць не толькі за службу па кантракце. Новыя дэталі

Читать на dev.by