be
Arrow
Мінск 19:23

На патрабаванне Раскамнагляда беларускі правайдар заблакаваў брэсцкі сайт і аднавіў доступ пасля выдалення публікацый пра вайну ва Украіне

5 красавіка, BPN. На патрабаванне Раскамнагляда беларускі правайдар заблакаваў доступ да брэсцкага сайта brestnote.by і аднавіў яго пасля выдалення публикацый пра вайну ва Украіне, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Рэдактар сайта Наталля Грынчак распавяла, што 3 красавіка на яе электронную пошту прыйшоў ліст ад правайдэра, які абслугоўвае інтэрнэт-рэсурс. У ім паведамлялася пра рашэнне Раскамнагляда ўнесці інтэрнэт-старонку у “Адзіны рэестр даменных імёнаў, паказальнікаў старонак сайтаў у сетцы Інтэрнэт і сеткавых адрасоў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць сайты ў сетцы інтэрнет, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расійскай Федэрацыі забаронены”.

“Высветлілася, што ў спіс забароненых інтэрнэт-старонак трапіла публікацыя з хронікай падзей ва Украіне ў апошнія дні сакавіка”, — зазначаецца ў рэлізе.

З ліста ад правайдэра таксама вынікала, што з патрабаваннем выдаліць публікацыю выступіла Генеральная пракуратура Расіі.

“Ліст прыйшоў раніцай, а ўжо ўвечары гэтага дня сайт brestnote.by быў заблакаваны не толькі для прагляду, але і для ўваходу ў адміністрацыйную сістэму”, — паведаміла Грынчак.

Уладальніца сайта звярнулася да правайдэра з пытаннем, якое дачыненнне да гэтага мае расійскае ведамства: “Адказ мяне здзівіў. Аказваецца, што Раскамнагляд, які з’яўляецца арганізацыяй, што рэгулюе парадак доступу да інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, мае паўнамоцтвы загадваць інтэрнэт-правайдэрам блакаваць доступ да сайта як па імя дамену, так і па IP-адрасе — у тым ліку на тэрыторыі Беларусі”.

Паводле яе слоў, публікацыю вырашылі прыбраць і паведаміць пра гэта ў тэхнічуную падтрымку, пасля чаго сайт brestnote.by быў разблакаваны.

Падзяліцца: