be
Arrow
Мінск 23:17

Ціханоўская: Групе галаварэзаў удаецца тэрарызаваць Еўропу з дапамогай захопу самалёта або арганізацыі незаконнага ўвозу мігрантаў

10 снежня. Святлана Ціханоўская выступіла на Саміце дэмакратыі, які арганізаваны прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам (9-10 снежня).

Беларускі дэмакратычны лідар нагадала, што з 2020 года ў Беларусі было затрымана 40 тыс. чалавек, многія з іх падвяргаліся катаванням і прыніжэнням.

Паводле яе слоў, больш за 300 тыс. беларусаў былі вымушаны бегчы, больш за 900 прызнаны палітзняволенымі.

“Сярод іх мой муж Сяргей, які, хутчэй за ўсё, будзе асуджаны на 15 ці 20 гадоў пазбаўлення волі на наступным тыдні. Сёння я тут з-за яго. Я не магу мірыцца з тым, што мае дзеці не бачылі свайго бацьку 18 месяцаў. Некаторыя маці ніколі больш не ўбачаць сваіх дзяцей. Як Алена Бандарэнка — маці мастака Рамана Бандарэнкі, забітага рэжымам. Некаторыя дзеці ніколі больш не ўбачаць сваіх бацькоў. Як Насця — дачка Аляксандра Тарайкоўскага, застрэленага ўнутранымі войскамі падчас мірнага пратэсту супраць фальсіфікаваных выбараў”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна заявіла, што не разумее розніцы паміж словамі “very, deeply, strongly concerned” (“мы вельмі, глыбока, моцна занепакоеныя”) і “gravely, extremely, seriously concerned” (“мы надзвычай, сур’ёзна занепакоеныя”).

“Я да гэтага часу не магу зразумець, як адной групе галаварэзаў удаецца тэрарызаваць усю Еўропу — з дапамогай захопу самалёта або арганізацыі незаконнага ўвозу мігрантаў. Чаму гэтыя людзі да гэтага часу не сутыкнуліся з сур’ёзнымі наступствамі за свае бесчалавечныя дзеянні? Нядаўна я пачула ад аднаго міністра замежных спраў: “Мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога не спрацавала”. У яго голасе чуліся расчараванне і стомленасць. На жаль. Але беларусы не могуць сказаць: “Мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога не атрымалася”. Мы не можам вярнуцца дадому. У нас забралі наш дом. І пакуль мы не вернем яго, мы не спынімся”, — заявіла лідар беларускай апазіцыі.

“Уявіце, што ваш сусед — гвалтаўнік. Вы не можаце ігнараваць яго. Але і вы не можаце прымусіць яго змяніцца. Дык што ж вы можаце зрабіць? Вы можаце паспрабаваць супакоіць яго ці задаволіць ягоныя патрабаванні. Але гэта толькі прымусіць крыўдзіцеля адчуць, што ён можа кантраляваць вас, што ён можа маніпуляваць вамі. Бо, калі вы саступлівыя, вы губляеце глебу пад нагамі. 27 гадоў прыгнёту навучылі нас, што прымірэнне ніколі не працуе. Калі вы дасце яму палец, ён адкусіць па локаць”, — лічыць Ціханоўская.

Яна заклікала лідараў краін свету да ўзгодненай падтрымкі і салідарнасці з Беларуссю.

Падзяліцца: