Мінск 18:10

Лукашэнка памілаваў яшчэ 32 чалавекі, 28 з іх былі асуджаныя за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці” (дапоўнена)

Ілюстрацыя: unsplash.com / Ye Jinghan

ліпеняПозірк. Указ аб памілаванні 32 асуджаных падпісаў 1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент прымеркаваны да Дня Незалежнасці (адзначаецца 3 ліпеня).

28 з памілаваных асуджаныя за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, гаворыцца ў паведамленні.

Вызвалена 20 жанчын і 12 мужчын.

Заяўляецца, што рашэнне прынятаt “на падставе прынцыпу гуманізму ў дачыненні да асуджаных і іх сем’яў”.

“Усе яны хадайнічалі аб памілаванні, прызнаючы віну і раскайваючыся”, — сцвярджае прэс-служба аўтара ўказа.

Год таму Лукашэнка да Дня Незалежнасці памілаваў удвая менш асуджаных — 16, дакладная колькасць тых з іх, каму былі інкрымінаваныя “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, тады не паведамлялася.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца з ліпеня 2024 года. Раней было не менш за 14 хваляў памілаванняў на падставе аналагічных указаў, у выніку якіх на волю выйшла каля 370 чалавек. Паралельна вязняў перыядычна вызваляюць і (часткe з іх) высылаюць з краіны ў рамках дамоўленасцяў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Лукашэнкам.

Разам з тым праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў (апошні раз — 30 чэрвеня). Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы вызваленне 28 палітвязняў, адзначыла, што гэтая навіна “перш за ўсё, стала палёгкай для іх родных: для тых, хто быў разлучаны з блізкімі і жыў надзеяй на момант сустрэчы”.

“Пры гэтым нельга забываць: у беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў, і ўсе яны павінны быць вызваленыя. Мы чакаем дома кожнага і кожную”, — заявіла палітык.

Падзяліцца: