Мінск 17:06

Вынесены прыгавор за “дзяржздраду” сям’і Корсакавых: бацькі асуджаныя на 14 і 12 гадоў зняволення, дачка, якая жыве ва Украіне, — на 11

Крыніца фота: тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра "Вясна"

11 чэрвеня, Позірк. Мінскі гарадскі суд 10 чэрвеня вынес прыгавор па справе сям’і Корсакавых, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Пелагея Корсакава, якая пражывае ва Украіне, прыгавораная завочна да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Яе бацькі — Дзмітрый і Таццяна Корсакавы — асуджаныя адпаведна на 14 і 12 гадоў зняволення, паведамляе выданне “Салідарнасць”. Яны знаходзяцца ў няволі.

Праваабаронцы адзначаюць, што Таццяне Корсакавай 57 гадоў. Паводле звестак аб’яднання BelPol, яна працавала выхавальніцай у мінскім дзіцячым садку № 518.

58-гадовы Дзмітрый Корсакаў працаваў у тым жа садку рабочым. Раней займаўся аўтабізнесам — дастаўляў з-за мяжы аўтамабілі на продаж.

28-гадовая Пелагея Корсакава раней таксама працавала дашкольным педагогам.

Раней паведамлялася, што Дзмітрыю і Таццяне Корсакавым інкрымінаваныя ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 3331 (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў) КК.

Пелагея абвінавачвалася паводле ч. 1 арт. 356 КК.

Падрабязнасці крымінальнай справы невядомыя.

Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі з 2020 года.

Падзяліцца: