Мінск 22:27

Па справе аб атручэнні дзяцей у Мінскай вобласці затрыманы падазраваны

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

9 чэрвеня, Позірк. Падчас расследавання справы па факце масавага атручэння дзяцей у Мінскай вобласці Следчы камітэт выявіў парушэнні санітарна-эпідэміялагічных норм, дапушчаныя работнікам падчас вытворчага працэсу, якія прывялі да цяжкіх наступстваў.

Згодна з інфармацыяй СК, затрыманы падазраваны ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 336 КК (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, вызначаных тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных норм і правіл, гігіенічных нарматываў).

Адзначаецца, што з затрыманым “праводзяцца следчыя дзеянні”, высвятляюцца іншыя пацярпелыя. Прадукцыя, якая, як мяркуецца, выклікала атручэнне, “адкліканая і вынятая з мэтай недапушчэння яе далейшай рэалізацыі”. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

“Цяпер у рамках рэагавання і выпраўлення парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню злачынства, следчыя праводзяць маштабную прафілактычную працу з прадпрыемствамі гэтай галіны па ўсёй краіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі СК, “да кіраўніцтва і работнікаў даведзеныя патрабаванні пра неабходнасць датрымлівацца санітарных норм і правілаў у ходзе тэхналагічных працэсаў, з мэтай недапушчэння наступлення цяжкіх наступстваў”.

У ходзе праверкі высветлілася, што такія парушэнні не з’яўляюцца сістэмнымі і не маюць масавы характар. Іншых парушэнняў такога кшталту не зафіксавана.

2 і 3 чэрвеня ў бальніцы Мінскай вобласці сталі звяртацца праз стан дзяцей з сімптомамі, якія “не выключаюць кішачную інфекцыю”. У прыёмны пакой Барысаўскай ЦРБ паступіла 30 дзяцей, 27 былі шпіталізаваныя. Пазней стала вядома яшчэ пра 13 пацярпелых у іншых населеных пунктах вобласці.

З бальніцы Барысава дзяцей паступова выпісалі, апошняга — 5 чэрвеня.

4 чэрвеня стала вядома, што Генеральная пракуратура ініцыявала праверку па факце атручэння дзяцей у дашкольных установах. Па яе выніках упраўленне СК па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 336 КК.

8 чэрвеня санітарна-эпідэміялагічная служба Міністэрства аховы здароўя канфіскавала з абарачэння прадукцыю ТАА “Біямалпрам”, якая магла стаць прычынай масавага атручэння дашкольнікаў.

Падзяліцца: