Мінск 22:21

У Буда-Кашалёўскім раёне аўтамабіль урэзаўся ў бетонную агароджу — кіроўца загінуў, пасажыр шпіталізаваны

Фота: ДАІ Гомельскай вобласці

9 чэрвеня, Позірк. Смяротная аварыя адбылася ранкам 9 чэрвеня ў Буда-Кашалёўскім раёне, паведамляе ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі па Гомельскай вобласці.

Паводле папярэдняй інфармацыі службы, каля 5:30 42-гадовы кіроўца аўтамабіля “Аўдзі” ў вёсцы Уза не даў рады кіраванню, сышоў у занос і ўрэзаўся ў бетонную агароджу.

Кіроўца загінуў на месцы, яго 34-гадовы пасажыр шпіталізаваны з траўмамі.

На фоне здарэння ДАІ заклікала кіроўцаў да пільнасці, нагадала, што ў дарозе “забаронена адцягваць увагу ад кіравання аўтамабілем”, а хуткасць трэба выбіраць у адпаведнасці з дарожным становішчам і часам сутак.

“Кіроўца, роўна як і ўсе яго пасажыры, падчас руху павінны быць прышпіленыя рамянямі бяспекі”, — падкрэсліла служба.

На мінулым тыдні ў гэтым жа раёне Гомельскай вобласці ў дарожна-транспартным здарэнні загінула два чалавекі.

Паведамлялася, што ўвечары 5 чэрвеня на дарозе Н-4631 (Буда-Кашалёва — Пыцькоўка) 27-гадовы кіроўца JAC “адцягнуў увагу ад кіравання і выехаў на паласу сустрэчнага руху”, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем “Жыгулі”. 55-гадовы кіроўца і 53-гадовая пасажырка апошняга сутыкненне не перажылі.

Падзяліцца: