Мінск 22:22

У Латвіі затрыманыя чатыры перавозчыкі мігрантаў, што незаконна трапілі ў краіну з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

9 чэрвеня, Позірк. Напрыканцы мінулага тыдня супрацоўнікі латвійскіх сілавых структур затрымалі чатырох чалавек за перавозку мігрантаў, што незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, 5 чэрвеня быў спынены аўтамабіль пад кіраваннем грамадзяніна Украіны, у салоне якога “знаходзіліся дзевяць асоб азіяцкага паходжання без сапраўдных праязных дакументаў, віз і дазволаў на знаходжанне”. Усе яны, як заяўлена, “раней незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу”.

У той жа вечар вайскоўцы Нацыянальных узброеных сіл спынілі аўтамабіль, якім кіраваў грамадзянін Літвы. У салоне аўто былі “тры асобы азіяцкага паходжання”, што таксама незаконна перасеклі мяжу.

6 чэрвеня быў спынены аўтамабіль, у салоне і багажніку якога знаходзіліся “чатыры асобы азіяцкага паходжання” без дакументаў, віз і дазволаў на знаходжанне, якія раней нелегальна перасеклі мяжу з тэрыторыі Беларусі. Кіроўцу і пасажыру — грамадзянам Польшчы — ставіцца ў віну перавозка асоб, якія парушылі мяжу, і дапамога ў іх перавозцы адпаведна.

У дачыненні да ўсіх згаданых перавозчыкаў і памагатага распачаты крымінальны працэс “за незаконнае перамяшчэнне асобы праз дзяржаўную мяжу ў перыяд дзеяння рэжыму ўзмоцненай аховы мяжы або надзвычайнай сітуацыі, абвешчанай у сувязі з пагрозай недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы, незалежна ад месца здзяйснення дзеяння на тэрыторыі Латвіі”.

Сёлета Дзяржпагранахова Латвіі ўзбудзіла 64 крымінальныя справы (з якіх 19 выдзеленыя з раней пачатых працэсаў) за незаконнае перамяшчэнне асоб і (або) забеспячэнне асобам магчымасці незаконна знаходзіцца ў краіне. Гэтыя працэсы тычацца 52 чалавек.

75 дзён запар — з 25 сакавіка — Латвія фіксуе спробы парушэння мяжы мігрантамі, якія імкнуцца трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь, сведчыць праведзены Позіркам аналіз масіву даных латвійскай памежнай службы.

За гэты час такіх спробаў зафіксавана 4.814, ад пачатку года — 4.955, у тым ліку за першы тыдзень чэрвеня — 501.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: