Мінск 18:35

Маці і сястра экс-палітзняволеных Міронцавых прысуджаныя да абмежавання волі па месцы жыхарства

Ілюстрацыя: Dissidentby

24 траўня, Позірк. Да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) прысуджаныя Лукер’я Міронцава і яе дачка Вераніка, паведамляе выданне “Наша Ніва”.

Тэрмін пакарання не называецца. Адзначаецца, што маці з дачкой вызваленыя пасля вынясення прысуду.

Жанчын абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (замах на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Пра затрыманне ў рамках крымінальнай справы Лукер’і Міронцавай і яе дачкі Веранікі паведамлялася 28 снежня 2025 года.

15 студзеня 2026-га праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

Лукер’я Міронцава — маці трох сясцёр, якія ў жніўні 2020 года заступіліся у Мінску за пратэстоўцаў, якіх збівалі супрацоўнікі АМАП МУС. Пасля яны былі падвергнутыя палітычнага пераследу.

Анастасія Міронцава — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — пасля затрымання 16 кастрычніка 2020 года была прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі за “актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч.1 арт. 342 КК) і “гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі” (арт. 364 КК).

Выйшла на волю ў чэрвені 2022 года, адбыўшы тэрмін зняволення.

Былая навучэнка мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка Вікторыя Міронцава была асуджаная на 2,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 342, арт. 364 і арт. 363 (супраціў супрацоўніку міліцыі) КК.

Выйшла на волю ў снежні 2022-га.

Праваабаронцы прызналі Анастасію і Вікторыю Міронцавых палітычнымі зняволенымі.

Аляксандра Міронцава пакінула Беларусь у 2020 годзе пад пагрозай палітычнага пераследу.

Падзяліцца: