Мінск 12:03

МУС: За суткі ў міліцыю паступіла каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрыманыя чацвёра кур’ераў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

24 траўня, Позірк. За мінулыя суткі, 23 траўня, у міліцыю паступіла каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

“Дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян пераважная большасць злачынстваў папярэджана! Зарэгістравана 25 злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, — адзначае ведамства.

Паведамляецца, што заблакаваная магчымасць “здзяйснення плацяжоў на адрас 78 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі”.

Затрыманыя чацвёра кур’ераў, якія працавалі “ў інтарэсах аферыстаў”, у іх ліку двое замежнікаў, у затрыманых канфіскавана каля 30 тыс. рублёў.

“Па спосабе здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў лідзіруе вішынг ад імя службовых асоб (тэлефонныя махлярствы). Затым ідуць купля тавараў у інтэрнэце, крадзяжы з выкарыстаннем сацсетак і гандаль на фінансавых біржах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляў Позірк, 22 красавіка супрацоўнікі сталічнага крымінальнага вышуку затрымалі двух 21-гадовых грамадзян “суседняй краіны“, якія, паводле звестак МУС, “працавалі кур’ерамі тэлефонных махляроў“. 14 красавіка паведамлялася, што ў Мінску затрыманыя 18-гадовыя кур’еры махляроў, якія прыехалі “з суседняй краіны“.

Часта сілавыя ведамствы выкарыстоўваюць фармулёўку “суседняя краіна”, калі не хочуць прама паказваць на прыналежнасць фігурантаў злачынстваў да Расіі.

У 2020 годзе было зарэгістравана 4.290 супрацьпраўных дзеянняў па факце, кваліфікаваных, як махлярства, у 2021-м — 4.744 (+10,6% — тут і далей да папярэдняга года), 2022-м— 7.384 (+55,6%), 2023-м— 11.715 (+58,7%), 2024-м— 12.774 (+9%), 2025-м — 11.204 (-12,3%).

Такім чынам, за пяць гадоў колькасць злачынстваў дадзенай катэгорыі павялічылася ў 2,6 раза.

Падзяліцца: