Мінск 22:14

Рыжанкоў здзейсніць візіт у Казахстан

Архіўнае фота: lidanews.by

13 красавіка, Позірк. Візіт міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова ў Казахстан анансавала 13 красавіка знешнепалітычнае ведамства.

Візіт пачнецца 14 красавіка. Адзначаецца, што з удзелам Рыжанкова плануецца адкрыццё генеральнага консульства Беларусі ў Алматы.

Таксама ў праграме “сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях“, наведванне “прадпрыемстваў з беларускім капіталам“, адкрыццё “новых аб’ектаў гандлю беларускімі таварамі” і інш.

5 лютага паведамлялася, што тавараабарот Беларусі і Казахстана перавысіў 1 млрд долараў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з старшынёй Мажыліса (ніжняй палаты) казахстанскага парламента Ерланам Кашанавым, які прыбыў у Беларусь.

На сайце амбасады Беларусі ў Астане адзначаецца, што па аб’ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Мінска і з’яўляецца другім сярод краін СНД. Даных па аб’ёмах двухбаковага гандлю замежная ўстанова не прыводзіць.

Як заяўляў у лістападзе мінулага года амбасадар у Казахстане Аляксей Багданаў, улады Беларусі імкнуцца да таго, каб “у бліжэйшыя два гады дасягнуць узроўню ў 1,5 млрд долараў”. “А ў перспектыве дзесьці да 2030 года, магчыма, выйдзем і на 2 млрд долараў”, — казаў дыпламат.

Дыпламатычныя адносіны Беларусі з Казахстанам устаноўленыя 16 верасня 1992 года. У дзвюх краінах адкрыты амбасады.

Падзяліцца: