Мінск 18:59

У Мінску на будоўлі загінуў рабочы

Відэа: СК Стоп-кадр: “Позірк”

13 красавіка, Позірк. 38-гадовы арматуршчык загінуў на будоўлі ў Мінску 13 красавіка, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле папярэдніх звестак, мужчына, выконваючы работы па страпоўцы, узлез на металічны шчыт апалубкі і апынуўся заціснуты паміж ім і прамысловым абсталяваннем.

Ад атрыманых траўмаў рабочы памёр на месцы.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Праводзіцца “агляд, фіксуецца следавая карціна, апытваюцца відавочцы, адбіраецца дакументацыя па пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі“, гаворыцца ў паведамленні. Асаблівую ўвагу следчыя нададуць “высвятленню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі гібелі рабочага”.

На вытворчасці ў 2025 годзе траўмавана 1.835 работнікаў, з іх са смяротным зыходам — 103, паведамляла раней Генеральная пракуратура.

Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у 2024 годзе на вытворчасці траўмавалася 1.849 чалавек (-1 да 2023-га).

Колькасць загінулых на вытворчасці скарацілася са 117 да 105. Гэта быў гістарычны мінімум за ўсе гады існавання Беларусі, сцвярджала Мінпрацы. Такім чынам, паказчык 2025 года стаў новым гістарычным мінімумам.

Гл. таксама:

У Барысаве на пілараме загінуў рабочы — яго прыціснула бервяном

У Лунінецкім раёне загінуў 41-гадовы рабочы, распачатая крымінальная справа

У гібелі рабочага ў Мінску мінулай вясной абвінавачаны адказны за тэхніку бяспекі

Падзяліцца: