Мінск 19:07

У першым квартале 2026 года найбольш падаражэлі паездкі на прыгарадных аўтобусах, гарадскім транспарце і перасылка лістоў

Ілюстрацыя: "Позірк"

12 красавіка, Позірк. Паездкі на прыгарадных аўтобусах, гарадскім транспарце і перасылка лістоў найбольш падаражэлі сярод несезонных паслуг і тавараў за першы квартал 2026 года, сведчыць праведзены Позіркам аналіз звестак Белстата.

Кошт праезду на прыгарадных аўтобусах вырас на 25,88%, перасылкі простых лістоў масай да 20 г унутры краіны і за мяжу — на 20,95%, праезду гарадскім транспартам — на 16,37% пры агульным росце спажывецкіх цэн на 1,62%.

У пяцёрцы паслуг, якія падаражэлі найбольш, таксама квіткі на міжгароднія аўтобусы (+14,47%) і ў музеі (+14,05%). Патаннелі толькі квіткі ў цырк (-7,48%).

Сярод несезонных харчовых тавараў найбольш прыкметна павысіліся цэны на соль (+11,51%), айчынныя цыгарэты (уключаюцца ў харчовую групу) (+9,90%), соду (+9,46%), марожаную неразабраную рыбу (траска, скумбрыя) (+5,53%) і кансерваваную садавіну (+4,94%).

Сярод сезонных у лідарах па падаражэнні памідоры (+33,72%), вінаград (+26,97%), авакада (+23,86%), салодкі перац (+19,76%) і бананы (+10,40%).

У групе нехарчовых тавараў найбольш падаражэлі жывыя зрэзаныя кветкі (+12,13%), USB-назапашвальнікі, карты памяці (+11,20%), ювелірныя вырабы (+8,33%), штодзённыя газеты (+8,26%), персанальныя кампутары і ноўтбукі (+7,31%).

Больш падрабязны аналіз статыстыкі даступны падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: