Мінск 15:26

Літва зафіксавала рэкордную з лістапада мінулага года колькасць спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі

Ілюстрацыя: unsplash.com

12 красавіка, Позірк. Рэкордную з лістапада 2025 года колькасць спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з трэціх краін з тэрыторыі Беларусі — 36 — зафіксавала 11 красавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы, сведчыць праведзены Позіркам аналіз аператыўных даных ведамства.

Летась 31 кастрычніка было адзначана 63 спробы. Да канца года штосутачна рэгістравалася ад 1 да 26 спробаў, а 47 дзён з 61 парушэнні не адзначаліся.

У 2026 годзе спакойна было 73 дні з 101. У астатнія дні фіксавалася ад 1 да 35 спробаў. З 5 красавіка спробы нелегалаў трапіць у Літву адзначаюцца штодня.

З пачатку красавіка САДМ зарэгістравала 200 спробаў незаконнага пераходу з Беларусі ў Літву (за той жа перыяд 2025-га — 55; рост у 3,6 раза), з пачатку года — 389 (258; +50,8%).

Спыненне нелегальнай міграцыі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа называў адной з умоў аднаўлення дыялогу з Мінскам.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай“, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі“, а сам ЕС “душыць“ Мінск санкцыямі.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: