Мінск 12:14

Ціханоўская: Няхай Вялікдзень умацуе нашу веру ў тое, што дабро і праўда абавязкова перамогуць

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

12 красавіка, Позірк. Падзеяй, якая “вярнула веру, надзею і ўпэўненасць у лепшай будучыні”, назвала Уваскрасенне Хрыста ў віншаванні з праваслаўным Вялікаднем 12 красавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, нават “у самыя цёмныя часы адбываюцца рэчы, якія нагадваюць пра сілу веры і надзеі”.

“Усім нам час ад часу патрэбны цуд — нават самы маленькі — які можа падтрымаць і даць сілы рухацца далей. І гэтыя цуды сапраўды адбываюцца: трэба толькі быць уважлівымі, каб заўважаць іх і верыць у лепшае”, — адзначыла палітык.

“Няхай гэтае свята ўмацуе нашу веру ў тое, што дабро і праўда абавязкова перамогуць”, — сказала яна.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінантнай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй, а Беларускі экзархат ёсць часткай РПЦ.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, што ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па 21 сакавіка 2026-га, згодна з данымі ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 93 хрысціянскія служыцелі: каталіцкага касцёла — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: