Мінск 13:33

Інфляцыя ў сакавіку склала 0,6%, з пачатку года цэны выраслі на 1,6% — Белстат (падрабязна)

Ілюстрацыя: daliz.finance

10 красавіка, Позірк. Спажывецкія цэны ў сакавіку 2026 года выраслі на 0,6%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары за месяц падаражэлі на 0,3%, нехарчовыя — на 0,5%, паслугі — на 1,2%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 1,6%: харчовыя тавары — на 1,7%, нехарчовыя — на 0,8%, паслугі — на 2,6%.

У гадавым выражэнні (да сакавіка 2025-га) цэны сталі вышэйшымі на 5,4%: харчовыя тавары — на 7,8%, нехарчовыя — на 2,2%, паслугі — на 6%.

27 лютага кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка заявіў, што за мінулы перыяд лютага інфляцыя знаходзіцца на нізкім узроўні — 0,2%.

“Гэта істотна ніжэй, чым было годам раней (у лютым 2025-га цэны выраслі на 1,3%. — “Позірк”.). Гэта цалкам аб’ектыўная тэндэнцыя, якая адлюстроўвае зніжэнне ўплыву праінфляцыйных фактараў і ўплыў фактараў дэзінфляцыйных”, — сказаў чыноўнік.

26 лютага першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская заявіла дзяржСМІ, што цяпер сітуацыя са спажывецкімі цэнамі знаходзіцца ў “рамках устаноўленых прагнозных параметраў“.

“Будзем старацца, каб і ў наступным вытрымаць пастаўлены рытм. Па лютым мы ацэньваем інфляцыю на ўзроўні 0,3%”, — падкрэсліла чыноўніца.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджаным Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшым прагнозным параметрам развіцця краіны на 2025 год, цэны не павінны былі вырасці больш, чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зводзе важнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у люты (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%).

Далей: красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, згодна з вынікамі штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: