Мінск 12:29

Пад Слонімам затрыманы замежнік з мефедронам, які спрабаваў даць хабар супрацоўнікам МУС

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

10 красавіка, Позірк. Аб затрыманні 29-гадовага “грамадзяніна суседняй краіны“, які перавозіў псіхатроп і спрабаваў даць хабар супрацоўніку міліцыі, паведаміла прэс-служба МУС.

Адзначаецца, што аўтамабіль замежніка быў спынены паблізу Слоніма (Гродзенская вобласць).

Падчас агляду ў кіроўцы “выявілі асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва мефедрон“, якое ён “спрабаваў схаваць”.

Паводле інфармацыі МУС, каб “пазбегнуць прававых наступстваў“, замежнік вырашыў “дамовіцца на месцы” і прапанаваў міліцыянерам хабар у памеры 15 тыс. рублёў. Адзначаецца, што мужчына быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці, аднак не адрэагаваў на гэта і “працягваў настойваць на перадачы грошай“.

Распачатыя крымінальныя справы за “незаконнае захоўванне наркотыкаў“ (ч. 1 арт. 328 КК) і “замах на дачу хабару”, гаворыцца ў паведамленні.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: