Мінск 13:34

Грамадзянін Беларусі затрыманы ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт

Фота: паліцыя Падляскага ваяводства

9 красавіка, Позірк. Двое мужчын — грамадзяне Беларусі і Польшчы — затрыманыя за кантрабанду цыгарэт з дапамогай паветраных шароў, паведамляе паліцыя Падляскага ваяводства (Польшча).

Канфіскавана больш за 7.500 пачкаў цыгарэт. Падазраваным выстаўленыя абвінавачванні “ў тым ліку ў дачыненні да злачыннай групы і мытнай кантрабанды”, гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што 24-гадовы паляк і 36-гадовы беларус арыштаваныя на тры месяцы. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

“Злачынная групоўка здзейсніла злачынства і зрабіла яго пастаяннай крыніцай даходу. Яны ўдзельнічалі як у куплі абсталявання для стварэння паветраных шароў, так і ў самой кантрабандзе. Акрамя таго, яны ўдзельнічалі ў атрыманні нелегальных цыгарэт з месцаў пасадкі паветраных шароў, пагрузцы і транспартаванні на месцы захоўвання для далейшага перапродажу”, — паведамляе паліцыя.

Цыгарэты, як заяўляецца, захоўваліся ў гаражы, аўтамабілі і па месцы жыхарства аднаго з падазраваных.

Прадухіленая страта для польскага бюджэту на суму каля 270 тыс. злотых (каля 73 тыс. долараў).

У затрыманых таксама канфіскавана 20 тыс. злотых (5,4 тыс. даляраў) і 20 тыс. долараў.

31 сакавіка паведамлялася аб затрыманні 10 грамадзян Беларусі ў складзе “міжнароднай тытунёвай злачыннай групы”.

Група ў складзе 12 чалавек дзейнічала на тэрыторыі Паморскага і Мазавецкага ваяводстваў. Акрамя беларусаў, затрымана па адным грамадзяніну Латвіі і Польшчы.

Канфіскавана амаль 17 тон тытунёвай сыравіны і рэзанага тытуню, больш за 4,1 млн цыгарэт. Кошт канфіскаваных падакцызных тавараў перавышае 9 млн злотых (2,1 млн еўра).

30 сакавіка паведамлялася, што перавозку каля 1,8 млн кантрабандных цыгарэт спынілі супрацоўнікі Надбужанскага аддзела памежнай аховы і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы. Кошт кантрабанды перавышае 1,5 млн злотых (больш за 350 тыс.еўра). Частка цыгарэт была беларускай вытворчасці.

23 сакавіка паведамлялася, што з пачатку 2026 года Падляскі атрад памежнага ведамства выявіў кантрабанду, перапраўленую з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэазондаў, на агульную суму больш за 3,3 млн злотых (звыш 775 тыс. еўра).

Аб затрыманні кантрабандных цыгарэт з Беларусі рэгулярна рапартуюць як польскія, так і літоўскія ведамствы.

Падзяліцца: