Мінск 15:56

Анастасія Махамет прызначаная на пасаду намесніцы прадстаўніцы АПК па сацпалітыцы

Анастасія Махамет
Фота: прэс-служба АПК

8 красавіка, ПозіркАнастасія Махамет прызначаная на пасаду намесніцы прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы, паведамляе прэс-служба АПК.

Кандыдатуру ўзгадніла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская — “у адпаведнасці з зацверджанай працэдурай”.

Махамет будзе займацца працай з дабраахвотнікамі і іх сем’ямі. Гэты кірунак прадстаўніца па сацпалітыцы Вольга Зазулінская назвала “вельмі важным для прадстаўніцтва і ўсяго АПК”. Паводле слоў Зазулінскай, Махамет “мае адпаведны досвед і ўцягнутасць у тэму”.

Анастасія Махамет паходзіць з Івацэвічаў (Брэсцкая вобласць). Мае медычную адукацыю і досвед працы медыкам. Ёсць адным з заснавальнікаў незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Напрыканцы 2021 года была вымушана пакінуць краіну, не скончыўшы інтэрнатуру.

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе далучылася да беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку ўкраінскага народа. Займала пасаду камандзіра медыцынскай роты, забяспечвала арганізацыю меддапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеянняў. У 2025 годзе завяршыла вайсковую службу праз стан здароўя. Мае баявыя ўзнагароды і статус ветэрана.

25 верасня 2024 года стала вядома, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Лукашэнкі.

24 красавіка 2025 года паведамлялася, што Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў да доўгіх тэрмінаў зняволення пяць кіраўнікоў падраздзяленняў і байцоў ПКК. Сярод іх была Махамет — яе асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі.

16 траўня 2025 Міністэрства ўнутраных спраў дадало Махамет у спіс “асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. У чэрвені таго ж года Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс жанчыну ў пералік “фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Падзяліцца: