Мінск 14:19

Латушка заснаваў прэмію для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў Гайнуўскім ліцэі

Фота на старонцы Гайнуўскага ліцэю ў "Фэйсбуку"

8 красавіка, Позірк. Штогадовую грашовую прэмію для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў II агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнуўцы (Падляскае ваяводства Польшчы) заснаваў з уласных сродкаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, гэтая ініцыятыва “закліканая адзначыць высокі прафесіяналізм і адданасць педагогаў, якія на Падляшшы захоўваюць і папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю”.

Адзначаецца, што “рашэнне аб кандыдаце прынятае ў гэтым годзе і будзе прымацца ў будучым кіраўніцтвам Гайнуўскага ліцэю”. Узнагароду плануецца ўручыць падчас урачыстай цырымоніі заканчэння навучальнага года 26 чэрвеня.

“Настаўнікі адыгрываюць выключную ролю ў лёсе нацыі, бо менавіта яны з малых гадоў прывіваюць дзецям любоў да беларушчыны, — адзначыў Латушка. — Варта ўспомніць, што песняры беларускага слова — Купала і Колас — працавалі настаўнікамі. Асобную важнасць мае падтрымка беларускай меншасці на Падляшшы. Гэты рэгіён з’яўляецца ўнікальным асяродкам, дзе ў рамках польскага грамадства стагоддзямі жыве і развіваецца беларуская традыцыя і мова”.

Палітык падкрэсліў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмаўляецца падтрымліваць беларускую культуру як унутры краіны, так і па-за яе межамі.

Паведамляецца, што з ініцыятывы Латушкі таксама заснаваная грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня”.

29 ліпеня 2025 года паведамлялася, што ў першы клас згаданага ліцэю прынятая рэкордная колькасць дзяцей — 102.

У Гайнуўцы — горадзе з насельніцтвам каля 20 тыс. чалавек, што месціцца ў 30 км ад беларускай мяжы, — пражывае шмат этнічных беларусаў. Пасля падзелу Польшчы ў рамках пакта Молатава-Рыбентропа ўвосені 1939 года рэгіён быў уключаны ў склад Брэсцкай вобласці БССР, дзе знаходзіўся да ўварвання гітлераўскіх войскаў у СССР у чэрвені 1941-га. Пасля вайны зноў увайшоў у склад Польшчы.

II агульнаадукацыйны ліцэй у 2018, 2019, 2020, 2022, 2024 і 2025 гадах займаў 2-е месца ў рэйтынгу сярэдніх школ Падляскага ваяводства. Заснаваны ў 1949 годзе.

Падзяліцца: