Мінск 19:19

Рыжанкоў прыняў копіі даверчых грамат амбасадара КНДР

Фота: МЗС

7 красавіка, Позірк. Аб прыняцці міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым копій даверчых грамат амбасадара КНДР у Беларусі Чы Гён Су паведаміла 7 красавіка прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што падчас цырымоніі “суразмоўцы пацвердзілі нацэленасць на далейшае развіццё і паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і КНДР у розных сферах”. Асаблівая ўвага была ўдзелена “рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе візіту ў Пхеньян на вышэйшым узроўні”.

Чы Гён Су стане другім амбасадарам сваёй краіны, акрэдытаваным у Мінску не па сумяшчальніцтве. Першым стаў Зу Зэн Бон, які ўручыў граматы Аляксандру Лукашэнку ў лістападзе 2020 года. Да гэтага амбасадары КНДР акрэдытоўваліся ў Беларусь па сумяшчальніцтве з Масквы.

27 сакавіка Рыжанкоў у каментарыі дзяржСМІ па выніках афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў КНДР заявіў, што Мінск і Пхеньян будуць “прапрацоўваць пытанні” аб адкрыцці беларускай амбасады ў Паўночнай Карэі і падрыхтоўцы пагаднення аб бязвізавых паездках грамадзян.

Гаворачы аб сустрэчы Лукашэнкі і старшыні Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ына, кіраўнік МЗС заявіў пра “хімію”, якая “адразу ўзнікла паміж лідарамі дзвюх краін”.

“Агульны погляд на пытанні светабудовы, на развіццё сваіх дзяржаў, сацыяльную накіраванасць гэтага развіцця — усё гэта з’яўляецца цэментуючай асновай для выбудоўвання супрацоўніцтва па самым шырокім коле пытанняў”, — сказаў Рыжанкоў.

Міністр таксама заявіў, што гісторыі Беларусі і КНДР “вельмі падобныя” тым, што права на незалежнасць і суверэнітэт краіны “заваявалі ў жорсткай барацьбе коштам мільённых страт” і што “сёння пры руху ўласным шляхам развіцця вымушаныя адбівацца ад тых, хто хацеў бы, каб мы жылі па-іншаму”.

Візіт Лукашэнкі ў КНДР праходзіў 25–26 сакавіка.

26 сакавіка па выніках перамоваў Лукашэнкі і Кім Чэн Ына падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.

Лукашэнка падчас візіту запрасіў Кім Чэн Ына ў Беларусь.

Падзяліцца: